Наладчик – это звучит… почётно!

10:20 / 24.03.2019

З ВАДЗІЦЕЛЯ…

Дзевяць кіламетраў ад Астраўца – менавіта столькі аддзяляе вёску Філіпаны ад раённага цэнтра – Віктар Паршутовіч ніколі не лічыў за адлегласць: у гады яго дзяцінства і маладосці аўтобусы хадзілі часта – за гадзіну па пяць разоў.

– Сядзіш за сталом у хаце, – успамінае Віктар Віктаравіч, – і бачыш, як аўтобус з Варнян пад узгорак ўзбіраецца…

А дабірацца да Астраўца яму даводзілася кожны будні дзень: скончыўшы мясцовую васьмігодку, Віктар Паршутовіч вучыўся ў Астравецкай сярэдняй школе.

IMG_2884.jpg

Пасля школы хлопец пайшоў працаваць слесарам у аўтабазу – там яго і вучылі прафесіі. Адпрацаваў два гады – і ў армію. Пашанцавала: служыў, можна сказаць, дома – у Беларусі – у той час мала каму так выпадала.

У 1977 годзе Віктар Паршутовіч вярнуўся на Астравеччыну і зноў уладкаваўся на працу ў аўтабазу.

–Пасадзілі мяне на машыну, якая проста развальвалася, – усміхаецца мужчына. – Як на такой можна працаваць? Тут якраз падвярнулася месца ў быткамбінаце – туды і пайшоў вадзіцелем. Спачатку мне далі новую машыну ”ІЖ-2715”. Потым перасеў на УАЗ, затым – ГАЗ-53, ГАЗ-66. Апошнімі былі “Жыгулі” – на іх вазіў дырэктара, інжынера.

Куды толькі ні даводзілася ездзіць: Смаргонь, Рыга, Днепрапятроўск… Швейны цэх у быткамбінаце тады быў вялікі, прадукцыі на рэалізацыю шылі шмат. Да 2000 года круціў Віктар Віктаравіч “баранку” – пакуль не захварэў. Прыйшлося вадзіцелю перакваліфікавацца.

На іншую работу пасля “паломкі арганізма” не пойдзеш, – гаворыць наладчык абсталявання, – “атамка” таксама не для мяне. Так і застаўся “пры доме”.


…У НАЛАДЧЫКІ

У быткамбінаце ў той час узнікла праблема з майстрамі-наладчыкамі. Віктар Віктаравіч працаваў на два цэхі –   трыкатажны і швейны. Спачатку вучыўся сам, дапамагаючы вопытнаму майстру Сямёну Праўко.

– Сямён Пятровіч больш у Астраўцы абсталяванне рамантаваў, а я на раёне майстэрства адточваў, – расказвае Віктар Віктаравіч. – Там таксама былі швейныя пункты. Ён раскажа і пакажа, што трэба паглядзець, як зрабіць – я і раблю. Потым пасведчанне ў Гродне атрымаў.

Наладчыку абсталявання трэба падтрымліваць швейныя машыны ў рабочым стане, сачыць за парагенератарам, іншым абсталяваннем.

365657.jpg

–Ужо два месяцы мы працуем на новым абсталяванні, – працягвае размову Віктар Паршутовіч. – Цяпер яго толькі ў час падмазаць, падладзіць трэба… Спачатку, канешне, было, страшнавата. Але, аказалася, гэта тое ж самае, што “Жыгулі” і “Аўдзі” – прынцып работы аднолькавы, толькі знешнасць розная. Новае абсталяванне працуе хутчэй, з большымі абаротамі – а рухавікі ціхія: праходзіш міма цэха і не чуеш, што машыны працуюць.

Са старымі машынамі было шмат праблем, – успамінае майстар, які “пялячыў”, і не раз, кожную машыну, што ёсць у арганізацыі. – Дэталяў было не дастаць. Цяпер заяўку даў – і прывезлі, былі б грошы.

Але калі вы думаеце, што цяпер работы ў Віктара Віктаравіча няма – памыляецеся. Увесь дзень ён пры справе: то нажніцы не стрыгуць, то закройны нож затупіўся, то праводка акіслілася, то на выклік у Варняны выязджае – там таксама швейны аддзел працуе.

– Аглядваю рабочыя месцы ў цэху кожную раніцу. Швачкі падказваюць: там машына нітку рве, там увогуле не шые… Звычайна сам спраўляюся з любой паломкай, – гаворыць наладчык. – Каб аддаваць у рамонт – патрэбны грошы, і немалыя…


АДНЫМ СКАЗАМ

–Самая вялікая радасць у жыцці – момант, калі атрымалі кватэру ў Астраўцы.

–Я чалавек абавязковы: паабяцаў – зрабіў. І пунктуальны.


СЛОВА ПРА…

1.Мары.

–У школе марыў стаць бухгалтарам. Прыкладам для мяне быў галоўны бухгалтар калгаса – я бачыў яго кожны раз, калі заходзіў з бацькам у кантору ў Малях. Вось, думаў, закончу школу і… Але не склалася: работа, армія, сям’я. Спрабаваў паступіць у Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум – не атрымалася. А потым жонка стала нашым сямейным бухгалтарам – у мне патрэба адпала (Смяецца).

2. Дошку гонару

– Першы раз мяне адзначылі ў 80-я гады. Тады я працаваў у будынку, дзе цяпер суд знаходзіцца. Стараўся, не прагульваў, не піў… Людзі пазнаюць мяне на вуліцы, пытаюцца, як “даслужыўся”. Смяюся, жартую – кожнаму ж тлумачыць не будзеш.

3.Астравец

– Люблю Астравец. Тут я вучыўся, жаніўся, жыву... Цяпер Астравец прыгожы, жыццё бурліць – столькі ўсяго пабудавана! Хаця да Смаргоні яму яшчэ далекавата, але, верыцца, дагонім!


Текст:
Фото: Ольга Хотянович