Акцыя “Наш жывёлавод” прайшла ў КСУП “Гервяты”

15:42 / 25.01.2019
1892

На Астравеччыне працягваецца прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”. На гэты раз Падзячныя пісьмы і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымалі працаўнікі КСУП “Гервяты”.

IMG_0600.jpg

На фермы і комплексы старшыні прафсаюза аграрнікаў Юрый Адула і прафсаюзнай пярвічкі гаспадаркі Інэса Пятровіч выправіліся з раніцы.

На МТФ “Чэхі” дзве даяркі Алена Янэцкая і Галіна Урбановіч дояць 111 кароў. Па словах жанчын, да працы яны прывыклі, не хапае толькі падменнай даяркі, якая магла б даць выхадны.

IMG_0599.jpg

Амаль 15 гадоў на ферме “Малюта” доіць кароў Алена Янковіч, яе партрэт пазалетась быў занесены на раённую Дошку гонару. У дзяцінстве жанчына хацела стаць настаўніцай, але жыццё прывяло ў сельскую гаспадарку. Цяпер у групе даяркі 69 кароў і 6 цялятак, для якіх Алена Зянонаўна як другая мама.

Заспець на МТФ “Сакалойці” аператара машыннага даення Іну Рэваку мы не змаглі – жанчына была на выхадным, а вось сустрэцца з даяркай Святланай Вяржынскай і работнікамі МТФ “Міцюны” атрымалася. Калектыў тут малады, вясёлы і дружны. Усё малако на МТФ “Міцюны” пастаўляюць перапрацоўшчыкам вышэйшым гатункам.

IMG_0605.jpg

На малочна-таварным комплексе “Рымдзюны” пазменна працуюць чатыры аператары машыннага даення: Ганна Праўлуцкая, Алена Дзямідчык, Ларыса Гілевіч і Людміла Грыбкова. У адрозненне ад фермаў, дзе кароў дояць два разы на дзень, на комплексе ў Рымдзюнах практыкуецца трохразовая дойка: раніцай і вечарам дояць восем груп, днём – пяць. За мінулы год з каровы тут надаілі 7 253 кілаграмы малака, што на 126 кілаграмаў больш за пазалеташні год. На перапрацоўчыя прадпрыемствы паступае 75% рымдзюнскага малака гатункам “эстра”.

IMG_0609.jpg

На МТК “Дайлідкі” Падзячныя пісьмы і падарункі атрымалі Тарэса Весялова і Галіна Каляда.

IMG_0615.jpg

На комплексе па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы ў Гервятах працуюць больша за 50 чалавек. Лепшымі былі прызнаны аператар па дарошчванні жывёлы Вера Кацяш і аператар па адкорме Валянціна Гульбіновіч.

IMG_0614.jpg

IMG_0623.jpg

Трыццаць гадоў назад Вера Кацяш з мужам пераехалі з Украіны ў Беларусь, столькі ж гадоў жанчына працуе ў гаспадарцы. Цяпер ў групе цялятніцы – 180 цялятак узростам ад 1 да 6 месяцаў.

Валянціна Гульбіновіч разам з мужам на комплексе даглядаюць каля 400 быкоў. У жывёлагадоўлі жанчына працуе 26 гадоў. Пачынала даяркай на малочна-таварнай ферме “Сакалойці”, а потым, калі купілі дом у Міцюнах, перайшла на комплекс па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы.

Каментарый

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула:

– Нагадаю, мэта акцыі – не толькі ўшанаваць лепшых жывёлаводаў, але і сустрэцца з калектывамі. У КСУП “Гервяты” мы наведалі большасць малочна-таварных ферм і ўсе комплексы. Радуе, што работнікі штогод атрымліваюць спецадзенне і абутак, але засмучае, што праблема з бытавымі памяшканнямі, дзе б працаўнікі маглі пераапрануцца і пагрэцца ў марозы, так і не вырашана. На МТФ “Сакалойці” і комплексе па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы гэтыя памяшканні цалкам адрамантаваныя, засталося толькі набыць мэблю, а ў Чэхах памяшканне патрабуе грунтоўнага рамонту. Гэтыя і іншыя пытанні будзем трымаць на кантролі.








Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений