Анастасія Бандарчук: «Астравец стаў для мяне родным»
09:40 / 08.01.2019
Раскажыце пра сваю малую радзіму.
Нарадзілася я ў Маладзечне, там жа вучылася, хадзіла ў школу, там прайшлі мае студэнцкія гады. Маладзечна – гэта родныя мясціны, цёплыя ўспаміны і шчаслівае дзяцінства. Самае любімае месца горада – вуліца Прытыцкага, «Брадвей», як яе называюць у народзе. Там заўсёды было шмат моладзі, праходзілі фестывалі з выязным гандлем, песнямі і танцамі. Калі я была маленькай, усё навокал – палаткі, сцэна, людзі, святочныя ўпрыгажэнні – здавалася мне такім вялікім!
Дом бацькоў знаходзіцца непадалёк ад гэтай вуліцы, каля чыгуначнага вакзала, у раёне, які маладзечненцы называюць Лясным. Гэта нібы вёсачка пасярод вялікага горада. Там і на самой справе дыхалася лёгка – як у лесе, бо жылі мы ў прыватным сектары. Гады майго дзяцінства – гэта вялікія гурбы за плотам, санкі і снежныя бабы, якія я ляпіла з сябрамі, вялікая горка, на якой любіла бавіць зімовы час дзетвара, – на чым толькі мы з яе не з’язджалі!
Ці часта там бываеце?
Пры кожнай магчымасці стараюся наведаць бацькоў. Атрымліваецца дзесьці раз на месяц. Падгадваем так, каб ехаць усёй сям’ёй. У Маладзечне жывуць і мае сястра з пляменнікамі. Усе разам мы збіраемся ў бацькоў – і няма для нас нічога лепшага, цяплейшага і шчаслівейшага, чым такія сямейныя пасядзелкі.
Ці бывае ў чалавека другая радзіма?
У 19 гадоў я пераехала ў чужы на той час для мяне Астравец. Кожныя выхадныя імчала ў Маладзечна. А потым тут, у невялічкім пасёлку, якім тады быў наш горад, у мяне з’явіліся сябры, муж, дзеці. І неяк непрыкметна я палюбіла горад, у які мяне закінула жыццё.
Астравец стаў маёй радзімай. І хоць пражыла я тут ужо пятнаццаць гадоў, зразумела гэта толькі нядаўна – калі пераехала ў свой дом, стала гаспадыняй у ім і ў сваім жыцці. Цяпер Маладзечна для мяне – другая радзіма, а Астравец заняў у маім сэрцы першае месца.