Помнік-мемарыял адкрыты на Варнянскіх могілках

16:36 / 16.11.2010
3

На працягу амаль стагоддзя спачываюць на Варнянскіх могілках польскія салдаты, загінуўшыя падчас ваенных дзеянняў 1918-1920 гадоў. Імёны воінаў невядомыя, і, напэўна, менавіта гэты факт прымушае мясцовых жыхароў ставіцца да захавання іх памяці з асаблівай павагай. Магіле невядомага салдата – пашана найвышэйшай пробы. Так прынята ва ўсім свеце.


Шмат гадоў парафіяне на чале з мясцовым пробашчам ксяндзом-дэканам Здзіславам Пікулам падтрымлівалі парадак на магілах, прыносілі свечкі і кветкі на Дзень памінання памерлых. Але час браў сваё – бетонныя крыжы і агароджа вакол месца пахавання пачалі прыходзіць у непрыгоднасць.
Маёр у адстаўцы Дзеанізі Магадзё хаця апошнія 60 гадоў і жыве ў Варшаве, усё ж нарадзіўся і вырас у Варнянах і пра гэта памятае ўсё жыццё. Штогод ён прыязджае ў Варняны і кожны раз прыходзіць на могілкі, дзе пахаваны яго бацькі. Былога салдата не мог не трывожыць стан, у якім знаходзіліся помнікі польскім салдатам. І аднойчы ён вырашыў аднавіць іх. Эскіз рэканструкцыі будучага мемарыялу па яго просьбе зрабіла малады дызайнер, таксама ўраджэнка Варнян Маргарыта Рук. Асноўным падрадчыкам аднаўленчых работ выступіў прыватны прадпрымальнік Анатоль Петрык, а сродкі на іх правядзенне выдзеліў з уласнага рахунку сам Дзеанізі Магадзё.
Адкрыццё помніка пачалося з урачыстай імшы ў Варнянскім касцёле, удзел у якой прымалі не толькі мясцовыя жыхары, але і шматлікія госці: консул і ваенны аташэ польскай амбасады, кіраўнік грамадскага аб’яднання “Саюз ваеннаслужачых Войска Польскага” генерал Адам Рэмбач, журналісты і іншыя асобы. Астравеччыну прадстаўлялі намеснік старшыні райвыканкама В. З. Свіла, старшыня раённага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі Т.М. Мароз, старшыня Варнянскага сельскага Савета М.С. Шыманец, а таксама прадстаўнікі СВК “Варняны”. Памінальная літургія, якую адслужыў ксёндз Здзіслаў Пікула, атрымалася пранікнёнай і светлай.
Гонар прыняць удзел у непасрэдным адкрыцці мемарыялу выпаў на долю генерала А. Рэмбака, консула і ваеннага аташэ польскага консульства, прадстаўнікоў мясцовай улады і, канешне ж, самога “віноўніка” ўрачыстасці маёра Дзеанізі Магадзё.
Чырвона-белае палотнішча, якое закрывала помнік, упала адкрыўшы вачам прысутных: на двухметровай вышыні камяні выбіта выява польскага салдата, побач – надпіс з прысвячэннем “…палеглым на вайне…”.
У цырымоніі ўскладання кветак да мемарыялу ўдзельнічалі ваеннаслужачыя Войска Польскага – пад барабанны дробат і малінавую песню трубы (на адкрыццё помніка спецыяльна прыехалі музыканты з ваеннага аркестра пры прэзідэнце Польшчы) да ног невядомага салдата, які, выбіты на камені, будзе жыць вечна, яны ўскладалі вянкі з руж, архідэй, гваздзікоў…
Потым з кароткай прамовай выступіў генерал Рэмбач – ён павітаў усіх прысутных на ўрачыстасці. І ўсё ж асноўная цеплыня яго слоў была адрасавана тым, што ўжо хутка сто гадоў спачывае пасля ратнай працы на Варнянскіх могілках. А яшчэ генерал падзякаваў Дзеанізію Магадзё – за самаадданасць і ахвярнасць.
Асвяцілі мемарыял адразу два святары: каталіцкі ксёндз Здзіслаў Пікула і праваслаўны бацюшка Георгій Савіцкі. Ініцыятыва запрасіць прадстаўнікоў двух веравызнанняў таксама належыць спадару Дзеанізію. “Мы ведаем, – матываваў гэтае сваё рашэнне Магадзё, – што тут ляжаць палякі, але якой дакладна веры? Няхай жа ніхто з загінуўшых не адчувае сябе абдзеленым!”
А ў фае кінаканцэртнай залы польскіх гасцей ужо з нецярпеннем чакалі астравецкія палякі – члены раённага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі сустрэлі сваіх гасцей традыцыйным хлебам-соллю. А потым запрасілі іх у глядзельную залу. Песні ваеннай тэматыкі ў выкананні хору “Польскае рэха Астраўца” праходзілі на “ўра”. І ўсё ж самае эмацыйна-глыбокае ўражанне пакінула песня “Пяхота” – пра салдат-пехацінцаў у някідкіх воку шэрых шынялях, без бляску і помпы. Пра пяхоту, у якой перад усімі астатнімі родамі войск ёсць толькі адна перавага – першай падымацца ў атаку. Простыя, здавалася б, словы, немудрагелістая музыка, а ў вачах і слухачоў, і выканаўцаў стаялі слёзы.
Госці доўга апладзіравалі самадзейным артыстам. “Неспадзявана… За 250 кіламетраў ад польска-беларускай мяжы… Мы раптам нібы трапілі дамоў, – расчулена дзякаваў харыстам генерал Рэмбач. – Дзякуй вам вялікі за маленькі кавалачак Польшчы, які жыве ў вашых сэрцах”.


Ганна ЧАКУР.