Алеся Кашко і цяпер верыць у Дзеда Мароза

09:52 / 03.01.2019
1478
Алеся Кашко, намеснік начальніка аддзела адукацыі

1.jpg

– Самае  любімае свята ў нашай сям’і – гэта Ражаство. Так было ў дзяцінстве і ёсць цяпер. Напярэдадні мы ставім жывую ёлачку, усёй сям’ёй упрыгожваем  яе цацкамі: мішкі, мышкі, дзеды марозы... – сённяшнія цацкі ні ў якое параўнанне не ідуць  з тымі, якія былі ў нашым дзяцінстве.  Кожны год мы набываем адну новую цацку, таму сучасныя на ёлачцы таксама ёсць.

На Ражаство ўсёй сям’ёй ішлі ў касцёл. А калі вярталіся, то мы з сястрой перш-наперш заглядвалі пад ёлачку. Гэтая традыцыя захавалася і сёння: як і раней, мы з нецярпеннем чакаем гэтае свята, упрыгожваем ёлачку і менавіта на Каляды атрымліваем падарункі. 
 Канешне, Новы год мы таксама адзначаем: накрываем стол, загадваем жаданні, віншуем адзін аднаго…

У дзяцінстве ў нас у кожнага быў свой Дзед Мароз – яму мы  адрасавалі свае просьбы. А потым бацькі выведвалі ў нас нашы пажаданні – і выконвалі іх. Аднойчы я папрасіла ў Дзеда Мароза боцікі – белыя, падбітыя футрам,  такія, як у Снягурачкі, – і 25 снежня я іх атрымала. Колькі было радасці!

 У школе таксама былі свае традыцыі. Пад Новы год у кожным класе працавала майстэрня Дзеда Мароза.  Мы рабілі ёлачныя цацкі і ланцужкі з паперы, а потым імі ўпрыгожвалі класы і школьную ёлку.

Навагоднія ранішнікі праходзілі весела: карагоды, песні, вершы, гульні… Хлопчыкі і дзяўчынкі ў касцюмах Сняжынак, Зайчыкаў, Піратаў…. У сярэдніх класах мы ўжо ўдзельнічалі ў навагодняй праграме для пачаткоўцаў. Кім я толькі ні была: Скамарохам, Карлсанам і  Снягурачкай! 

 Зрэшты, я і сёння веру ў Дзеда Мароза і чакаю надыходу калядных і навагодніх святаў. З задавальненнем удзельнічаю ва ўсіх дабрачынных і школьных святах – і сыграць ролю якога-небудзь казачнага персанажа не адмовілася б! Усе мы  родам з дзяцінства, і кожны, асабліва ў такія чароўныя святы, як Ражаство і Новы год, чакае цудаў і здзяйснення жаданняў! 
Текст: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений