Альхоўскія школьнікі сталі прызёрамі рэспубліканскага інтэлектуальнага чэмпіянату
Юніёрская каманда “Фенікс” Альхоўскай сярэдняй школы, пастаянны ўдзельнік і прызёр раённых спаборніцтваў па гульні “Што? Дзе? Калі?”, стала адным з пераможцаў рэспубліканскага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў малых населеных пунктаў “Вясна-2019”.
Трэнер каманды Алена Валер’еўна Клімашэўскіс расказала, што яе вучні ўпершыню ўдзельнічалі ў інтэлектуальным спаборніцтве такога ўзроўню і адразу паказалі добрую гульню.
– Нашу каманду запрасілі на гэты чэмпіянат па выніках рэгіянальнай асінхроннай гульні, якая праводзілася ў Ашмянах, – расказвае Алена Валер’еўна. – Дзеці адразу вырашылі, што такі шанс нельга не скарыстаць: і свае сілы паспрабуеш, і на гульню іншых паглядзіш.
На канікулах Аліна Мужыла, Нэлі Качан, Ева Ромаш, Ангеліна Саўко, Анастасія Пазлевіч і Лізавета Свешнікава выправіліся ў Мінск. У катэгорыіі юніёраў гуляла 26 каманд – і нашы дзяўчаты ўвайшлі ў тройку лепшых.
Дарэчы, альхоўскі “Фенікс” выходзіў за ўзнагародай двойчы: у “Сваёй гульні” дзеці сталі другімі, а па выніках чэмпіянату – трэцімі. Яны ўзнагароджаны дыпломамі нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і грамадскага аб’яднання “Беларуская ліга інтэлектуальных каманд”, а таксама медалямі.