З якім настроем працуюць на сяўбе механізатары саўгаса “Падольскі”
07:15 / 13.04.2019
З якім настроем працуюць механізатары РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», з якімі праблемамі сутыкаюцца і як яны вырашаюцца на месцы, даведаўся наш карэспандэнт.
– Мінулы год быў складаным не толькі для нашага прадпрыемства, але і для сельскай гаспадаркі ў цэлым. Збажына дала на круг усяго 17 цэнтнераў, – гаворыць Дзмітрый. – Спадзяюся, што гэты год будзе больш ураджайным для збожжавых. Але галоўнае – нарыхтаваць пад патрэбу кармоў. Сёлета пад кукурузу адвядзём 800 гектараў – на 300 гектараў больш, чым летась. Калі надвор’е не падвядзе – будзем з кармамі.
Галоўны аграном РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Дзмітрый Малючак
Звычайна калі гавораць пра добры ўраджай, то тэхналогія павінна быць вытрымана «ад» і «да». У тым ліку трэба ўнесці пад патрэбу мінеральных угнаенняў. Хоць бытуе меркаванне, што недахоп тукаў можна кампенсаваць арганікай…– На пачатак красавіка забяспечанасць азотам складала 58%, каліем – 55%, азотам – усяго 25%, на жаль, ён вельмі дарагі, – працягвае галоўны аграном. – Думаю, на працэнтаў 80 унясём мінеральныя ўгнаенні пад сяўбу яравых. Дзякуй дырэктару Дзянісу Валер’евічу, які не сядзіць на месцы і шукае «хімію»: расліну важна не толькі ў час падкарміць, але і апрацаваць ад шкоднікаў, прапалоць ад пустазелля.
Структура яравога кліна сёлета ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» ў параўнанні з мінулым годам значна не змянілася: пад яравую пшаніцу адведзена 375 гектараў, пад ячмень – 900, пад авёс і зернебабовыя – па 150 гектараў.
Віктар Грыгаровіч у сярэднім за дзень заворвае 30 гектараў
У дзень нашага прыезду ў полі працавалі два пасяўных камбінаваных агрэгаты, праўда, пасля абеду адзін зламаўся. Патрэбную запчастку аператыўна знайшлі – і сеялка выйшла ў поле ўжо на наступны дзень.
Нягледзячы на няпростае фінансавае становішча, саўгас сёлета праз прамагралізінг набыў два новыя трактары «Беларус-1221», адзін з якіх даверылі маладому механізатару Яўгену Крывіцкаму.
Араты Яўген Крывіцкі
У сярэднім за дзень у гаспадарцы пад сяўбу падрыхтоўваюць больш за 50 гектараў глебы. На яе культывацыі заняты механізатар амаль з трыццацігадовым стажам Ягор Шостак.
– Гэта вясна хоць і ранняя, але сухая: не хапае вільгаці ў глебе. Самі ж, напэўна, бачылі: трактар едзе – пыл курыць, – гаворыць мужчына. – За дзень культывую каля 30 гектараў, бывае і больш. У сем раніцы ў поле выязджаем і працуем, пакуль сонейка свеціць.
Ягор Шостак, культывацыя
– Ведаеце, у раслінаводстве ўсё гладка быць не можа, асабліва ў нашым паўночным рэгіёне, – на развітанне гаворыць галоўны аграном Дзмітрый Малючак. – Я люблю тое, чым займаюся, работа агранома – адна з самых цікавых. Сёння кінуў у глебу зярнятка, падкарміў, прапалоў, а праз тры месяцы яно вырастае вусатым коласам – і адразу бачыш вынік сваёй працы.
З галоўным аграномам саўгаса складана не пагадзіцца: як у веснавы дзень папрацуеш – такі ўраджай і атрымаеш.
Летась механізатар Віталь Трыбоцкі, чый партрэт заносіўся на раённую Дошку гонару, стаў лепшым аратым у раёне па выніках прафсаюзнага спаборніцтва
■
У раённай пасяўной па-ранейшаму лідзіруюць гудагайцы, якія першымі ў раёне скончылі
сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых і пачалі сеяць цукровыя буракі.
■
Хлебаробы РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» ў раённым «табелі рангаў» замацаваліся на апошняй, пятай, пазіцыі ў раёне.
■
Па аператыўных зводках сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, па стане на 10 красавіка, у саўгасе засеяна 33% яравога кліна – 1 009 гектараў. Раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры занялі 64%
ад плана.
У дзень прыезду журналістаў «раёнкі» Вальдэмар Наневіч рамантаваў сеялку
Без вадзіцеля Часлава Селікоўскага галоўны аграном як без рук
Вадзім Мундуць заняты на ўнясенні мінеральных угнаенняў