Святыні Астравеччыны: Дайлідскі касцёл

09:15 / 24.12.2018
Храм – гэта не толькі будынак, дзе праходзяць богаслужэнні, але і людзі, якія прыкладам свайго жыцця паказваюць, што такое вера і любоў да Бога. 

Як нашы дзяды і прадзеды шмат гадоў назад па цаглінцы, па бярвенцу іх будавалі, так і мы з вамі ў праекце «Святыні Астравеччыны» паспрабуем аднавіць іх гісторыю.  

У наступным годзе Дайлідская па­рафія будзе адзначаць ажно 2 юбілейныя даты: 90-годдзе касцёла і 30-годдзе вяртання святыні вернікам.
За гэты час касцёл Апекі Маці Божай зведаў холад заняпаду: некалькі дзесяцігоддзяў стаяў зачынены і напаўразбураны. Але, дзякуючы намаганням нястомных і самаадданых у веры і ўчынках людзей, якімі  багатая дайлідская зямля, цяпер ён перажывае часы свайго росквіту…

дайлідкі - у друк.jpg

Больш за 20 гадоў касцёльны камітэт узначальвае Казімір Варановіч – ва ўсіх сэнсах чалавек ад Бога. Каля 30 гадоў ён, не шкадуючы сіл і часу, па крупінках збіраў звесткі пра касцёл, занатоўваў аповеды лю­дзей старэйшага веку, звяртаўся ў архівы Літвы і Польшчы… Вынікам гэтага плёну сталі 50 таўшчэзных тамоў з лістамі, спісанымі вялікі­мі круглымі літарамі. Дзякуючы Ка­зіміру Станіслававічу, у гісторыі Дайлідскай парафіі не засталося белых плямаў, а імёны святароў, што тут служылі, ведаюць нашчадкі.

IMG_8676.jpg

– Да 1949 года наша парафія называлася Даўкшышскай, – тлумачыць Казімір Ста­ні­с­лававіч. – А з 1989 года стала Дайлідскай, таму што Даўкшышкі, Дайлідкі і Вагісы аб’ядналіся ў адну вёску, якая стала называцца Дайлідкамі. 

2 050 вернікаў адносілася да Даўкшышскай парафіі да 1949 года.

Адкуль ёсць пайшоў?

З гістарычных дакументаў вядома, што касцёл Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі будаваўся на землях паноў Лашкевічаў, якія ахвяравалі на гэта 10 гектараў зямлі. Пастараліся і іншыя людзі: Ізыдор Белавус з Тракеляў, напрыклад, даў 6 гектараў ворнай зямлі, 1 гектар – Юстын Кашкевіч з маёнтка Валярын.

У паноў Лашкевічаў быў сын, які служыў афіцэрам у Варшаве. Там ён пазнаёміўся з дачкой прэзідэнта Троцкага. Каханне маладых было настолькі моцным, што яны пабраліся шлюбам, які ў наш час назвалі б модным словам «мезальянс»: сын правінцыйных паноў не роўня дачцэ прэзідэнта. Але, відаць, бацькам з абодвух бакоў хапіла розуму і мудрасці прыняць рашэнне дзяцей. Больш таго: цешча паніча, пані Барбара Адзінцова з роду Рамэраў, пахаваная каля Дайлідскага касцёла.

Але вернемся да будаўніцтва. Дастаткова хутка, улічваючы, што ў той час усё рабілі ўручную, – усяго за чатыры гады, з 1805 па 1809, быў узведзены драўляны касцёл пад кіраўніцтвам віленскага ксяндза-каноніка Антонія Сумістроўскага і Брыгіты Міхайлоўскай з роду Сумістроўскіх – магчыма, яго маці ці сястры.

Да 1858 года проба­шчам  парафіі быў Юстын Корвін Саковіч, які і пахаваны каля касцёла. Пры ім з 1820 па 1822 год у Тракелях на зямлі паноў Дабрыяновічаў побач з цудадзейнай крыніцай была пабудавана драўляная капліца Святога Якуба. З той пары ля крынічкі штогод 25 ліпеня адбываюцца ўрачыстыя богаслужэнні. У 1837 годзе, дзякуючы святару, на дайлідскіх могілках з’явілася драўляная каплічка. 

На жаль, падчас Першай сусветнай вайны касцёл у Даўкшышках згарэў. Ксёндз Зыгмунд Стафінскі праводзіў богаслужэнні ў каплі­цы на могілках. І пара­фіяне вырашылі на месцы спаленага касцёла пабудаваць новы. 

– Галоўнымі ахвярадаўцамі былі Уладзімір і Гэлена Лашкевічы з маёнтку Даўкшышкі, пан Качан з маёнтку Новы Двор, пан Гутаровіч з маёнтку Юзуліна і іншыя. З дакументаў вядома, што 17 чэрвеня 1927 года парафіяне ўзялі доўгатэрміновую пазыку на 1 960 злотых. Да параўнання: пуд жыта ў той час каштаваў 2 злотыя,  – расказвае Казімір Станіслававіч. – Будаўніцтва працягваў ужо ксёндз Станіслаў Сташэліс і першы старшыня касцёльнага камітэта Уладзімір Лашкевіч. На будоўлю святыні былі выпісаны майстры з Вільні, якім дапамагалі мясцовыя жыхары: Ігнат Рзун, Станіслаў Рабчун, Антон Захарэўскі, Франц Грудзінскі. 

daukszyszki-kosciol-b1.jpg

Лес для будаўніцтва касцёла быў выдзелены ў Доржы пад Іўем. Людзі не шкадавалі ні сябе, ні коней, на якіх прывозілі ў Даўкшышкі таўшчэзныя  бяр­венні. У 1929 го­дзе завяршылася будаўніцтва касцёла.

– На будаўніцтва пайшло 15 680 злотых. Храм, які атрымаў тытул Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, 13 кастрычніка 1929 года асвяціў арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. З таго часу Марыя і апякуецца дайлідскай зямлёй. Наш касцёл унікальны тым, што ён адзіны ў Беларусі, які названы ў гонар апекі Панны Марыі, – працягвае Казімір Станіслававіч. – А ксяндза Станіслава Сташэліса, які разам з парафіянамі будаваў храм, падчас Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе фашысты расстралялі  каля Іўя.

Захавалася сведчанне Генавефы Бурштыновіч пра асвячэнне касцёла:
«Падсолтыс Дайлідак Баля­слаў Сяргей пазычыў у некага з Вільні форму кавалерыстаў. Прыгожа апранутыя мужчыны, з шаблямі, конна сустракалі біскупа на станцыі Ашмяны. У суправаджэнні гэтай вар­ты арцыбіскуп Рамуальд Я­лбжыкоўскі на аўтамабілі прыехаў у Дайлідкі».

Тады Генавефе ішоў толькі пяты год, але дзяўчынка на ўсё жыццё запомніла, як сам арцыбіскуп падвёз яе на аўтамабілі.
Да 1949 года святары ў Даўк­шышках працавалі па тры гады, не больш. Пасля ксяндза Ста­ніслава Сташэліса былі Леон Масакоўскі, Адольф Мачульскі, Віктар Гагалінскі, Лукаш Попел і Аляксандр Пясляк, які ў 1949 годзе цяжка захварэў. Мясцовыя жыхары вельмі шанавалі святара за спагадлівасць і дабрыню, таму на крэсле прыносілі яго ў касцёл адпраўляць імшу. На жаль, хвароба адужала ксяндза Аляксандра, які ў лістападзе памёр і быў пахаваны каля касцёла. Часта ў Дайлідках бываў пляменнік ксяндза Аляксандра Тадэвуш Квяндкоўскі, які пасля смерці дзядзькі штогод прыязджаў на  яго магілу.

Пасля смерці Аляксандра Песляка касцёл быў зачынены. У 1950  годзе храм прыстасавалі пад збожжавы склад і падсобны цэх калгаса імя Калініна – і ў гэтай якасці ён выкарыстоўваўся да 1988 года.

– У 1982 годзе здарыўся пажар: загарэлася масла пад станкамі у падсобным цэху, – расказвае Казімір Станіслававіч. – Але праз некаторы час агонь сам па сабе патух. Гэта бачылі вартаўнікі Раман Гродзь і Часлаў Бравінскі. На тых, хто быў сведкам цуду – інакш не скажаш, гэта зрабіла вялікае ўражанне. Настолькі,  што хлопец з Солаў Валерый Лісоўскі, які працаваў падсобным цэху, пазней стаў святаром. 

Вяртанне да вытокаў
Нягледзячы на тое што людзі не мелі магчымасці маліцца ў храме – пабожнасць і веру яны захавалі. Маёвыя набажэнст­вы і чэрвень­скія ружанцовыя пра­ходзілі ва ўбогай хаце Генавефы Бурштыновіч. А касцёл быў разрабаваны. Больш таго: знайшліся людзі з прыезджых, якія ўзламалі скляпенне паноў Лашкевічаў і выцягнулі адтуль іх парэшткі, – мясцовыя жыхары потым іх вярнулі на месца.

Часы мяняліся – пачалася перабудова, улады да веры сталі адносіцца больш лаяльна. Вернікі пачалі дабівацца, каб святыню ім вярнулі. Найбольшую актыўнасць праяўлялі Адэля Байкоўская, Марыя Пятроўская, Ядвіга Матыяшкойць, Генавефа Бурштыновіч, Станіслаў Барташэвіч і іншыя. Парафіянам дапамагалі дэкан астравецкі ксёндз-прэлат Алёйза Тамковіч, ксяндзы Жупранскай і Сольскай парафій Юзаф Занеўскі і Альберт Масальскі.
У 1989 годзе святыню вярнулі  вернікам: 29 лістапада пасля 40-гадовага перапынку адбылася святая імша. 

– Першым старшынёй касцёльнага камітэта быў абраны Міхаіл Матыяшкойць, казначэем – Часлаў Бравінскі, – расказвае Казімір Станіслававіч. – У снежні 1989 года пачалося аднаўленне касцёла. Вялікую дапамогу аказаў калгас імя Калініна на чале са старшынёй Віктарам Ермаком: на патрэбы будаўніцтва было выдзелена каля 200 тысяч рублёў.  На аднаўленні касцёла працавала калгасная брыгада пад кіраўніцтвам Эдуарда Баніцэвіча.
Духоўнае жыццё Дайлідскай парафіі аднавілася 9 верасня 1990 года, калі новапрызначаны пробашч касцёла айцец Бернард Радзік з ордэна кармялітаў адправіў  тут першую імшу. З таго дня богаслужэнні ў Дайлідскім касцёле адпраўляюцца кожную нядзелю і ў святы.

Біскуп Тадэвуш Кандрусевіч 20 красавіка 1990 года нанова асвяціў касцёл. На ўрачыстасці прысутнічаў і біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ажно 120 чалавек у гэты дзень прынялі сакрамэнт бежмавання. 

У лістападзе 1991 года ў касцёле пабудаваны тры алтары: Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, святой Тэрэсы і святога Юзафа. А абраз Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, які ўратавалі вернікі, адвёзшы ў Сольскі касцёл, вярнуўся ў родны храм.

Аднаўленнем абразоў і роспі­сам алтароў Дайлідскага касцёла займалася жонка Казіміра Станіслававіча – таленавітая мас­­тачка Тарэса Варановіч з сяст­рой Ірэнай Герасім і дачкой Вік­торыяй.

IMG_8711.jpg

– Да 1999 года працаваў быў айцец Казімір Мараўскі, які служыў у нас разам з айцом Бернардам Радзікам, – расказвае Казімір Станіслававіч. – А 19 лістапада 2002 года дэкрэтам біскупа Аляксандра Кашкевіча парафія стала называцца Дайлідскай і ў яе склад увайшлі Дайлідкі,  Даўкшышкі, станцыя Ашмяны з прылеглымі вёскамі. А пробашчам быў прызначаны ксёндз Алег Шпень.  

Пасля 53-гадовага перапынку сярод людзей ізноў пачаў жыць  ксёндз… Відаць, жыхары Дайлідак маюць перад Богам асаблівую ласку, бо імі апякуецца сама Маці Божая.  

За дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула шчыра дзякую Казіміру Варановічу.

P.S.  Мы маем намер расказаць пра ўсе храмы Астравеччыны. Хоць зрабіць гэта не так проста: з  кожным годам усё менш сведак, цяжка шукаць архіўныя матэрыялы.
Калі ў вас ёсць архіўныя фотаздымкі, вы самі або з расповедаў сваіх родных ці знаёмых ведаеце пра святароў, якія служылі ў храмах, валодаеце цікавымі звесткамі пра іх будаўніцтва – патэлефануйце, калі ласка, па нумары 20-1-50 ці напішыце на элект­ронную пошту alena.svjatka@tut.by 
Адновім гісторыю святынь Астравеччыны разам!
Текст:
Фото: з архіва Дайлідскай парафіі