Пытанне рэпарцёру: чаму не працуе аптэка?

10:30 / 02.02.2011

Ва ўпраўленне па  працы, занятасці і сацыяльнай абароне патэлефаваў жыхар вёскі Гервяты і пацікавіўся: “Чаму ў Гервятах не працуе аптэка?”.


За адказам на пытанне мы звярнуліся да Васілія Васільевіча Будніка, загадчыка цэнтральнай раённай аптэкі. І вось які адказ атрымалі:
– Аптэка ў Гервятах існавала шмат гадоў.  Але ў 2009 годзе спецыяліст, якая там працавала, звольнілася па ўласнаму жаданню, і з-за недахопу кадраў мы вымушаны былі закрыць там гэтую ўстанову. Справа ў тым, што ў аптэцы могуць працаваць толькі фармацэўтычныя работнікі.
Але на месцы аптэкі быў  адкрыты пункт – месца рэалізацыі лекавых сродкаў і сродкаў індывідуальнай абароны. Дарэчы, у тым жа месцы і ў тым жа памяшканні. У Гервятах можна набыць такія ж прэпараты,  якія ёсць у продажы ў цэнтральнай аптэцы. Калі нейкіх лекаў няма, то ў той жа дзень мы атрымліваем заказ і праз нейкі час дастаўляем іх у Гервяты. Дарэчы, такіх месцаў рэалізацыі лекавых сродкаў у нашым раёне адкрыта 20.
Інфармацыя пра дні і гадзіны працы месца рэалізацыі была даведзена  да ўсіх жыхароў вёскі. Але яшчэ раз нагадаю дні работы: панядзелак, серада, пятніца з 10 да 12 гадзін. Гэтыя ж звесткі змешчаны на цэнтральнай дошцы аб’яў у Гервятах. Пакуль што мы не можам павялічыць час, бо тут працуе штатны супрацоўнік амбулаторыі, які ў дадатак да сваіх абавязкаў, выконвае продаж лекавых прэпаратаў.
Што датычыцца спецыялістаў, то кожны год мы пасылаем запыты аб накіраванні ў Астравецкі раён спецыялістаў-фармацэўтаў, але нашы запыты застаюцца незадаволенымі. Але як толькі ў раён прыедзе малады спецыяліст, а здарыцца гэта не раней 1 жніўня, і тое ў тым выпадку, калі ён будзе сюды накіраваны, у Гервятах адразу ж адкрыецца аптэка. Мы самі зацікаўлены ў гэтым.
Алена ЯРАШЭВІЧ.