Мнение Нины Рыбик: Автобои на выживание – бог пальцем погрозил?

11:04 / 28.05.2019
1909
Уражанні ад небывалага па напалу, відовішчнасці і драйву аўтамабільнага шоу «Бітва машын», што ўпершыню прайшло на Астравеччыне, сапсавала ладная лыжка дзёгцю: траўма аднаго з гледачоў. 

Не бяруся рабіць высновы, з-за чаго так атрымалася і хто вінаваты, – справай займаецца Следчы камітэт, ён і расставіць кропкі над «і». Тым больш, што я, здаецца, засталася адной з нямногіх, хто не быў сведкам гэтага відовішчнага мерапрыемства. Але, праглядваючы ў сацыяльных сетках сотні фотаздымкаў і дзясяткі відэа, чытаючы шматлікія каментарыі, сярод якіх пераважная большасць з па­дзякай арганізатарам за цудоўнае шоу, я ўсё ж вырашыла ўставіць свае пяць капеек і напісаць пра тое, пра што даўно збіралася – глядацкую культуру нашых людзей. Якая, як мне здаецца, пакідае жадаць лепшага – і гэта мякка кажучы.

Калі нават на фота і відэа назіраеш бітву на выжыванне жалезных коней, думка «Не дай бог трапіць ім пад колы» не-не, ды і ўзнікае.

 А вось у людзей, якія – гэта бачна на фотаздымках – гронкамі віселі на агароджы і нават на даху дома, гэтага страху, падобна, няма. Такое ўражанне, што яны назіраюць за бітвай машын з экранаў манітораў… 

Так, відавочцы расказвалі, што гледачоў было нашмат больш, чым першапачаткова разлічвалі арганізатары, што іх неаднаразова папярэджвалі пра правілы бяспекі – але праз некалькі хвілін «казырныя» месцы, адкуль усё відаць, зноў акупіравалі самыя адчайныя. І, назіраючы за гэтай вакханаліяй, можна, паспачуваўшы траўміраванаму гледачу, усё ж парадавацца, што ўсё закончылася толькі зламанай нагой – як кажуць, бог толькі пальцам пагразіў… Хоць чалавеку, які знаходзіцца ў бальніцы, суцяшэнне ад гэтага, мусіць, слабае. 

 Зараз многія баяцца, што гэты інцыдэнт  спыніць развіццё добрай справы і яркай ініцыятывы. Іншыя вінавацяць арганізатараў аўтабаёў. Так прынята: паставіў подпіс – і за ўсё ў адказе. Але натоўп цяжка арганізаваць нават спецыяльна навучаным гэтаму людзям. Асабліва, калі натоўп не хоча арганізоўвацца і кожны лічыць, што раз білет куплены – значыць, за ўсё заплачана і ўсё можна! 

Я – ды і вы, думаю, таксама! – назірала падобныя паводзіны астравецкіх гледачоў неаднойчы. Чамусьці цяжка ўявіць падобнае ў сталічным тэатры ці канцэрт­най зале, і нават на масавым мерапрыемстве.…

…Ідзе канцэрт. Сур’ёзная музыка, недзіцячыя песні, канферанс з двухсэнсоўнымі жартамі… А ў зале – дзеці, прычым, як цяпер пішуць у анонсах, 3+. Я ўсё разумею: магчыма, бацькам ці бабулям-дзядулям вельмі хацелася паглядзець гэты канцэрт ці проста «выйсці ў людзі», а сына, дачку, унука не было з кім пакінуць. Але ж нельга ад малых патрабаваць, каб яны гадзіну ці нават болей спакойна прасядзелі на каленях у бацькоў! Зразумела, дзецям становіцца сумна, яны пачынаюць капрызіць, хныкаць, прасіцца на вуліцу, а дарослыя – іх супакойваць, выводзіць з залы, пера­шкаджаючы тым самым іншым гледачам. 

У лепшым (ці сапраўды ў лепшым?) выпадку дзеці пачынаюць танцаваць перад сцэнай, а самыя смелыя адчайна ўзбірацца наверх, да артыстаў. Дарослыя з замілаваннем за гэтым назіраюць... 

Тое ж тычыцца і канцэртаў у амфітэатры лесапарка, калі бацькі адпраўляюць сваіх дзетак патанцаваць з артыстамі. Чамусьці ніхто не думае, што мілая сцэна можа скончыцца вялікай бядой, калі артыст, заняты выступленнем, не заўважыць пад нагамі малечу. 

Я ўжо маўчу пра такую «дробязь», з якой, мне здаецца, усё і пачынаецца, як спазненне на канцэрт на 5-10, а то і больш хвілін – гэта для астравецкіх гледачоў ужо стала нормай; хаджэнне туды-сюды падчас дзейства на сцэне; размовы па тэлефоне… 

Можа, людзям здаецца, што такія паводзіны дадаюць ім аўтарытэту, бо сведчаць пра іх надзвычайную занятасць  ці запатрабаванасць? Але няхай яны не цешаць сябе: такая непавага да артыстаў на сцэне і гледачоў у зале завецца куды прасцей: гэта – звычайнае хамства! Якое пачынаецца з размоў па мабільніку падчас канцэрта ці спектакля, працягваецца выпіхваннем свайго найлепшага ў свеце дзіцяці на сцэну, каб усе маглі ацаніць яго «ўнікальнасць», – а заканчваецца такімі драматычнымі падзеямі, як на астравецкіх аўтабаях. 

І яшчэ добра, калі толькі такімі…

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений