Жители Ольховки провели генеральную уборку – своей деревни

17:46 / 06.04.2019

subotnik5.jpgСёння жыхары Альхоўкі выйшлі на суботнік, каб прыбраць ад смецця вуліцы, ачысціць берагі ракі і вадасховішча ад зараснікаў, сабраць “падснежнікі” ў лясным масіве, які ахінае іх вёску… Гэту работу яны запланавалі на сельскім сходзе яшчэ восенню і, як толькі дазволіла надвор’е, выйшлі папрацаваць – сабе і іншым на карысць.

Вядома, што калі хочаш, каб табе нехта дапамог – адразу сам пачынай варушыцца, тады і за памагатымі справы не стане. Так было і ў Альхоўцы: прыхарошвалі вёску разам з мясцовымі жыхарамі яшчэ і работнікі Міхалішкаўскага сельсавета, Міхалішкаўскага лясніцтва, ВУП “ЦПК-Кардон” і школы.

Як папрацавалі і што зрабілі ў гэты дзень – пра гэта нашай газеце расказалі арганізатары і ўдзельнікі суботніка.

subotnik1.jpg

Віталь Івашкевіч, старшыня Міхалішкаўскага сельскага Савета:

  — Сёння мы шмат чаго зрабілі: пачысцілі ўчастак берага вадасховішча – ад дамбы да маста; падрыхтавалі пляцоўку для сельскага пляжа – работу там яшчэ будзем працягваць: добраўпарадкаванне трэба рабіць; павыпільвалі зараснікі кустоўя, сухія дрэвы; разабралі два безгаспадарныя хлявы; устанавілі ля клуба лаўкі і смеццевыя урны. Адным словам, вёска папрыгажэла! Але без падтрымкі школы, лясніцтва і фабрыкі складана было б столькі зрабіць!

Адно засмучае: былі на суботніку тыя, хто працаваў – бо тут жыве, былі тыя, хто прыйшоў дапамагчы, а былі і “назіральнікі” - тыя, хто і жыве тут, і хоча, здаецца, каб парадак быў, а вось каб палец аб палец ударыць -- дык гэта ўжо не пра іх. Гэта была першая, але не апошняя генеральная ўборка ў Альхоўцы ў гэтым годзе, яшчэ ёсць дзе папрацаваць, што падправіць – спадзяюся, што ўсе тыя, хто не ззнайшоў магчымасці сёння далучыцца да агульнай справы, прыйдуць у наступны раз.

І дзякуй усім за працу!

subotnik2.jpg

Алена Кусойць, намеснік дырэктара Альхоўскай школы, дэпутат Міхалішкаўскага сельскага Савета дэпутатаў:

  — Каля сотні дарослых і дзяцей з нашай школы сабралася на суботнік. Дзеці прыбіралі ад “падснежнікаў” лясную зону, выграбалі сухое лісце ля царквы, наводзілі парадак на тэрыторыях ля аўтобуснага прыпынку, вакол стадыёна. Дарослыя працавалі на будучым пляжы, грузілі смецце.

Сёлета ў вёсцы нават тратуары адкапалі – яны былі так занесены зямлёй, што і не відаліся; праезджую частку вымелі – цяпер аж блішчыць! Такі маштабны суботнік у Альхоўцы праводзіўся ўпершыню!

subotnik3.jpg

Яўген Волкаў, ляснічы Міхалішкаўскага лясніцтва, дэпутат раённага і Міхалішкаўскага сельскага Саветаў дэпутатаў:

  — Работнікі нашага лясніцтва займаліся абкоскай і абрэзкай расліннасці, вывазам смецця.

Акрамя лясніцтва і фабрыкі яшчэ і КСУП “Міхалішкі” дапамог з транспартам.

Увогуле, усё, што было запланавана на сёння, – зрабілі. І за гэта вялікі дзякуй людзям, якія знайшлі час, каб папрацаваць на агульную карысць!

Ля Альхоўкі ёсць крыніцы. У перспектыве маем задумку акультурыць крыніцы і тэрыторыю вакол іх. Думаю, з такімі патрыётамі сваёй зямлі, гэта будзе толькі ў радасць зрабіць.

subotnik4.jpg

Сняжана Ожэг, намеснік дырэктара ВУП “ЦБК-Кардон”, дэпутат Міхалішкаўскага сельскага Савета дэпутатаў:

  — Папрацавалі сёння добра, дружна і ўсе, хто прыйшоў, засталіся задаволенымі – бо наша Альхоўка цяпер ззяе!

Наводзіць парадак выйшлі ўсе работнікі нашага прадпрыемства, нават тыя, хто ў нас працуе па зменах, былі. Хоць людзям і ў хаце перад Вялікаднём паспець парабіць шмат чаго трэба – але яны знайшлі час і на агульную працу. А хто ж табе дапаможа, як сам нічога рабіць не будзеш?!

Наша фабрыка выдзеліла тэхніку – “Амкадор” і “МАЗ” – уручную ж усяго не паробіш. Загаддзя мы пафарбавалі плаціну, а сёння займаліся ўборкай цэнтра вёскі.

Думаем яшчэ пры падтрымцы лясніцтва азеляніць пустуючую пляцоўку, на якой некалі была фабрычная АЗС, – але гэта задача на будучае.

subotnik.jpg

Такі гаспадарскі падыход і неабыякавасць да таго, што цябе акаляе, толькі радуюць. І не трэба было альхоўцам чакаць нагоды –рэспубліканскага ці раённага суботнікаў, свята вёскі ці яшчэ якой урачыстасці, – каб прыбраць вёску і яе закуткі. Бо яны – гаспадары на сваёй зямлі!

Рыта ДРЭМА.

Фота Алены КЛІМАШЭЎСКІС.


Текст: