Школьны тэатральны фестываль выявіў новыя таленты

17:14 / 09.11.2018
1505

Ідэя правядзенняконкурсу тэатральных пастановак “Скарбніца” ў аддзеле адукацыі ўзнікла ў пачатку года, калі стала вядома, што ён аб’яўлены Годам малой радзімы.

– Напачатку прайшлі занальныя этапы, дзе былі вызначаны лепшыя тэатральныя калектывы. Яны і сустрэліся ў фінале, які падчас восеньскіх канікулаў сабраў пераможцаў – тэатральныя калектывы гімназіі №1, Міхалішкаўскай СШ і Падольскага НПК і Альхоўскай сярэдняй школы, які атрымаў спецыяльны прыз журы, – расказала метадыст Астравецкага вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Міхайлаўна Апановіч. – Прыемна, што ўсе абраныя пастаноўкі, гучалі па-беларуску.

IMG_2760.jpg

Гімназісты выйшлі на сцэну першымі – яны паставілі “Мікітаў лапаць” Міхася Чарота: гледачы ўспрынялі спектакль на “ўра”.

Тэатральны гурток “Парасткі” Падольскага НПК прадставіў камедыю Васіля Вольскага “Несцерка”. Цікавая дзея, дасціпны гумар пачатку 20 стагоддзя – захапляюча.

Калі ж на сцэне разгарнулася драма Аляксея Дударава “Вечар”, абыякавых у зале не засталося: міхалішкаўскія школьнікі так праўдзіва ігралі ролі Мульціка, Гастрыта і Ганны, што – камяк стаяў у горле, а мурашкі бегалі па скуры…

IMG_2875.jpg

– П’еса была выбрана невыпадкова. У Міхалішках знаходзіцца аддзяленне сястрынскага догляду, у якім дажываюць свой век адзінокія і пакінутыя людзі. У некаторых з іх ёсць дзеці, якія па нейкіх прычынах адмовіліся даглядаць сваіх бацькоў, – расказала рэжысёр-пастаноўшчык драмы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Міхалішкаўскай СШ Наталля Валянцінаўна Ярмак. – Мне хацелася, каб дзеці на сабе адчулі горыч і перажыванні пакінутых бацькоў. Здаецца, у нас гэта атрымалася.

Пакуль журы падводзіла вынікі конкурсу, на сцэну падняліся артысты з Альхоўскай СШ, якія паказалі гледачам урывак з п’есы Янкі Купалы “Раскіданае гняздо”.

IMG_2942.jpg

Члены журы аднагалосна аддалі першае месца міхалішкаўскім акцёрам, другімі сталі гімназісты, трэцімі – школьнікі з Падольскага НПК. Лепшым рэжысёрам прызнана настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Валянцінаўна Ярмак; лепшы рэквізіт быў у гімназіі №1; вучань Міхалішкаўскай СШ Ян Дрозд адзначаны ў намінацыі “Лепшая мужчынская роля”, а Катрына Шульга з Падольскага НПК стала пераможцай у намінацыі “Лепшая жаночая роля”.

Пераможцы конкурсу атрымалі падарункі ад раённых арганізацый РГА “Белая Русь” і БСЖ, граматамі і падарункамі аддзела адукацыі адзначаны ўсе ўдзельнікі фестывалю. Спецыяльны прыз “Астравецкай праўды” дастаўся юным артыстам з Міхалішак.

– Фестываль атрымаўся цікавым – а значыць, што будзе яго працяг, – адзначыла Людміла Міхайлаўна Апановіч. – Тым больш, што юныя акцёры і іх настаўнікі таксама захапіліся тэатральнай творчасцю.

IMG_2849.jpg

IMG_2879.jpg

IMG_2970.jpg

IMG_3077.jpg

IMG_3135.jpg

Текст: Елена Ярошевич
Фото: Антон Мальшевский
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений