Традиционная осенняя сельскохозяйственная ярмарка прошла в Островце
Традыцыйны сельскагаспадарчы кірмаш у Астраўцы сёлета прайшоў на новым месцы – на аўтамабільнай стаянцы насупраць раённай бальніцы.
Аднак на колькасці жадаючых “хлеба і відовішчаў” гэта не адбілася: ужо з васьмі гадзін раніцы доўгія чэргі выстраіліся за варнянскай свінінай, гервяцкай ялавічынай і прадукцыяй з індыка, якую рэалізоўвала фермерская гаспадарка “Астравецкая”. У яе, да слова, попытам карыстаўся і столік для дэгустацыі.
Добра падрыхтаваўся да кірмашу Астравецкі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, які прапаноўваў пакупнікам тавары адразу на некалькіх кропках – і, трэба адзначыць, даволі паспяхова.
Бульба, морква, цыбуля і буракі, безумоўна, былі лідарамі продажу – іх з кірмашу выносілі мяшкамі. Аднак знайшлі сваё месца ў кошыках астраўчан рыба і мёд, яблыкі і перцы, а таксама саджанцы пладовых дрэў, дэкаратыўныя кусты і хвойнікі, жывыя і штучныя кветкі. А некаторыя прыдбалі нават жывых кролікаў.
За добры настрой астраўчан адказваў сектар культуры райвыканкама, які запрашаў і патанцаваць, і разам паспяваць, і ў гульні пагуляць. Дзеці не маглі прайцсі міма салодкай ваты і папкорна, жанчыны – міма работ народных умельцаў: пухавых хустак, шарсцяных шкарпэтак, драўляных лыжак і чарпакоў, завушнічак і бранзалетаў… А мужчыны раз-пораз паглядалі ў бок шашлыкоў і бліноў з начыннем…