“І жменька цукерак была за шчасце,” – успамінае Валянцін Гульбіновіч

09:59 / 03.01.2019
1798
Валянцін Гульбіновіч, дырэктар завода «Радыёдэталь»:

IMG_7241.jpg

Валянцін Гульбіновіч другі справа

– Калі да мяне прыходзіў Дзед Мароз, усе дрэвы вакол нашага дома –  а іх было шмат, бо жылі мы на хутары, – былі такімі вялікімі! 
А якім чароўным было перадсвяточнае пачуццё чакання цуда і новых эмоцый!.. Падарунак пад ёлкай заўсёды быў для мяне нечым другарадным. Людзі раней жылі проста і сціпла, таму для многіх дзяцей нават жменька цукерак ад Дзядулі Мароза была за шчасце. Але нашмат цікавей было стаць на зэдлік і старанна адрапартаваць  падрыхтаваны з нагоды вершык. Памятаю, як трохгадовым хлапчуком запомніў і выразна, як мне здавалася, прачытаў пад ёлачкай верш, які на ўрок літаратуры вучыла сястра: «Товарищ, верь, взойдет она, звезда пленительного счастья…» 

А навагодняе дрэва ў нас заўсёды было жывым – і гэта традыцыя захавалася ў мяне да сённяшніх дзён. Пах свежай хвоі, прынесенай у хату з марозу, і цукеркі ў дадатак да навагодніх цацак, ад якіх вельмі хутка заставаліся толькі акуратна закручаныя паперкі, – вось ён, Новы год майго дзяцінства. 

Касцюмы ў школу мы, дзеці, рабілі самі: шылі са старых рэчаў, выразалі і клеілі з паперы і кардону… Мы былі піратамі, рыцарамі або мушкецёрамі. Гэта была добрая магчымасць пакрасавацца перад дзяўчынкамі, таму касцюм кожны стараўся зрабіць прыгожым, брутальным, як сёння кажуць, «крутым». Да таго ж за самы лепшы касцюм на ранішніках давалі падарункі. Чым не стымул да творчасці? Самай удалай лічылася маска, у якой цябе як мага даўжэй не пазнавалі... 

Матэрыялы для падрыхтоў­кі касцюма збіралі  зараней, прычым дазвол у бацькоў прасілі не заўсёды. Аднойчы з сябрам так захапіліся працэсам, што са старадаўняга гадзінніка, вялікага і прыгожага, які знайшлі на гарышчы, змайстравалі дзі­восны «навагодні» камбайн. Ён нават ездзіў па падлозе! І тут у хату ўвайшлі мае бацькі… Часта думаю: можа, і інжынерам я вырашыў стаць менавіта пасля гэтага выпадку? (Смяецца)
Зрэшты, Дзеда Мароза я ўсё яшчэ чакаю – кожны год…



Текст: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений