Воронские школьники о Дедушке Морозе, чудесах и подарках

12:04 / 02.01.2019
Напярэдадні Новага года наш рэпарцёр сустрэўся з тымі, хто верыць у навагоднія цуды і дакладна ведае, што калі нечага моцна чакаць і жадаць, то казка ажыве, а мары абавязкова здзейсняцца. Вучні Варонскага дзіцячага сада – пачатковай школы расказваюць пра калядныя і  навагоднія цуды.

IMG_0042.jpg

Эмілія Гіновіч, Даша Рабкоўская, Жэня Кяжун, Таня Таргонская, Насця Лукашэвіч 

– Якія святы мы хутка будзем адзначаць?
Даша:  Куццю, Новы год…
Таня: Каляды…

– А хто галоўныя персанажы гэтых святаў?
Таня: Дзед Мароз і Снягурка.
Жэня: Баранчык.

– Які баранчык?
Жэня: Ну, такі, з рогамі… Ой, не, гэта ж год Свінні будзе!

– Хто ведае, дзе жыве беларускі Дзед Мароз?
Эмілія: У Белавежскай пушчы?..

– Правільна. А хто-не­будзь быў у яго ў гасцях?
Разам: Не, не былі.

– А хочаце?
Усе разам: Так! Там прыгожа. І цікава. Там звяроў розных шмат.

– Дык можа, ведаеце, хто яшчэ там з Дзядулем Марозам жыве?
Даша: Алені.
Насця: Гномы.
Жэня: А там яшчэ ўсялякія прыборы ёсць, якія робяць цацкі!
Эмілія: І Снягурачка дапамагае.
Жэня: Санта Клаус!

– А Санта Клаус і Дзед Мароз – гэта не адзін і той жа казачны герой?
Таня:  Не, наш Дзед Мароз у Белавежскай пушчы жыве!
Жэня:  А Санта Клаус там… у Паўднёвай… Амерыцы?.. Не, у гэтай… У Еўразіі!
Даша:  У Антрактыдзе?

– А скажыце, жонка ў Дзеда Мароза ёсць?
Разам: Ээээ… Так!.. Не?..

– Хто лічыць, што жонка ў Дзеда Мароза ёсць, скажыце, як яе завуць?
Жэня:  Проста жонушка?..
Эмілія: Сняжынка?..
Таня: Снежная Каралева!

– Давайце паспрабуем падумаць. Калі Дзед Мароз прыходзіць да нас?
Разам:  Калі холадна… і снег вакол ляжыць.
Жэня:  Летам ён заняты – вырабляе цацкі і лялек для дзяцей.

– Значыць, Дзед Мароз да нас прыходзіць калі?
Разам:  Зімой!

– Тады жонку Дзеда Мароза завуць як?..
Разам: Зіма?..

– Так, Матухна Зіма. А Снягурачка адкуль узялася?
Насця:  Яе са снегу дзед і баба зляпілі.
Жэня: Ага! Я ў мульціку «Дзед Мароз і Маша» гэта бачыў.
Даша:  І я бачыла. Яна там у халадзільніку сядзела, каб не растаць…
Таня:  А потым дзед з бабай некуды паехалі…
Жэня:  А яна з сябрамі на вуліцу пайшла, і яны там праз агонь скакалі…
Эмілія: І Снягурачка выпарылася... А потым на аблачыне паляцела некуды.
Насця: А потым Дзед Мароз яе зноў зляпіў.

– А вы, спадзяюся, праз агонь не скачаце?
Разам: Не!!! Гэта небяспечна!

– Добра, што вы такія асцярожныя і паслухмяныя! Напэўна, Дзед Мароз вам ужо і падарункі падрыхтаваў. Вы ж ужо даслалі яму лісты?
Жэня:  Я хадзіў на пошту, каб адправіць ліст Дзеду Марозу.
Насця: А мая мама паштальёнам працуе. Так што я ёй свой ліст аддала, каб яна адправіла.

– А што ж вы, цікава, папрасілі?
Эмілія:  Ляльку... А з яе потым такі прыгожы матылёк з’яўляецца.
Насця: Я набор для малявання папрасіла. Люблю маляваць! Я неяк рэчку намалявала, дрэва, з якога лісточкі чырвоныя падаюць, зайчыка. Але мне яшчэ трэба вучыцца і трэніравацца!

– А што Даша папрасіла?
Даша:  Шлёпусы.

– Што?
Даша:   Шлёпусы! Гэта гульня такая, у ёй трэба шлёпаць вусамі па картцы...

– А што рабіць тым, у каго вусоў няма?
Даша:   Дык яны там у каробку пакладзены – вусы на палачцы... Імі і трэба шлёпаць па сваіх картках!
Таня:  Я таксама хачу на­бор для малявання. Я ня­даў­на ёлку намалявала, Дзеда Мароза і Снягурку. Сяброў сваіх час ад часу малюю.
Жэня: А я на Новы год хачу жывога зайца, каб яго даглядаць, гуляць з ім, карміць.

– А як Дзед Мароз дзецям падарункі  дастаўляе?
Жэня: У яго чароўныя сані ёсць! Туды шмат чаго пакласці можна!
Насця: А запрагае ён у сані аленяў.

– А я думаў, што Дзед Мароз на тройцы белых коней ездзіць…
Даша: Не! На аленях.
Жэня:  Я неяк бачыў, як яны праз дарогу беглі. У іх яшчэ рогі такія вось (спрабуе паказаць).

IMG_0049.jpg

Насця Кяжун, Вераніка Тарашкевіч, Паліна Прыстаўка, Вераніка Ігнатовіч, Арцём Лапінскі, Даніла Аўгуль, Саша Бумбуль, Лёша Бумбуль

– Якія касцюмы вы падрыхтавалі на нава­годні ранішнік?
Паліна:  Я Лісічкай буду!
Насця:  А я Піраткай!
Вераніка Ігнатовіч:  Снегавіком. Ой, Сняжынкай! 
Вераніка Тарашкевіч:  А я – Снягуркай!

– Снягуркай? А што ты рабіць будзеш?
Вераніка Тарашкевіч:  Вершык чытаць: «Я к вам пришла из зимней сказки. Я вся из снега-серебра. Мои друзья – мороз и иней. А звать Снегурочкой меня…»

– А кім хлопчыкі на Новы год апрануцца?
Саша: Я Мішкам буду.
Лёша:  А я – Чалавекам-павуком. У мяне маска ёсць.
Арцём:  Я – Фрэдзі!

– А хто гэта?
Арцём:  Ну, гэта з гульні. Ён там сядзіць у цемры і забівае людзей.

– А мама ведае, кім ты хочаш быць на Новы год?
Арцём: Я ёй пазней скажу.

– А ты, Данік, кім быць хочаш?
Даніл:  Я буду Дэдпулам. У мяне ўжо і маска ёсць, і пісталеты, і мячы…

– Арцём і Даніла, а ча­му вам хочацца быць дрэннымі і не­пас­лух­мя­нымі героямі? Ці вы лічыце, што ў гэтым шчасце? Ці ў чым іншым?
Вераніка Тарашкевіч:  Шчасце – у жыцці!
Хлопцы:  У дарослым жыцці!

– Якое ж шчасце ў дарослым жыцці: трэба рана падымацца, пра­цаваць, каб грошай зарабіць, дзяцей накарміць, за святло і газ заплаціць, адзенне і абутак купіць…
Арцём: А я не буду працаваць. У мяне бу­дзе дзяўчына, якая будзе зарабляць шмат грошай…
Саша: Шчасце ў Дзе­дзе Марозе.
Лёша: У грашах!
Насця: Шчасце ў школе, калі адзнакі добрыя, у жыцці… Не, ну ўсё ж у грашах!

– І шмат грошай трэба? 
Насця:  Рублёў сто хо­піць. Каб можна было схадзіць у магазін, купіць цукерак і пячэння, з’есці іх – і спаць! А ранкам яшчэ сто каб давалі.

– А як іншыя лічаць? 
Вераніка Тарашкевіч: Шчасце –  у дзецях!
Паліна: Я таксама думаю, што ў дзецях! Ну і ў грашах, канешне!
Вераніка Ігнатовіч:  У здароўі! 

– І што ж, толькі грошы ўсім патрэбны? Няўжо вы ў Дзеда Мароза толькі грошы прасілі?
Саша: Я папрасіў Нёрф. Гэта такі пластыкавы пісталет, ён пластмасавымі кулькамі страляе.
Лёша:  Я таксама ў Дзя­дулі Мароза пісталет папрасіў.
Арцём:  А я аўтамат хачу – эмку.
Даніла: Канструктар.
Паліна: А я хачу гіра­скутар! У нас у Бе­разоўцы нармальны ас­фальт ёсць – на ім можна катацца!
Вераніка Тарашкевіч:  Фею, якая лётае. Я па тэлевізары бачыла такую. Яе на руку ставіш, а яна ўзлятае.
Вераніка Ігнатовіч:  Калекцыю бонсцікаў! 
Насця:  Набор для малявання, блок-зарадку і сквіш.

– А гэта што такое? 
Насця: Сквіш – гэта такая цацка, яе сціскаеш, а яна зноў становіцца такой, як была. Цацка-антыстрэс.

– У цябе так многа стрэсаў?
Насця:  Вельмі шмат! У мяне ёсць сястра, яна нада мной пастаянна здзекуецца! Арцём заўсёды мяне нервуе: дастае ў школе.

 – Ну гэта вы ўсё, напэўна, у сваіх лістах да Дзеда Мароза напісалі. А як вы гэтыя лісты перадавалі яму?
Насця:  Я пад ёлачку паклала вечарам, а ранкам яго ўжо не было.
Паліна:  Я таксама паклала свой ліст пад ёлачку.
Вераніка Ігнатовіч:  І я! 
Вераніка Тарашкевіч: А я напісала ліст і дала маці, каб адправіла яго па пошце – і мне Дзед Мароз відэавіншаван­не даслаў. 
Даніла:  А я ліст з па­жа­даннямі склаў у сама­лёцік і закінуў на ёлку.
Арцём: Я сваю паш­тоўку ў шкарпэтку паклаў…
Лёша: А да нас Дзед Мароз ужо прыходзіў. Цукеркі прыносіў мне і Сашу. І дзве тачылкі.
Насця:  І мне Дзед Мароз ужо падарунак прынёс – такую штуку, каб мабільнік трымаць. Праўда, мама яе ўжо парвала. Цяпер будзе сама новую купляць.
Саша:  А я свой ліст у скрыню з-пад пячэння схаваў, каб бацькі не знайшлі.

– Добра. Пра пада­рункі высветлілі. А як іх, на вашу думку, Дзед Ма­роз пад ёлачку кла­дзе?
Вераніка Ігнатовіч:  Ну, ён жа чараўнік: кіем стукне – і ў росце змяншаецца! 
Саша:  А потым у доме зноў вырастае.
Насця:  А яшчэ ён можа праз комін у хату заляцець.

Новы год прыйшоў і прашоў. Казка ажыла ў нашых, нават самых дарослых сэрцах, няхай, можа ў некага, усяго толькі на адзін дзень. Ну, а калі вашы мары ўсё ж не спраўдзіліся, то магчыма гэта падстава задумацца аб сваіх паводзінах і стаць у новым 2019 годзе больш добрымі, больш шчырымі і лепшымі. 

Текст:
Фото: Антон Мальшевский