У памяць аб загінуўшых земляках

15:16 / 12.11.2010

У Астраўцы плануецца стварыць памятны знак для ўвекавечання памяці воінаў-землякоў, якія загінулі ў розных ваенных канфліктах.


Нагадаем: ініцыятарамі ўстанаўлення падобнага памятнага знака сталі воіны-інтэрнацыяналісты, якія хацелі ўвекавечыць памяць землякоў, што загінулі падчас баявых дзеянняў у Афганістане і ў іншых “гарачых кропках”.
Старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Сцяпан Ціток прыходзіў з гэтай ідэяй на прыём да намесніка старшыні абласной арганізацыі “Белая Русь” Р.К. Хамуцінніка і намесніка старшыні райвыканкама В.З. Свілы. Хадайніцтва воінаў-інтэрнацыяналістаў было падтрымана і набыло далейшае развіццё. Бо не толькі ў найбольш вядомых войнах – Вялікай Айчыннай, афганскай — гінулі нашы землякі. За больш чым пяць стагоддзяў існавання Астраўца якіх толькі войнаў не пракацілася па нашай зямлі – і ўсе яны збіралі свае ахвяры. Сёння, вядома, мы не можам кожнага ўспомніць пайменна, але добра было б, каб у раёне з’явіўся памятны знак, які будзе ўшаноўваць памяць усіх нашых землякоў, што ў розныя часы загінулі ў ваенных канфліктах.
Ідэю, акрамя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, падтрымалі ветэраны і моладзь – раённыя аддзяленні савета ветэранаў і райкама БРСМ. А таксама – аддзел па справах моладзі райвыканкама, аддзел культуры, райваенкамат. І ўрэшце ініцыятыва аформілася ў рашэнне раённага выканаўчага камітэта, якім быў створаны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і стварэнні памятнага знака. Узначаліў яго намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. У склад увайшлі кіраўнікі ўсіх зацікаўленых арганізацый.
Рашэннем райвыканкама было зацверджана і палажэнне аб правядзенні конкурсу па стварэнню памятнага знака воінам-землякам, што загінулі ў розных ваенных канфліктах. Палажэнне прадугледжвае, што скульптары – патэнцыяльныя ўдзельнікі конкурсу – павінны да 15 лістапада прадставіць у аддзел па справах моладзі райвыканкама заяўку на ўдзел у конкурсе, эскіз і макет памятнага знака, яго апісанне, інфармацыю аб матэрыялах, каштарыс расходаў. Эскізы і макеты памятнага знака, што паступяць на конкурс, будуць выстаўлены на ўсеагульны агляд для абмеркавання. І толькі потым калегіяльна будзе прымацца канчатковае рашэнне аб тым, якому знаку аддаць перавагу.
Плануецца, што памятны знак будзе стварацца за кошт добраахвотных ахвяраванняў арганізацый і грамадзян раёна.


Ніна РЫБІК.