Як АПэшка да святаў рыхтавалася
08:15 / 30.12.2018
Мае бацькі-журналісты не могуць загнаць мяне ў рэдакцыю: так хочацца ўсе гурбы перамераць, пакачацца-паваляцца ў гэтым белым пухнатым снезе! Хоць яны, ведаю, і самі не супраць са мной пабавіцца – ды саромеюцца: маўляў, салідныя людзі, у грамадска-палітычнай газеце працуюць. Лічаць, што не да твару ім такія глупствы. Праўду кажуць: усе дарослыя некалі былі дзецьмі – толькі некаторыя пра гэта забыліся. Шкада…
Спачатку сталі думаць, як гэта зрабіць, каб прыгожа было не толькі ўвечары, калі агеньчыкі зіхацяць, а і ўдзень, і каб не так, як у мінулым годзе, а нешта новенькае з’явілася, арыгінальнае і ў адным стылі.
(Пра стыль мне мама Генрыхаўна ўсё расказала: калі адно акно чырвонае, другое – сіняе, а трэцяе – жоўтае, гэта ўсё роўна, што палітончык надзець чырвоны, берэт – сіні, туфлікі – зялёныя. А вось калі ўсё адно з другім спалучаецца, адной ідэі падпарадкоўваецца – гэта стыль… Прыходзьце, калі хочаце, да мяне – я вам раскажу. А калі што забудуся – мама Генрыхаўна падкажа!)
…Але бухгалтар Наташа, падбіваючы гадавы баланс, сказала, што летась шмат грошай на навагоднія ўпрыгажэнні патрацілі і сёлета няма за што шыкаваць: Антончыку трэба новую камеру купіць, а Марынцы – камп’ютар, гэта – важней…
А мама Генрыхаўна запярэчыла: калі з розумам і творча да справы падысці, то зусім неабавязкова шмат грошай траціць. І паказала, як гэта – з розумам і творча: навучыла ўсіх рабіць прыгожыя кампазіцыі з яловых лапак – цяпер яны на кожным рэдакцыйным акне. А калі іх снегам крыху прысыпала, дык стала зусім казачна!
А яшчэ Грышка выразаў аленя з Дзедам Марозам, які нясе нам падарункі – я да яго ў санкі кожны дзень заглядваю, правяраю: ці не з’явілася там што новенькае? Бацькі кажуць, што рана яшчэ, а я думаю: а раптам?
Усе стараліся рэдакцыю ўпрыгожваць – і зараз усе радуюцца.
Толькі выйшла за парог рэдакцыі – а каля магазіна «Ліра» такая фотазона: там і ёлачка, і гірлянда, і навагодняе віншаванне, і бліскучыя сняжынкі… Ну проста немагчыма абмінуць, не сфатаграфаваўшыся!
Ну і наглядзелася ж я: не горад у нас, а адно суцэльнае захапленне! Усё ззяе, усё зіхаціць: на слупах – прыгожыя кампазіцыі, на кветніках – ззяючыя шары, у скверы – ёлачкі мігцяць, падміргваюць, цуды абяцаюць. А нашу галоўную ёлку вы бачылі? Праўда, прыгажуня?
І ў другім мікрараёне каля новага фізкультурна-аздараўленчага комплексу ёлачка з’явілася – вось бы каток ля яе яшчэ залілі: было б як у Маскве! І я б навучылася на каньках катацца!
І падумалася: цяжка, напэўна, будзе журы вынікі конкурсу падводзіць, калі столькі ўсялякай прыгажосці прыдумана…
Зрэшты, хай сабе: мы ж не для конкурсу яе рабілі, а для саміх сябе! Каб нам радасна было, бо нездарма ж кажуць: з якім настроем Новы год сустрэнеш, з такім яго і пражывеш.
Дык няхай ён і будзе такім – святочным і радасным – у нас, у вас, ва ўсіх жыхароў Астравеччыны і ва ўсіх добрых людзей!
З надыходзячым вас!
Ваша АПэшка.