Гісторыя аднаго фотаздымка

10:57 / 04.05.2019
Аднойчы вечарам,  перабі­раю­чы старыя фотаальбомы ў доме сваёй цёткі,  натрапіла на калектыўны фотаздымак. «А тут хто?» – пацікавілася я.

Аказалася, што на старым фотаздымку была яе свякроўка – Людміла Русецкая, у дзявоцтве –  Пелюхава. Але найбольш зацікавіла, што яна ў  канцы 40-х – пачатку 50-х гадоў працавала ў друкарні ў Астраўцы – і фотаздымак мог быць зроблены менавіта ў тыя гады. Значыць, на ім – калектыў астравецкай рэдакцыі і друкарні?!
Гэта быў адзін з тых момантаў, калі хацелася ўсклікнуць словамі героя аповесці Васіля Быкава «Жураўліны крык»  «Эх, позна-позна і так рана-рана!»…


Яна друкавала раёнку

…Бабулю  Люду – так мы называлі Людмілу Мяфодзьеўну Русецкую – я ведала з дзяцінства. У школьныя гады не раз праводзіла канікулы ў яе ў Вільнюсе са стрыечнымі сястрой і братам. Толькі ні разу не даводзілася чуць, што яна нейкім чынам магла быць звязана з Астраўцом і тым больш з раённай газетай

фото003.jpg

Людміла Мяфодзьеўна Русецкая



Што ж,  хоць і позна – Людміла Мяфодзьеўна 22 гады таму адышла ў лепшы свет, –  але паспрабую  выправіць тую недаравальную памылку.

Людміла нарадзілася ў шматдзетнай сям’і ў вёсцы Каверзіна Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці ў 1930 годзе. Яшчэ да вайны пайшла  ў школу – праўда,  скончыла яе толькі  пасля вызвалення Беларусі. 

Яе родны брат Васіль Пелю­хаў падчас Вялікай Айчыннай ваяваў у   партызанскай брыга­дзе імя К.Я. Варашылава. Пасля вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ён застаўся на Астравеччыне. 

–  Свякроў расказвала, што пасля вайны брат забраў яе ў менш пацярпелую ад немцаў заходнюю Беларусь, –  успамінае нявестка Людмілы Мяфодзьеўны Генуэфа Русецкая. – Было гэта прыкладна ў 1947 годзе. 


Дзяўчына ўладкавалася на працу ў Астравецкую друкарню, дзе выходзіла раённая газета (нагадаем: першы нумар «Бальшавіцкага арганізатара», папярэдніка сённяшняй «Астравецкай праўды», выйшаў 29 мая 1941 года. А пасля вайны выпуск газеты аднавіўся).

Працуючы ў рэдакцыі, Люд­міла Мяфодзьеўна  пазнаё­мілася з будучым мужам – варнянскім хлопцам Рышардам Русецкім. Ён працаваў фельд’егерам і ў рэдакцыі і друкарні быў частым госцем. Тут маладыя людзі ўпершыню перакінуліся позіркамі і словамі. А праз нейкі час Людміла стала Русецкай.

фото008.jpg

Муж Людмілы Русецкай – Рышард (злева)



– Здаецца, да замужжа маці жыла ў Філіпанах – чамусьці ў маёй памяці адклалася назва гэтай вёскі,  – расказвае Яўген Русецкі, сын Людмілы і Рышарда. – А пасля таго, як бацькі зарэгістравалі шлюб, пераехалі ў Варняны – жылі ў доме сям’і майго бацькі.

Гэтыя звесткі пацвярджае і гаспадарчая кніга за 1952-1954 гады, якая захоўваецца ў архіве Варнянскага сельсавета, дзе ўказана, што Людміла з’яўляецца нявесткай Ігната Міхайлавіча і Марыі Вікенцьеўны Русецкіх і жонкай іх сына Рышарда. А месцам працы абодвух малодшых Русецкіх у гэты перыяд з’яўляецца Варнянская МТС.

Месцам жыхарства сям’і Рышарда і Людмілы Русецкіх на 15 чэрвеня 1953 года  –  на той час у іх ужо быў старэйшы сын Аляксандр – указана сядзіба Дубнікі. Згодна з гаспадарчай кнігай,  Рышард Ігнатавіч Русецкі на той час з’яўляўся сакратаром  Варнянскага палітаддзела, а Людміла Мяфодзьеўна ўжо працавала  наборшчыцай у  Вар­нян­скай рэдакцыі.


Сведчаннем таму, што ў Варнянах была рэдакцыя і адпаведна выпускалася газета «Сацыялістычная вёска» – хутчэй за ўсё рэдакцыя размяшчалася пры Варнянскай машынна-трактарнай станцыі –  з’яўляецца асабісты лісток па ўліку кадраў на Людмілу Сяргееўну Даўляш, якая на Астравеччыну прыехала  са Старых Дарог, дзе працавала ў раённай газеце «За Савецкую Радзіму». Да таго, як уладкавацца на працу ў  «Сталінскую праўду» –  такую назву насіла ў той час раёнка, –  Людміла Сяргееўна таксама працавала ў варнянскай газеце. 

Русецкія на Астравеччыне доўга не затрымаліся. У той жа гаспадарчай кнізе па Варнянскім сельсавеце  зроблены запіс аб выездзе сям’і ў Літву – верагодна гэта адбылося ў 1954 годзе.   
У Вільнюсе Людміла Мяфодзь­е­ў­на таксама нейкі час праца­вала ў друкарні. Але ў 1976 го­дзе яна атрымала інваліднасць – пасля аперацыі на пазваночніку не змагла ўстаць на ногі. Але навучылася хадзіць на мыліцах і  спраўлялася з усёй хатняй работай, дапамагала гадаваць  унукаў і ніколі не скардзілася на свой лёс.

фото001.jpg



У Астраўцы  Русецкія бывалі,  калі прыязджалі да бацькоў у Варняны.  У Вільнюсе ў Людмілы і Рышарда нарадзіўся яшчэ адзін сын –  менавіта малодшы Яўген ажаніўся з дзяўчынай з Гудагая. І пасля распаду Савецкага Саюза  яго сям’я пераехала на Астравеччыну. Людміла з сынам,  нявесткай і ўнукамі зноў  вярнулася на сваю другую  радзіму.

…На той час мяне, спачатку школьніцу-падлетка, а потым ужо і студэнтку, больш цікавіла рукадзелле, якім у вольны час займалася баба Люда. Як прыгожа яна вязала! Такіх свэтраў і касцюмаў, звязаных яе залатымі рукамі, не было ні ў каго!   Варта было прынесці ёй карцінку з моднага замежнага часопіса –   і праз некалькі дзён атрымаеш у падарунак прыгожую кофтачку ці спаднічку!

Хто на фота

На старым фотаздымку, зробленым у перыяд  з 1947 па 1952 гады, 12 чалавек. Хто яны, гэтыя людзі? 

Першая справа, як ужо высветлілася, –  Людміла Пелюхава.

–  А вось першы злева – гэта Іван Странчанка, – расказвае мая цётка. – У дзяцінстве наша хата і хата яго брата стаялі  побач. Помню, Іван Сафонавіч  час­та наведваўся да яго ў госці. Здзіўляла, што на рукавах яго пінжака былі нарукаўнікі, каб не замусольваліся ад пастаяннага шоргання па стале.  Суседзі расказвалі, што ён працаваў бухгалтарам, а потым – карэктарам  у раённай газеце – тады яна называлася «Сталінская праўда». 

У фотаальбоме сям’і Русецкіх захавалася яшчэ некалькі фота­здымкаў Людмілы Мяфодзь­еўны, дзе яна сядзіць з нейкай дзяўчынай. На адным з іх надпіс «Маёй сяброўцы Нэлачцы». Магчыма,  гэта Нэлі Вікенцьеўна Казакевіч (чацвёртая злева), якую ў артыкуле «Яны пісалі гісторыю», падрыхтаваным да 70-годдзя «Астравецкай праўды», згадвае  Таісія Сямёнаўна Сямёнава. 

фото007.jpg

Людміла Мяфодзьеўна з сяброўкай Нэлі



Мы ведаем, што побач з Нэлі – Ганна Леановіч (трэцяя злева) – паводле архіўных сведчанняў, яна была наборшчыцай.

Хто астатнія восем чалавек на здымку, для нас пакуль што загадка. Але, магчыма, на Астравеччыне яшчэ жывуць людзі, якія дапамогуць нам яе разгадаць. Адгукніцеся!

Текст:
Фото: из семейного архива Русецких