15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

14:58 / 15.02.2011

ХХ стагоддзе было “шчодрым” на ваенныя канфлікты. На якіх толькі франтах не ваявалі беларусы, дзе толькі не пралівалі сваю кроў і не знаходзілі вечны супакой! Для тых, хто здолеў вынесці ўсе цяжкасці і вярнуўся дадому, і для іх загінуўшых баявых сяброў існуе ў календары спецыяльны дзень – 15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Для большасці – звычайны дзень, а для іх –напамін пра смерць, боль і слёзы…


Сёлета дэлегацыя, у склад якой увайшлі старшыня раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў С.С. Ціток, ваенны камісар І.М. Чычварын, галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі райвыканкама Т.М. Букель, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама А.У. Трамбовіч, напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў выехалі да бацькоў загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў Іосіфа Канстовіча і Станіслава Бялячыца і на могілкі, каб ушанаваць памяць нашых землякоў.
Перш за ўсё дэлегаты наведаліся да бацькоў Іосіфа Канстовіча ў Гудагаі, каб выказаць ім сваю падзяку за сына, які спаўна выканаў свой воінскі  абавязак перад Радзімай, і распытаць іх аб самым галоўным: ці добра ўсё ў іх, ці дапамагае сельсавет, ці ёсць самае неабходнае? На жыццё старыя не скардзяцца, хаця пэўныя праблемы, як і ва ўсіх людзей іх узросту, канешне, ёсць.
Наступны прыпынак – могілкі ў мястэчку Гудагай. Ля магілы Іосіфа Канстовіча дэлегаты кожны па-свойму, падбіраючы самыя галоўныя і самыя неабходныя словы, гавораць сваё “дзякуй”. Вянок да помніка, хвіліна маўчання...
Затым – доўгая дарога ў аддалены куточак раёна – вёску Завідзіненты. Пакуль едзем па асноўнай дарозе – усё добра, але як толькі збочваем на прасёлак, машына пачынае “стагнаць”, бо дарогі амаль няма... На парозе сваёй хаты нас сустракае маці героя.
– А я сэрцам адчувала, што вы сёння прыедзеце, – кажа яна.
Пасля размовы з маці дэлегаты едуць на магілу колішняга салдата Станіслава Бялячыца.
Тут шмат кветак, відаць, што ўдзячныя нашчадкі не забываюць героя. Мы ставім свой вянок да агульнай колькасці. Сам помнік, зроблены бацькамі за ўласны кошт яшчэ ў далёкім 1982 годзе, патрабуе аднаўлення. І гэта варта было б зрабіць, тым больш, што ў гэтым годзе Станіславу Бялячыцу споўнілася б 50 год. Але ён назаўсёды застанецца дваццаціаднагадовым…


Антон МАЛЬШЭЎСКІ.