Гервяцкае лясніцтва справіла наваселле

14:08 / 14.12.2018
2851

Напачатку года адно з самых буйных лясніцтваў Астравеччыны – Гервяцкае – адзначыла сваё 50-годдзе. Сімвалічна, што ў гэты юбілейны год напярэдадні калядных і навагодніх святаў яго работнікі атрымалі шыкоўны падарунак – новы адміністрацыйны будынак. Напрыканцы мінулага тыдня адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.

IMG_6395.jpg

Гервяцкія лесаводы да наваселля рыхтаваліся не адзін тыдзень. Побач з адміністрацыйным будынкам ужо разбіты дэндрапарк, у якім растуць больш за 15 відаў дэкаратыўных дрэў і кустоў, закладзена плантацыя буякаў на плошчы каля 0,3 гектараў, а на тэрыторыі наведзены ідэальны парадак…

Апошнія перадсвяточныя штрыхі наводзілі напярэдадні наваселля: побач з офісам, упрыгожаным сасновымі лапкамі, гасцей вітала рознымі каляровымі агеньчыкамі ёлка.

IMG_6384.jpg

Павіншаваць калег з наваселлем прыехалі не толькі лесаводы Астравеччыны, але і суседзі са Смаргоншчыны, госці з Гродзенскага лесагаспадарчага аб’яднання і іншых лясгасаў вобласці.

Па словах дырэктара Астравецкага лясгаса Рыгора Мечыслававіча Долгага, у Гервяцкім лясніцтве створана добрая база для работы, а калектыву не хапала аднаго – сучаснага адміністрацыйнага будынка.

IMG_6387.jpg

З наваселлем гервяцкіх лесаводаў павіншаваў і намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Мікалаевіч Зелянко.

– Сёння на Гродзенчшыне адкрылі адразу два адміністрацыйныя будынкі – у лясніцтвах Навагрудскага і Астравецкага лясгасаў, – віншуючы гервятцаў з наваселлем, сказаў генеральны дырэктар Гродзенскага ДВЛГА Андрэй Міхайлавіч Дзівін. – Тое, што работнікі Гервяцкага лясніцтва будуць працаваць у камфортных умовах – у многім заслуга Рыгора Мечыслававіча Долгага.

IMG_6412.jpg

Пераразанне чырвонай сімвалічнай стужкі, асвячэнне будынка, якое правялі благачынны Астравецкага благачыння айцец Георгій Савіцкі і пробашч Гервяцкага касцёла Святой Тройцы Эліяс-Анатоліюс Маркаўскас – і новы офіс Гервяцкага лясніцтва напоўніўся галасамі.

IMG_6400.jpg

А ўжо назаўтра святочны настрой гервяцкіх лесаводаў змяніўся на працоўны. І ва ўтульных цёплых памяшканнях, абсталяваных сучаснай тэхнікай, працаваць шмат лепш!

   IMG_6380.jpg

IMG_6397.jpg

IMG_6420.jpg

IMG_6422.jpg

IMG_6425.jpg


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений