Чым займаюцца валанцёры “Карытаса”

16:06 / 18.12.2018
Адвэнт – час добрых спраў. 
Праз шчырыя малітвы за блізкіх, дапамогу лю­дзям, ­якія перажываюць у сваім жыцці не самыя лепшыя часы, мы набліжаем сустрэчу з Божым Дзіцяткам…

У парафіяльным доме касцёла Святых Космы і Даміяна, які год назад гасцінна адчыніў дзверы перад дзецьмі, моладдзю і іх бацькамі, віруе напоўненае радасцю, добрымі справамі і сустрэчамі жыццё – у гэтым я ўпэўнілася, завітаўшы на чарговую моладзевую сустрэчу.

IMG_5741.jpg

Вокны рэдакцыі выходзяць на парафіяльны дом. Штодзень назіраю, як на заняткі па рэлігіі і сустрэчы спяшаецца дзятва і моладзь. Нягледзячы на слату, снег ці дождж, хлопчыкі і дзяўчынкі, бягуць сюды кожны дзень. 
Аднойчы я вырашыла па-су­седску зазірнуць на агеньчык і зразумець, чаму дзяцей, як магнітам, цягне ў парафіяльны дом. 

IMG_5737.jpg

…Вясёлы дзіцячы шчэбет, рэпетыцыі, буйства яркіх фарбаў – здавалася, трапіла ў шчаслівую краіну, дзе пануе згода, радасць і, канешне ж, вера. 
Дзякуючы намаганням свя­тароў, сясцёр законных, якія найбольш апякуюцца дзецьмі і моладдзю, бацькам, літаральна за год парафіяльны дом стаў падобным на вулей, дзе кіпіць жыццё.

Тут кожны заняты сваёй справай. Хтосьці да дошкі пры­ма­цоўвае фотаздымкі з сумесных паездак і пілігрымак. Іншыя рэпеціруюць калядныя песні і пастаноўку… 

IMG_5753.jpg

Дарэчы, тут я даведалася, што кветкі расцвітаюць і ў снежні! У не­вялікім пакойчыку, на вок­нах якога сярод сасновых вяночкаў схаваліся круглабокія анёлкі, дзеці разам з сястрой Наталляй рабілі кветкі з каляровай гафрыраванай паперы і цукерак: «кветкі любові» – так яны назвалі свае вырабы. А на стале, згодна з адвэнтавай традыцыяй, гарэла адна з чатырох свечак – кожная з іх гарыць адзін тыдзень: чатыры свечкі – чатыры тыдні Адвэнту. 

IMG_5730.jpg

– Вялікі букет ужо паехаў на выставу ў Віцебск, – расказвае сястра Наталля. – Разам з моладдзю – валанцёрамі дабрачыннага таварыства «Карытас» – мы ўжо больш за месяц робім «кветкі любові»: той, каму яе падораць,  пачастуецца цукеркай, а кветачка застанецца на памяць як сімвал светлай радасці. Іх падорым адзінокім, хворым, людзям з інваліднасцю, каб яны ведалі і адчувалі, што не адны ў гэтым свеце; што маленькі Езус, які хутка народзіцца, прыйдзе да кожнага з нас. 

IMG_5726.jpg

– Сёння мы дапамагаем рабіць кветкі сваім старэйшым сябрам. Спадзяюся, яны спадабаюцца тым, хто іх атрымае, – гаворыць Аліса Сяржанава. – Мне падабаецца хадзіць у касцёл, я з нецярпеннем чакаю свята Божага нараджэння.
Да размовы далучаюцца і іншыя дзяўчынкі – яны ў адзін голас расказалі дэ­віз сваёй да­бра­чын­най ак­цыі:

«Кветка любові» няхай кранае
Кожнае чалавечае сэрца,
А любоў Божая ўсіх з’яднае –
І будзем жыць у Божай апецы. 

Творчым працэсам, акрамя сяс­тры Наталлі, кіравала і па­ра­фіян­ка Таццяна Лапшэвіч. Яна стала валанцёрам, дзякуючы прык­ладу дачок Вікторыі і Юліі.

– Сустракаемся мы раз на тыдзень, а то і часцей, – расказвае жанчына. – Спраў хапае, асабліва падчас Адвэнту. Акрамя кветак з салодкім «вочкам», для дзяцей з прытулку зрабілі яшчэ і пакрытае каляровай глазурай пячэнне. 

IMG_5742.jpg

Больш за год у астравецкім «Ка­рытасе» «валанцёраць» брат і ся­с­тра Дзіяна і Дзяніс Юцкевічы. 
– Мне падабаецца дапамагаць блізкім – і гэта я раблю не толькі ў касцёле, – расказвае дзяўчына. – Ад радасці іншага чалавека на душы робіцца святлей. Спа­дзяюся, гэтыя кветкі падораць адзінокім людзям часцінку нашай любові.

  Думкі сястры падзяляе і брат:
– Добрыя справы розныя бываюць. Часам добрага слова хапае, каб падняць чалавеку настрой.
Адвэнт – самы час зрабіць тое, што мы адкладвалі на заўтра. Знайдзіце вольнае акенца ў сваім працоўным графіку, каб пазваніць бацькам ці адведаць іх. Пакрыўдзіліся ці кагосьці пакрыўдзілі – папрасі­це прабачэння… І не шкадуйце добрых слоў, як гэтыя дзеці не шкадуюць «кветак любові» для тых, каму не хапае пяшчоты, спагады, дабрыні. 

IMG_5729.jpg

Рэлігійная місія «Дабрачыннае таварыства «Карытас» па добрай традыцыі распачало штогадовую дабрачынную акцыю «Калядная свечка». Паўдзельнічаць у ёй можа кожны жадаючы.

 На працягу Адвэнту ва ўсіх парафіях Гро­дзенскай дыяцэзіі можна будзе ахвяраваць пасільную для сябе суму, каб набыць свечку. Усе сродкі пойдуць на патрэбы сацыяльна неабароненых дзяцей. А свечка, запаленая ў Вігілійны вечар, стане сімвалам таго, што вы рыхтаваліся і чакалі маленькага Езуса. 
Текст:
Фото: Алена Гануліч