Дзмітрый Місюк: «Не работа, а стыль жыцця»

09:21 / 04.03.2019
Аб выбары прафесіі, пераадольванні ўласных слабасцей, прыярытэтах міліцэйскай службы і ўражаннях ад Астравеччыны расказаў напярэдадні прафесійнага свята начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрый Місюк

-9dPdZc6tlg.jpg



– Як адрэагавалі на прапанову ўзначаліць астравецкую міліцыю?

 – Згадзіўся, амаль не раздумваючы. Гэта новы вопыт для мяне, а я люблю спасцігаць новае і не магу доўга знаходзіцца ў статычным стане. (Усміхаецца) Тым больш, што Астравецкі раён цікавы і ўнікальны – грэх было не выкарыстаць такую магчымасць. Акрамя гэтага, я не мог не апраўдаць аказаны мне давер. Калі б адмовіўся – выходзіць,  спалохаўся адказнасці і праблем. А гэта не ў маіх правілах. У школе я быў не самым смелым хлопцам, хутчэй, наадварот – сціплым, непрыкметным і баязлівым. Пакуль аднойчы ў старэйшых класах не сказаў сабе «Хопіць!». Заняўся спортам, самаразвіццём – і назаўсёды развітаўся са словам «страх».   

 – Але ж Паставы пакінулі пэў­ны след у вашым лёсе і ў душы?

 – Я не першы раз мяняю горад і месца службы. Пасля заканчэння акадэміі МУС была магчымасць застацца ў Мінску, але вырашыў вярнуцца на радзіму – і пайшоў у крымінальны вышук Мядзельскага РАУС. Праўда, праслужыў там нядоўга – праз месяц стаў оперупаўнаважаным па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Там за пяць гадоў службы прайшоў цудоўную школу міліцыі. А ў 2013 годзе прапанавалі ўзначаліць Пастаў­скае аддзяленне Дэпартамента аховы МУС. У выніку стаў адным з самых маладых начальнікаў гэтай службы – на той час мне было 25 гадоў. Я ведаў, што будзе няпроста – і першыя 9 месяцаў было сапраўды складана. На той час Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы знаходзілася ў занядбаным стане. Да таго ж амаль увесь калектыў глядзеў на мяне, мякка кажучы, скоса. Аўтарытэт і павагу трэба было заваёўваць не словамі, а справамі, таму закасаўшы рукавы пачаў працаваць. Да гэтага аддзяленне размяшчалася ў аварыйным будынку. Знайшоў участак у цэнтры горада, зрабілі праект: 22 чэрвеня 2014 года там з’явілася тэхніка, а ў маі 2015-га мы ўжо засяляліся ў новы двухпавярховы будынак. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, скажу толькі, што  цяпер Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы – адно з лепшых у вобласці.    

 – І якія ў вас уражанні ад новага месца жыхарства і службы – ад аддзела ўнутраных спраў, горада і Астравеччыны ўвогуле?

– За 9 месяцаў з калектывам РАУС наладзіліся нармальныя працоўныя адносіны. Адчуваю, што супрацоўнікі разумеюць сутнасць маіх патрабаванняў і, спадзяюся, што будуць якасна выконваць свае абавязкі. Калі кагосьці давядзецца пакараць – ён будзе дакладна ведаць, за што, тое ж тычыцца ўзнагарод. Я – за тое, каб калектыў дзяліўся са мной сваімі цяжкасцямі пры нясенні службы. Задача кожнага кіраўніка – забяспечыць падначаленым нармальныя ўмовы для працы.
Астравец – цудоўны перспек­тыўны горад, які імкліва развіваецца. А з раёнам я знаёмы з дзяцінства: нарадзіўся ў Нарачы, у Свірскім сельсавеце жылі бабуля з дзядулем, і мы нярэдка наведваліся ў Міхалішкі і Страчу.

 – Чаму выбралі службу ў міліцыі?

 – Усё проста: мой бацька быў міліцыянерам, я вырас, прымяраючы яго фуражку і форму, таму яшчэ ў дзіцячым садку я ведаў, што вырасту – і стану міліцыянерам.

 – Раскажыце крыху пра сваю сям’ю.

 – З будучай жонкай я пазнаё­міўся, калі быў курсантам-трэця­курснікам акадэміі МУС. Я тады атрымаў новую форму – не ведаю, чым яе апрацоўвалі, але ў мяне  пайшло раздражненне па скуры. Прыйшоў на праверку ў скурана-венералагічны ды­спансер, а Насця там якраз ста­жыроўку праходзіла – так усё і закруцілася. Пасля заканчэння акадэміі мы пажаніліся. У нас нарадзілася двое цудоўных дзетак – сын Данііл і дачка Варвара. Гучыць банальна, але сям’я – мой сапраўдны надзейны тыл. 

 – Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?
– Хочацца сказаць шмат, але пажадаю галоўнага: здароўя, узаема­павагі, як мага менш крыва­душнасці і негатыву ў жыцці. А калі сустрэнецца хтось­ці, хто ў нечым не згодны – хай ён аб гэтым скажа ў вочы, а не трымае камень за пазухай. Удачы ўсім і міліцэйскага шанцавання! 
Текст: