Николай Герасим всегда мечтал работать

09:19 / 24.03.2019

Аператар кацельнай участка ацяпляльных кацельных і цеплавых сетак Мікалай Даніілавіч Герасім, фота якога занесена на раённую Дошку гонару, працаваць хацеў заўсёды. Мо, таму да любой работы ён адносіцца адказна і працуе толькі на якасць.

“Не хачу вучыцца – хачу працаваць!”

Яшчэ ў пачатковых класах ізабелінскі хлопчык Міколка, пакуль яго равеснікі карпелі над школьнымі падручнікамі, каб стаць адукаванымі людзьмі, марыў аб тым, што яму ўжо заўтра дазволяць працаваць…

IMG_3823.jpg

Мара ўсяго жыцця Мікалая Герасіма здзейснілася пасля школы, калі яму пашанцавала ўладкавацца вучнем токара на завод “Радыёдэталь”, дзе ён, аднак, затрымаўся ненадоўга: хлопца забралі ў армію.

Будні салдата пачыналіся ў Гродне. Усё было спакойна. А потым Герасіма нечакана направілі ў вучэбку ў Літве, затым – у Афганістан. Бацькам пра тое, што трапіў у гарачую кропку, Мікалай рашыўся сказаць не адразу…

Вярнуўшыся на радзіму, хлопец уладкаваўся ў астравецкі лесполь – рукі яго ўсё так жа свярбелі ад жадання працаваць. Аднак лесполь хутка закрылі.

У пошуках работы Мікалай Герасім трапіў у Астравецкую дарожна-будаўнічую перасоўную механізаваную калону, дзе спачатку правацаў вадзіцелем бензавоза – “катэгорыю” на грузавыя машыны ён атрымаў яшчэ ў школе на занятках у вучэбна-вытворчым комплексе. Затым перасеў на МАЗ, а потым і на КрАЗ – дарогі ў раёне ў 80-90-я гады будаваліся актыўна. Але і тут з цягам часу аб’ёмы работы зменшыліся, зарплаты таксама – і настаў час, калі гэтай арганізацыі ў раёне таксама не стала.


Вучоба не абмінула

У жыллёва-камунальную гаспадарку Мікалай Даніілавіч прыйшоў у 1997 годзе, калі яе кіраўніком быў Станіслаў Іванавіч Пятроўскі. Ён і прапанаваў Герасіму месца слесара на кацельні з перспектывай павышэння.

Так, адвучыўшыся патрэбны тэрмін, Мікалай Даніілавіч быў пераведзены на аператара кацельнай.

IMG_3826.jpg

– Быць аператарам больш адказна, – гаворыць мужчына. – У слесара вузейшы профіль – у асноўным гэта рамонт абсталявання. Аператар жа адказвае за пуск і работу катлоў, падпітку іх вадой, назірае за ўзроўнем і тэмпературай вады ў катлах, ціскам пары, рэгулюе гарэнне паліва. Пад маім наглядам таксама работа насосаў, рухавікоў, вентылятараў і іншых дапаможных механізмаў.

– За час, што я працую ў кацельнай, змянілася многае, – працягвае Мікалай Даніілавіч. – Стала больш абсталявання: для патрэб невялікага пасёлка хапала аднаго катла, цяпер жа горад патрабуе іншых магутнасцей. Да таго ж раней катлы распальвалі ўручную: запальваеш кнот, прасоўваеш яго ў топку і падаеш газ. Потым уручную “падганяеш” тэмпературу. Цяпер прасцей: усё робіцца націскам кнопкі. А вось абсталяванне рамантаваць, наадварот, было прасцей – сваімі сіламі спраўляліся. Цяпер жа, каб гэта кнопка запрацавала, бывае, даводзіцца брыгаду з Мінска выклікаць. Катлы ў нас газавыя і на дранцы – апошнія ў асноўным выкарыстоўваюцца для падагрэву вады. Працэс падачы дранкі ў кацёл цяпер таксама механізаваны.


ПЫТАННЕ З ПАДВОХАМ

–Ці задумваліся вы пра тое, каб зноў змяніць месца працы?

–І не аднойчы. Першы раз, калі пачалося будаўніцтва атамнай станцыі – думаю, аб гэтым многія думалі і многія пайшлі туды працаваць. Я нават у Варнянах на бетоншчыка адвучыўся. А потым падумаў: і на колькі я там затрымаюся? Будоўля хутка закончыцца – куды пайду? І застаўся на кацельні. Можа, і цяпер куды пайшоў бы – сілы яшчэ хапае. Толькі калі табе пяцьдзясят, добрую работу складана знайсці. Да таго ж, у ЖКГ спакойна, зарплата нядрэнная. Вось і працую…


Сямейныя сакрэты

З жонкай Таццянай Мікалай пазнаёміўся на танцах у Ізабеліна. Там жа і пасялілася пасля вяселля маладая сям’я Герасім.

–На работу ў Астравец ездзіў на матацыкле, які быў старэйшы за мяне, – успамінае, усміхаючыся, Мікалай Даніілавіч. – А пабудавалі кватэру ў кааператыве – і перабраліся ў Астравец.

Ужо нашмат пазней Мікалай Герасім даведаўся, што, як ветэран Афганскай вайны, мог разлічваць на бясплатныя “метры”.

–Што тут гаварыць? – пацісквае плячыма мужчына. – Каб ведаў, канешне, выкарыстаў бы гэту магчымасць. Але ўжо як склалася…

Нядаўна Герасімы пераехалі ў невялічкі дом у Бялькішках, кватэру ў горадзе пакінулі дзецям: у Мікалая Даніілавіча два дарослыя сыны Яўген і Канстанцін, якія ўжо самі абзавяліся сем’ямі. Яўген, дарэчы, як і бацька, працуе ў Астравецкай ЖКГ – зваршчыкам.

–У Бялькішкі я выехаў з задавальненнем, – расказвае Мікалай Даніілавіч. – Кватэрнае жыццё не для мяне. Я павінен быць пры рабоце, нават пасля начной змены не сплю – заўсёды знайду сабе занятак.

–З дзяцінства захапляюся рыбалкай, – працягвае мужчына. – Дый і не можа быць інакш, калі ты вырас на беразе ракі. Памятаю, калі кручка для вуды не было, з цвіка яго рабіў. Залезеш на дрэва, якое спусціла свае галінкі над вадой, закінеш гэты самаробны кручок у празрыстую ваду і назіраеш, як вакол яго рыба мітусіцца. І , ведаеце, клявала!

36547.jpg

У ДАДАТАК

– Чым заканчваеццца ваша рабочая змена?

– Занясеннем апошніх дадзеных у журнал. Подпіс стаўлю, што “пост здаў”. Здараецца “ў трубку” дыхаю – на наяўнасць алкагольных праміле (Смяецца). Хоць звычайна гэта працэдура праводзіцца ў пачатку змены. І ўжо на выхадзе з кацельні планую, чым займуся дома.

– Калі і дзе вам падабаецца адпачываць?

– Калі ёсць магчымасць, у адпачынак іду летам – можна больш спраў перарабіць. Аднойчы вырашыў: пайду зімой – адпачыў, канешне, добра, але ж толькі рыбачыў.

– Як вы лічыце, колькі грошай патрэбна чалавеку для шчасця?

– А шчасце, па-мойму, не ў гэтым. Галоўнае – быць здаровым. Ёсць такая прымаўка: грошы згубіў – нічога не згубіў, час згубіў – шмат згубіў, а здароўе згубіў – усё згубіў. Такі прынцып жыцця і ў мяне.


Текст:
Фото: Ольга Хотянович