Медали II Европейских игр представили в Мирском замке

12:06 / 21.05.2019
577

Арганізатары ІІ Еўрапейскіх гульняў прэзентавалі журналістам у Мірскім замку медалі маючага адбыцца спартыўнага форуму.

1.jpg

80.jpg


У дызайне медалёў, распрацаваным стваральнікамі агульнай канцэпцыі брэнда ІІ Еўрапейскіх гульняў — кампаніяй Brama Branding, знайшоў адлюстраванне адзін з сімвалаў — «папараць-кветка». Форма ўзнагароды — класічны круг, унутры якога праменны элемент з невыразнымі контурамі: менавіта так выглядае сонца яркім летнім днём, нагадваючы нам аб часе правядзення гульняў. Такая ўтульная форма без рэзкіх вуглоў увасабляе рысы беларускага народа: мяккасць, дружалюбнасць, дабрадушнасць, блізкасць да прыроды. Невыпадковым з’яўляецца і дыяметр медаля — 9,5 см, насельніцтва ж Беларусі складае 9,5 млн чалавек. Уражанне дамашняй утульнасці і цеплыні дадасць чахол для медалёў, выраблены з натуральнага дрэва. Гэта выклікае асацыяцыю з традыцыйнымі беларускімі рамёствамі, беларускай прыродай, у прыватнасці з лясамі. Тут, у самым сэрцы Еўропы, паводле легенды, зацвітае дзівосная «папараць-кветка», якая здзяйсняе мары.

2.jpg

Кіраўнік прадпрыемства «Сэнс-Геральдыка» Кірыл Каралевіч расказаў, што пры вырабе медалёў прымяняліся ўнікальныя тэхналогіі. «З упэўненасцю магу сказаць: гэта ўзнагароды, якія не маюць аналагаў у свеце», — падкрэсліў ён. Корпус медалёў выкананы са спецыяльнага сплаву — тампаку. У адпаведнасці з вартасцю ўзнагароды выкарыстоўваюцца каштоўныя металы: золата 24 караты, серабро 999-й пробы і бронза. Для ўмацавання каштоўнага пакрыцця прымяняюцца нанаалмазы — запатэнтаваная тэхналогія беларускіх распрацоўшчыкаў. Для стварэння аднаго медаля вышэйшай пробы патрабуецца квадрыльён (1015) нанаалмазаў. Працэс вытворчасці аднаго медаля, які спалучае ў сабе традыцыйныя тэхнікі чаканкі і нанатэхналогіі, займае каля 20 гадзін. Вага ўзнагароды складае каля 540 г, дыяметр, як згадвалася вышэй, — 9,5 см, таўшчыня — каля 1 см.

3.jpg

4.jpg

IMG_7389-1.jpg

Усяго для ІІ Еўрапейскіх гульняў будзе выраблена 1084 медалі: па 329 залатых і сярэбраных, а таксама 426 бронзавых. Найменне віду спорту і дысцыпліны, у якой уручаецца медаль, будзе выгравіравана на адваротным баку ўзнагароды. Кожны медаль будзе ўпакаваны ў драўляны футляр з цвёрдых парод дрэва, на верхняй частцы якога лагатып гульняў будзе нанесены колерам, які адпавядае занятаму месцу.

«Ушаноўванне пераможцаў з часоў старажытных Алімпійскіх гульняў з’яўляецца важнай часткай правядзення спаборніцтваў. Спачатку гэта быў вянок з аліўкавых галін. На сучасным этапе выкарыстоўваюцца ўсё больш сучасныя тэхналогіі. З упэўненасцю можна сказаць, што ўзнагароды ІІ Еўрапейскіх гульняў стануць запаветнай мэтай не толькі для атлетаў, але і для калекцыянераў», — адзначыў дырэктар фонду ІІ Еўрапейскіх гульняў Георгій Катулін.

Ён расказаў, што будуць выраблены і памятныя медалі, якімі будуць узнагароджаны ўсе ўдзельнікі ІІ Еўрапейскіх гульняў і афіцыйныя асобы, якія ўваходзяць у склад спартыўных дэлегацый краін. Яны стануць зменшанай копіяй узнагарод прызёраў спаборніцтваў.

ІІ Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

Білеты на спартыўны форум можна набыць на сайце minsk2019.ticketpro.by, у сетцы партнёрскіх кас білетнага аператара на тэрыторыі Беларусі і больш як у 300 пунктах продажаў ва ўсіх абласных гарадах і буйных раённых цэнтраў. Купіць білеты можна і па безнаяўным разліку. Для гэтага трэба аформіць заяўку на фірменным бланку, якая мае рэквізіты, кантактны нумар тэлефона і e-mail для зваротнай сувязі, і адправіць па факсе 8-017-392-67-70 або на e-mail: minsk2019@ticketpro.by.



polymia.by

Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений