Жыццё і лёс шматдзетнай маці, якая нарадзіла і выхавала шасцёра дзяцей

07:32 / 30.04.2019
Невялічкая, усмешлівая, сім­па­тычная жанчына, якая  нічым не выдзяляецца сярод іншых. Ні касметыкі, ні стыльнага адзення, ні адметнай прычоскі – усё проста, някідка, звыкла. Вось толькі вочы, з якіх праменіцца радасць жыцця і любові да ўсяго, што вакол, прымушаюць  спыніцца, павітацца і паглядзець ёй услед.

Шмат гадоў мы жывём з ёй  у адной вёсцы, але як склалася яе жыццё, як яна прайшла па яго сцяжынках-пуцявінках, я ведала мала. Тарэса Станіславаўна Ляховіч  нарадзіла і  выгадавала шасцёра дзяцей – ужо адно гэта выклікае вялікую павагу. 

За кубкам кавы,  успамінаючы розныя падзеі жыцця, мы правялі амаль чатыры гадзіны.

Сцяжынкамі маленства і дзяцінства

У невялікай прыгожай вёсачцы Кярняны ў сям’і Станіслава Вікенцьевіча і Яніны Міхайлаўны Юркойцяў нарадзіліся дзве дачушкі. Старэйшую назвалі Тарэскай, малодшую – Лёньцечкай. Дзяўчынкі раслі жвавымі, да­пытлівымі, працавітымі. Колькі сцежачак пратапталі іх ножкі, пасучы гусей ля става, бегаючы ў ройсты за ягадамі і грыбамі, а ў беразняк – за арэхамі!

лдаполмьеоп.jpg

1952 год. Бацька, маці і маленькая Тарэска

У школу яны  ішлі  з радасцю, каб  сустрэцца з сябрамі, любі­май настаўніцай Таццянай Паўлаўнай Падгол, паспяваць, патанцаваць. У пачатковых класах Тарэска вучылася з выхаванцамі дзіцячага дома. Яна  спачувала ім, часам  прыводзіла іх дамоў, каб чым-небудзь пачаставаць. 

Найлепшым  сябрам  дзяўчынкі быў тата, яму  можна было даверыць свае дзіцячыя, а потым і дзявочыя таямніцы. Мама была строгай і патрабавальнай, і дзеці слухаліся яе, баючыся зарабіць віткай ці крапівой.

Час ішоў, дзяўчаты  падрасталі, з акцябратаў перайшлі ў піянеры, потым сталі камсамолкамі. Яны ганарыліся сваімі маці і бацькам, які прайшоў дарогамі Вялікай Айчыннай вайны і часам расказваў ім аб перажытым.

Вучылася  дзяўчынцы лёгка, асабліва любіла матэматыку, якую выкладаў  вядомы  ў раёне настаўнік Іван Іосіфавіч Кардзіс. Калі прыйшлося выбіраць прафесію, Тарэса вырашыла, што будзе бухгалтарам. Бацька, які скончыў усяго тры класы, адобрыў выбар дачкі. Маці, якая ўмела  толькі распісацца, – таксама.

Пара сталення і кахання

Гады вучобы ў Ашмянскім тэхнікуме сталі  гадамі спасці­жэння прафесіі, стараннай вучобы і сталення. Малодшая сястра Тарэсы пайшла ў Іллянскі саўгас-тэхнікум – і  іх шляхі разышліся. 

Пасля тэхнікума лёс прывёў маладога спецыяліста Тарэсу  Юркойць  у вёску Жукойні, дзе яна стала працаваць бухгалтарам. Маладую актыўную дзяўчыну заўважылі і выбралі сакратаром калгаснай камсамольскай арганізацыі. Сярод моладзі яна карысталася аўтарытэтам, бо была завадатарам цікавых і карысных спраў. Праз некаторы час яе ўзнагародзілі паездкай у Венгрыю – новыя ўражанні ад цікавых незабыўных сустрэч доўга сагравалі дзяўчыну. 

1971 год.jpg

Тарэса Ляховіч, 1971 год


Аднойчы, бегучы на працу, яна заўважыла прыгожага хлопца ў вайсковай форме:  «Нічога такі, – пранеслася ў галаве. – Цікава, чый ён?» 
Неўзабаве моладзь сабралася на вяселле ў Белую Ваду,  дзе Тарэса зноў сустрэлася з  хлопцам, які правёў яе дамоў пасля гуляння. Яны сталі сустракацца. 

Пеця, так звалі хлопца, уладкаваўся  на працу ў Вільні. Праз некаторы час туды ж пераехала і Тарэса –  яны распісаліся і сталі жыць у згодзе і каханні.

Уласнае вяселле.jpg


Час суровых выпрабаванняў

Сямейнае жыццё Тарэса ладзіла  з радасцю і дабрынёй,  хацела, каб яе дзіцятка, якога яна чакала, жыло ў любові. Але надышла для Тарэсы пара выпрабаванняў, горычы і пакут. І пачалося гэта з нараджэння першынца Валерыя. 

Тры дні жанчына  не магла разрадзіцца. Нарэшце, хлопчык з’явіўся на свет, але быў вельмі кволым. Маладая маці вырашыла, што яе дзіця павінна стаць моцным, вынослівым і  стойкім – і праз некаторы час Валера, які не трымаў галоўку і не садзіўся, ужо тэпаў па пакоях. А потым і ў школу пайшоў разам  са сваімі аднагодкамі…

За Валерыем у Тарэсы нара­дзіўся крэпенькі і дужы Яраслаў, але…

На мяжы жыцця і смерці

Тарэса з дзеткамі і мужам пераехалі ў Варняны,  жылі з бацькамі, потым  засяліліся  ў сваё жыллё.

Пеця стаў  працаваць трактарыстам і цэлымі днямі прападаў на рабоце. І дзеці, і гаспадарка – немалая па тым часе – ляглі на плечы маладой жанчыны. Хутка яна стала прыкмячаць, што ёй не хочацца есці, навальвалася страшэнная слабасць: не падымаліся рукі, не слухаліся ногі. Маці забіла трывогу – і  яе сястра, цётка Рэня, уладкавала Тарэсу ў Віленскую бальніцу. Але лепш не станавілася.

Аднойчы вечарам, трымаючыся за  сцены, Тарэса выйшла ў бальнічны калідор і пачула размову,  што ў яе анкалогія. Жанчына  вярнулася ў палату, упала на ложак і цэлую ноч праплакала.

Назаўтра яна кінулася да ўрача: «Доктар, у мяне двое дзетак, дапамажыце яшчэ  трохі пажыць». Ён  сумна глянуў на яе і, развёўшы рукамі, адказаў: «Гэта залежыць толькі ад Бога і ад вас».

З тым яе і выпісалі дадому. Стрыечная сястра Яня Сянюць дапамагла Тарэсе навесці дома парадак, паўшчувала Пятра, паплакала з ёй і пайшла дадому. Трэба было неяк рухацца, нават калі не было сілы. Тарэса перайшла з калгаса ў кніжны магазін прадаўцом. Хадзіла на працу ні жывая ні мёртвая. 

Дазналася пра яе бяду сяброўка, кярнянская дзяўчына, якая жыла ў Вільнюсе, – Марыя Дрэма. Яна прывезла  лекі і параіла заняцца сваім здароўем.

Барацьба

І Тарэса стала ратаваць сябе сама. У адной з кніг жанчына  вычытала пра лекавыя ўласцівасці трыпутніка: капала расліну, перакручвала, выціскала і піла яго сок раніцай і ўвечары. 

Праз некалькі месяцаў Тарэса заўважыла, што ежа стала  прыносіць задавальненне, змяніўся колер твару – стаў свяжэйшы і ружавейшы, акруглілася фігура...

Да таго часу яна выпіла мо літраў 10 соку. Смерць адступіла, а жыццё набірала  новы тэмп. Неўзабаве жанчына зацяжарыла.
Пеця – так назвалі сыночка – нарадзіўся тоўсценькім і бухма­ценькім. З ім не было кло­патаў: рос здаровым і спрытным. Следам з’явілася доўгачаканая прыгажуня Насцечка. Пасля на свет прыйшоў  Паўлік.

З яго нараджэннем у дом прый­шлі  неспакой і слёзы. Толькі  ў год хлопчык стаў сядзець, у  тры – хадзіць. А потым маці заўважыла, што яе старэйшыя дзеці сталі грэбаваць Паўлікам. Сур’ёзная размова маці з дзецьмі дала вынік – і адносіны ў сям’і змяніліся. Жыццё зноў стала  наладжвацца: старэйшыя, Валера і Яраслаў, дапамагалі падымаць меншых, вадзілі ў садок, прыглядвалі за імі ў вольны час.

Выратаванне

Сямейная каманда, аб’яднаная матчынай любоўю, жыла ў радасці і шчасці. Пакуль у 40 гадоў Тарэса зноў не аказалася на мяжы паміж жыццём і смерцю. Яна зноў зацяжарыла – урачы  сказалі, што будуць  двайняты. Прымаў роды Аляксандр Пятровіч Апалінскі, урач  вядомы на ўсю Гродзенскую вобласць гінеколаг. 

– Я паспакайнела, але напя­рэдадні родаў пачула, як доктар гаварыў  акушэркам: «Каго будзем ратаваць? У маці з сэрцам няваж­на, доўга не вытрымае і дзі­цятка можа загінуць. Кесарава рабіць нельга!» У вачах усё паплыло… Прыйшла да сябе, а доктар трымае на руках белабрысенькага хлопчыка… Шлёп­нуў яго  па попцы, а той як за­кры­чыць! – усміхаецца Тарэса Станіславаўна.

Хлопчыка назвалі Саша – у гонар доктара, што ўратаваў яго і маці.

Любімец сям’і 

Саша рос добрым і паслухмяным хлопцам, сябраваў з  братамі і сястрой. У 6 класе сур’­ёзна заняўся спортам, а ў 8-м па рэкамендацыі трэнера Андрэя Блашкевіча паступіў у шко­лу Алімпійскага рэзерву.

Тарэсе Станіславаўне не хацелася  адпраўляць сына ў далёкі свет, але,  калі пазнаёмілася з яго трэнерам Станіславам Шапечкам, убачыла цудоўныя ўмовы для жыцця і вучобы, адпусціла.

Ражаство. Саша уперадзе Пеця за маці справа Паўлік ля елкі бацька Пётр муж Тарэсы Станіславаўны.jpg

Ражаство. Саша ўперадзе. Пеця за маці справа. Паўлік ля елкі. 


Хто ж тады ведаў, што яе Сашу ў спорце чакае вялікая работа па спасціжэнні сябе і сваіх магчымасцей – паездкі на спартыўныя спаборніцтвы ў Расію і Літву, Англію і Польшу, Германію, Лат­вію, Украіну. 

Найбольшае ўражанне пакінулі Алімпійскія гульні ў Бразіліі. Аляксандр Ляховіч выступаў на дыстанцыі 20 кіламетраў па спартыўнай хадзьбе і заняў 21 месца з 64. Гэта была вялікая ўдача не толькі яго, але і ўсёй яго сям’і. Са сваіх паездак хлопец заўсёды прывозіць  маці падарункі і свае фотаздымкі. 
У вялікім пакоі матчынага дома адна сцяна цалкам упрыгожана медалямі Аляксандра. Побач на невялікім століку стаяць яго пераможныя спартыўныя кубкі. Я з цікавасцю разглядваю гэтае багацце – ніколі не бачыла столькі ўзнагарод – і слухаю каментарыі  Тарэсы:

– Саша ў нашай сям’і самы малодшы, але для ўсіх нас ён першы памочнік. Мяркуйце самі: калі з Валерам здарылася бяда – ён выпаў з чацвёртага  паверха, – Саша дапамог  паставіць яго на ногі. Потым у мяне сталі балець ногі, хадзіла, пакуль магла, на мыліцы ўстала, а затым   зусім злягла: ні агарод апалоць, ні карову падаіць – усё хлопцы самі рабілі. А Саша завёз мяне да сваіх дактароў  – я хаджу і ўсе магу рабіць. 

 – Беды збліжаюць сям’ю, робяць яе мацнейшай, – працягвае Тарэса Станіславаўна. – Так было, калі  памёр муж. Дзеці моцна шкадавалі і перажывалі за яго. І цяпер, калі збіраюцца на святы, заўсёды ўспамінаюць яго  з цеплынёй.

Багацце маці

Я разглядваю партрэты ў зале Тарэсы: на адной сцяне – яе дзяцей, на другой – унукаў. 

На вяселлі ў Насценькі.jpg

Тарэса Станіславаўна (у цэнтры) на вяселлі ў дачкі Настпчкі


– Самае вялікае багацце, што я нажыла за гэты час,  – гэта мае дзеці. Яны роўныя ў маёй любові. З самага маленства я вучыла іх нічога і ніколі не браць чужога, думаць пра тое, чым можа закончыцца кожны іх учынак. І яны мяне не падвялі, выраслі добрымі, сумленнымі і працавітымі людзьмі. Кожны мае сям’ю, свой кут і працу. Пры мне толькі Паўлік. І сваіх нявестак я люблю: яны добрыя, ласкавыя, таленавітыя. Упэўнена, ад жонак у сям’і многае залежыць. Маю дзевяць унукаў – калі яны прыязджаюць, то дазваляю ім рабіць усё, што ім хочацца, і радуюся, калі ў хаце чую іх смех і спевы. Значыць, усё ў парадку.

2003 год.jpg


Я слухаю сваю субяседніцу і заўважаю пра сябе, што беларуская прымаўка «Малы залатнік, ды дарагі» – пра яе. Менавіта  дзякуючы такім залатнікам, працавітым, сціплым і стойкім жанчынам, умацоўвалася наша родная Астравеччына, багацела і квітнела Беларусь.

Сёлета Тарэса Станісла­ваўна  Ляховіч адзначыла 70-годдзе, але яна выглядае шмат маладзей, бо радуецца свету і жыццю і любіць усё, што Бог пасылае ёй.

Здароўя вам, шаноўная Тарэса Станіславаўна,  і радасці. Цяпла ад сваіх родных і блізкіх.

– Я малюся за ўсіх сваіх дзяцей і ўнукаў, каб яны былі здаровыя, каб у іх сем’ях не было бед, каб парадак, любоў і спакой сагравалі іх дзетак – маіх унукаў. Часам звяртаюся да майго бацькі і прашу з нябёс у яго дапамогі – мне верыцца, што ён мяне і цяпер ахоўвае і дапамагае. Жыву ў дружбе  з суседзямі, з   сястрой і мамай, якой ужо 96 гадоў. І  лічу сябе шчаслівым чалавекам, нягледзячы на ўсе беды і выпрабаванні, што  мне выпалі.

Людміла КУХАРЭВІЧ

Текст: Главный администратор
Фото: з сямейнага архіва сям’і Ляховіч