“Беларуская лыжня” паклікала на старт

15:55 / 26.01.2019

Лепшыя лыжнікі Астравеччыны сабраліся на гарадскім стадыёне, каб праверыць сваю фізічную форму, паспаборнічаць у хуткасці на снежнай трасе і атрымаць ад гэтага задавальненне. Тут прайшлі  раённыя спаборніцтвы «Беларуская лыжня – 2019». 

IMG_8484.jpg

Сёлета традыцыйныя спаборніцтвы праходзілі на новым стадыёне – і тут усё адпавядала ўрачыстай атмасферы спартыўнага свята: гучала музыка, цярпліва ўзвышаўся ў чаканні сваіх герояў п’едэстал і вабіла-пятляла па снежным палатне лыжня. Не сумавалі без справы перад стартам і ўдзельнікі спаборніцтва: адны «абкатвалі» лыжы, стоячы на месцы, другія павольна прагульваліся, а трэція, размінаючыся,  імкліва наразалі кругі па стадыёне. 

Як і ў папярэднія гады, «Беларуская лыжня» сабрала юных і дарослых аматараў лыжных гонак: свае сілы на трасе правяралі школьнікі і прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Барацьба за перамогу праходзіла ў розных узроставых катэгорыях і на розных дыстанцыях. Сёлета дарослыя лыжнікі, прадстаўляючы свае арганізацыі, выступалі толькі ў асабістым заліку. 

IMG_8474.jpg

Перад стартам удзельнікаў спаборніцтва пры­вітаў першы намеснік старшыні райвыканкама Іван Карніла:
– У нашым раёне вялікая ўвага надаецца развіццю спорту і прапагандзе здаровага ладу жыцця. Сённяшнія спаборніцтвы яшчэ раз гэта пацвярджаюць. Жадаю ўсім удзельнікам лёгкага старту, добрых вынікаў і цудоўнага настрою. І няхай пераможа мацнейшы! 
Пяціхвілінная гатоўнасць, апошнія тлумачэн­ні суддзяў, парады і падбадзёрваючыя словы настаўнікаў і сяброў – і першапраходцы «Беларускай лыжні», падымаючы снежную віхуру, адправіліся на старт.

IMG_8478.jpg


Забег першы: дзяўчынкі 2005-2006 гадоў нараджэння; жанчыны 50+

Удзельніц забегу чакала дыстанцыя ў 1 кіламетр. 
Нецяр­плівае напружанне ў нагах,  гарэзлівыя агеньчыкі ў вачах – і па камандзе «Марш!» уся няўрымслівая натура вырываецца на волю. Сярод юных спартсменак знаёмыя прозвішчы пераможцаў раённых і ўдзельніц абласных спаборніцтваў «Снежны снайпер», якія пацвердзілі сваё лідарства і на «Беларускай лыжні». Першае месца ўпэўнена заняла Мілана Мілаш (Міхалішкаўская СШ), другое – Анастасія Крэз (Кямелішкаўскі НПК), трэцяе – Рэната Волай (Варнянскі НПК).
Катэгорыя 50+ была прад­стаў­­­лена адзінай удзель­ніцай – Аленай Гаевай (дзіцячыя яслі-сад №2), якая годна справілася з дыстанцыяй.

 Забег другі: дзяўчынкі 2002-2004 гадоў нараджэння
Удзельніцы гэтага забегу высвятлялі, хто з іх хутчэйшы і спрытнейшы на дыстанцыі 2 кіламетры. Лепшы вынік пра­дэман­стравала Юстына Тубіс (Кямелішкаўскі НПК), следам за ёй фінішавала Наталля Свіла (Гудагайская СШ), на трэцім месцы – Яна Казлоўская (Кямелішкаўскі НПК).

IMG_8516.jpg

Забег трэці: жанчыны 40-49 гадоў; мужчыны 50+
Назіраючы, як удзельніцы забегу лёгка і грацыёзна прахо­дзяць 2 кіламетры, пачынаеш сумнявацца: ці не пераблыталі суддзі ўзроставыя катэгорыі? Першай дыстанцыю прайшла Часлава Сідарэвіч (Альхоўская СШ), другое месца заняла яе сястра Эліна Гражуль-Гульбінская (Міхалішкаўская СШ), трэцяе – Жанна Волк-Леановіч (Астравецкая ЦРБ).
У мужчынскай гонцы было толькі два ўдзельнікі. Пераможцам стаў Аляксандр Ляцкі (аддзел адукацыі), сярэбраным прызёрам – Тадэвуш Стаціна (Астравецкі лясгас).

IMG_8569.jpg

Забег чацвёрты: хлопцы 2005-2006 гадоў нараджэння; мужчыны 40-49 гадоў
Зноў у ліку фаварытаў бы­лі знаёмыя прозвішчы «снежных снайпераў». На «выдатна» 2 кіламетры снежнай тра­сы прайшоў Максім Бразе­віч (Спондаўскі НПК). Другое месца заняў Эрнэст Гілевіч (Гудагайская СШ), трэцяе – Яўген Трафімчык (Міхалішкаўская СШ). 
А вось у мужчынскім забегу адразу вылучылася двое ўдзельнікаў – Ігар Варапаеў і Юрый Раманенка, якія выступалі ў асабістым заліку. Спецыяльныя лыжныя касцюмы, лёгкасць рухаў і прафесіяналізм былі бачны няўзброеным вокам, – мужчыны, здаецца, не ішлі, а ляцелі па лыжнай трасе. І сталі годнымі канкурэнтамі неаднаразоваму пераможцу і прызёру раённых і абласных спаборніцтваў Уладзіміру Салаўю (Астравецкі лясгас). Пераможцам забегу стаў Ігар Варапаеў, другім фінішаваў Юрый Раманенка, трэцяе месца заняў Уладзімір Салавей. 

IMG_8617.jpg

Забег пяты: жанчыны 18-29 гадоў; жанчыны 30-39 гадоў 
Сярод малодшых лыжніц, якія змагаліся на дыстанцыі 2 кіламетры, самай хуткай аказалася Дзіяна Мілаш (аддзел адукацыі). Крыху адстала ад яе Валерыя Сянцова (дзіцячыя яслі-сад №3). На трэцім месцы – Дар’я Смольская (Астравецкі лясгас).
У старэйшай узроставай катэ­горыі, удзель­ніцы якой таксама пераадольвалі 2 кіла­метры лыжнай трасы, безумоўным лідарам стала Людміла Шкурко (Бел­АЭС). Другое і трэцяе месцы занялі дзве Таццяны: на «сярэбранай» прыступцы п’едэсталу аказалася Таццяна Кучэўская (Белдзяржстрах), а на «бронзавай» – Таццяна Васюкевіч (РАУС). 

IMG_8620.jpg


Забег шосты: хлопцы 2002-2004 гадоў нараджэння; мужчыны 30-39 гадоў
Удзельнікі абе­дзвюх  муж­чынскіх узроставых катэгорый дэманстравалі вытрымку, сілу волі і прагу пе­ра­могі на самай доўгай дыстанцыі – 3 кіла­метры. Сярод школь­нікаў першае месца заняў Мікіта Кушлевіч (Спондаўскі НПК), другое – Андрэй Міхайлоўскі (Міха­лі­ш­каўская СШ), трэцяе – Віталь Гілевіч (Гудагайская СШ). 
У дарослай катэгорыі найлепшы вынік прадэманстраваў Артур Грачанік (Астравецкі ФСК), другім фінішаваў Аляксандр Качкан (РАУС), трэцім – Раман Патоцкі (асабісты залік).

Забег сёмы: мужчыны 18-29 гадоў 
Удзельнікі гэтага забегу таксама пераадольвалі трасу працягласцю 3 кіламетры – і маладыя людзі з лёгкасцю прайшлі гэтую дыстанцыю. Лепш за ўсё гэта атрымалася ў Паўла Рассошкі (ЦРБ). Другое месца заняў Руслан Алізар (аддзел адукацыі), трэцяе – Віталь Лось (ЦРБ). 
Пераможцы і прызёры спа­бор­ніцтваў былі ўзна­га­ро­джаны медалямі і дыпломамі. 

IMG_8488.jpgIMG_8493 (2).jpgIMG_8525 (1).jpgIMG_8540 (1).jpgIMG_8544.jpgIMG_8557.jpgIMG_8575.jpgIMG_8598.jpgIMG_8619.JPG]IMG_8643.JPG



Текст:
Фото: Марина Мацкевич