Как жители Островетчины относятся к двойному празднику Пасхи

07:41 / 21.04.2019
1609
Сёння католікі адзначаць свята святаў – Вялікдзень, а праваслаўныя – Вербную нядзелю. На Астравеччыне шмат змешаных сем’яў, дзе аднолькава ўшаноўваюць урачыстасці абедзвюх хрысціянскіх плыняў. 

Як лепш, калі каталіцкая і праваслаўная Пасхі супадаюць, ці святкаваць іх трэба ў розныя дні – высвятляў у жыхароў раёна наш карэспандэнт.

Каско.jpg

Міраслава Каско, аг. Рымдзюны:
– Канешне лепш, калі супадаюць! На Астравеччыне больш католікаў жыве, праваслаўных не так і шмат. Я мясцовая, нарадзілася ў вёсцы Віктасіна, сям’я наша праваслаўная. Па вялікім рахунку, Бог адзін – і ў праваслаўных, і ў католікаў. Добра было б, каб усе вялікія рэлігійныя святы мы адзначалі ў адзін дзень.

Сянюць.jpg

Анастасія Сянюць, в. Бабраўнікі:
– Думаю, неістотна, супадаюць Пасхі ў праваслаў­ных і католікаў ці не – галоўнае, як людзі рыхтуюцца да гэтых святаў і ўвогуле, як сябе паводзяць і як адносяцца да іншых людзей. Я – праваслаўная, муж – католік. Сына хрысцілі ў касцёле. Мы аднолькава любім і адзначаем і мой, і яго Вялікдзень, а калі гэтыя святы супадаюць – у нас падвоеная радасць!

Мароз.jpg

Ганна Мароз, в. Супраненты:
– Для мяне неістотна, ці прыпадаюць на адзін дзень гэтыя святы: у нашым краі жывуць адны католікі. На жаль, бацькоў не ведаю з дзяцінства, таму стараюся, каб мае дзеці на вялікія святы абавязкова збіраліся ў нас з мужам. Напярэдадні Вялікадня мы е­дзем у Ністанішкі ў касцёл, каб пасвенціць фарбаваныя яйкі, хлеб, соль і іншую ежу. 

Абрамян.jpg

Карына Абрамян, г. Астравец:
– Я напалову руская, напалову армянка. У нашай сям’і прытрымліваюцца пра­ва­слаў­ных традыцый: фарбуем у чырвоны колер яйкі, на Пасху ходзім на службу ў храм і абавязкова ў гэты дзень едзем на могільнік, каб успомніць родных і знаёмых, якіх ужо няма на гэтым свеце. Мне здаецца, што цудоўна, калі хрысціяне адзначаюць Пасху ў адзін дзень. Ісус аддаў жыццё на крыжы не за католікаў, праваслаўных ці іўдэяў, а за людзей – усіх нас.  

Мацуткевіч.jpg

Станіслаў Мацуткевіч, в. Рымуні:
– А Бог яго ведае… Галоўнае, каб людзі ў згодзе адзін з адным і з Богам жылі, а ўжо католік ты ці праваслаўны – якая там розніца. На Вербную едзіў у Лошу вербачку асвячаць, калі Бог дасць, можа, траплю на велікодную імшу ў Цудзенішскі касцёл, што на Ашмяншчыне, – далёка надта і гады ўжо не тыя.  

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений