Хто клякоча на непагадзь і як перамагчы ў алімпіядзе – ведае Вікторыя Валэйка

08:33 / 08.04.2019
Другі год запар вучаніца Гудагайскай школы Вікторыя Валэйка стала прызёрам абласной алімпіяды «Школа бяспекі» – да перамогі дзяўчыне не хапіла ўсяго аднаго бала. Крыўдна – але, тым не менш, гэта добры вынік. 
   Мы сустрэліся з Вікторыяй і яе настаўніцай Жаннай Леанардаўнай Янцэвіч і даведаліся сакрэты поспеху.

IMG_3030.jpg

– Віка, як ты ўспрыняла вестку, што ізноў стала другой?
– Было крыўдна. На першых двух іспытах я ішла першай, але на апошнім заданні мне не пашанцавала. Увогуле гэта алімпіяда падобная да латарэі, асабліва заключнае выпрабаванне. Канешне, не апошнюю ролю мае ўпэўненасць у сабе і сваіх  ведах, але і пра шанцаванне нельга забываць.

  – А што перашкодзіла тваёй перамозе?
– У «Сваёй гульні» пытанні маюць так званую цану ў балах. І тут звычайна ўдзельнікі памыляюцца: хочацца зара­біць больш балаў, бярэш «даражэйшае» пытанне – не адказваеш на яго – і прайграеш. 
Так здарылася і са мной: заданне на 6 балаў я не адолела, саперніца ўзяла пытанне за 2 балы – і перамога дасталася ёй. Калі выбіраеш пытанне з большай колькасцю балаў, трэба быць упэўненым, што дакладна адкажаш. А я пагналася за баламі.

– Што ўвогуле ўяўляе сабой алімпіяда па бяспецы жыццядзейнасці? 
– Яна адрозніваецца ад алімпіяд па іншых вучэбных прадметах – мне ёсць з чым параўноўваць, бо я ўдзельні­чаю яшчэ і ў алімпіядзе па беларускай мове. 
На раённым этапе тэст мы праходзілі на камп’ютарах, а на абласным – пісьмова. Канверт з заданнямі адкрываюць у аўдыторыі – на адказы на 50 пытанняў даецца 30 хвілін. Асаблівасць гэтай алімпіяды ў тым, што пры роўнай колькасці балаў у наступны этап пройдзе той удзельнік, які раней здаў сваю работу.
Конкурс моўнага майстэрства абмежаваны адной хвілінай. Калі тваё выступленне перавышае гэты час, ты пакідаеш чаргу  прэтэндэнтаў на перамогу. Гэта выпрабаванне ўяўляе сабой хатняе заданне – мы загадзя пішам тэкст на прапанаваную тэму. Мне, напрыклад, трэба было паразважаць пра тое, навошта сябраваць з бяспекай. Дарэчы, сваё выступленне я падрыхтавала ў вершах – крыху пішу, ды і так прасцей разлічыць час і вывучыць свой тэкст.

  – Якія пытанні сустракаюцца на алімпіядзе па бяспецы?
– Тэмы выходзяць за межы школьных падручнікаў. Тут патрэбны веды па ўсіх прадметах, а не толькі пра тое, як пазбегнуць пажару ці аказаць першую дапамогу пацярпеламу, – такія пытанні сустракаюцца ў тэстах. А вось у «Сваёй гульні» неабходны рознабаковыя веды і логіка. Напрыклад, на востраве Ява ёсць каралеўская прымула, якую завуць кветкай землятрусу, таму што яна расцвітае напярэдадні землятрусу, – пагадзіцеся, гэта ведае далёка не кожны. Ці як у народзе называюць ясінец, назва гэтай расліны дала імя абразу? Вось вы ведалі, што гэта Неапалімая Купіна? Цяжка здагадацца, калі не ведаешь дакладна, што менавіта бурундук, па назіраннях сібіракоў, клякоча перад непагаддзю. 

  – Добрыя вынікі могуць быць толькі тады, калі чалавеку цікава тое, чым ён займаецца. Чым цябе прывабілі асновы бяспекі жыццядзейнасці?
– Дакладна не скажу, але гэты прадмет мне падабаецца больш за іншыя. Ён зацікавіў з пачатковых класаў, і я кожны год удзельнічала ў алімпіядзе па бяспецы. За гэта дзякуй маёй настаўніцы Жанне Леанардаўне Янцэвіч – яна так вядзе ўрокі, што немагчыма не зацікавіцца. Да таго ж веды па АБЖ заўсёды спатрэбяцца чалавеку ў жыцці.

Каментарый настаўніка Жанна Леанардаўна Янцэвіч:
– На працягу некалькіх гадоў нашы вучні паказваюць добрыя вынікі на алімпіядзе «Школа бяспекі». Яны заўсёды трапляюць у лік пераможцаў раённага этапу, сёлета нават склалі большую іх частку – шэсць з дзевяці. І на абласным узроўні мы таксама ў ліку лепшых: тройчы нашы дзеці займалі другое месца – Максім Пятровіч у 2017 годзе, Вікторыя Валэйка ў 2018 годзе і сёлета.

У чым сакрэт? Магчыма, у тым, што мне самой падабаецца гэты прадмет, таму атрымліваецца зацікавіць дзяцей. Пасля нашых перамог паўдзельнічаць у алімпіядзе просяцца і іншыя вучні.

Вядома, каб зацікавіць дзяцей і падрыхтаваць іх да спаборніцтваў, трэба добра папрацаваць. Падручнікаў для гэтага не хапае, ніякіх спецыяльных зборнікаў з заданнямі няма. Ну і пытанні на алімпіядзе не толькі пра надзвычайныя сітуацыі і правілы бяспекі. Выкарастоўваю інтэрнэт: шукаю тэсты, цікавыя факты і гэтак далей.

Вікторыя вельмі здольная вучаніца, упэўненая і мэтанакіраваная. У наступным годзе мы з ёй зноў будзем  удзельніцаць у «Школе бяспекі» – і імкнуцца да перамогі.
Текст:
Фото: Светлана Фёдорова