"Смачны" кірмаш прайшоў у Астраўцы

15:32 / 09.11.2010

У кінаканцэртнай зале “Астравец” 3 лістапада Астравецкае райспажыўтаварыства праводзіла выставу-кірмаш з дэгустацыяй сваёй прадукцыі.


Падобнае мерапрыемства з’яўляецца своеасаблівай выставай дасягненняў кааператараў, дзе ў вытворцаў ёсць магчымасць прадэманстраваць лепшыя ўзоры выпускаемай прадукцыі і знайсці новых партнёраў для далейшага супрацоўніцтва.
На кірмашы попытам у пакупнікоў карысталіся хлебабулачныя і кандытарскія вырабы – пірагі, духмяныя булкі, тарты, пірожныя. Дарэчы, асартымент гэтай прадукцыі пастаянна абнаўляецца. Толькі за кастрычнік на хлебазаводзе асвоілі 7 новых відаў прадукцыі – гэта пясочныя кексы “Маффін”, хлеб “Барадзінскі” фармавы па літоўскай тэхналогіі, хлеб падавы, вітушка цукровая, рагалік “Мінскі” і іншыя. А за 9 месяцаў бягучага года асартымент абноўлены на 33 працэнты. Укараняюцца і новыя тэхналогіі: не так даўно прыязджала з вобласці вядучы інжынер і пазнаёміла тэхнолагаў з іншым спосабам вядзення закваскі і цеставядзення, а таксама прапанавала вырабляць макароны з фарбавальнікам і вітамінам А.
Наведвальнікі выставы ахвотна куплялі мясныя паўфабрыкаты – замарожаныя і ахалоджаныя. А работнікі грамадскага харчавання дэманстравалі шэдэўры кулінарыі – мясныя, рыбныя стравы, выпечка выглядалі вельмі прыгожа і апетытна, ды і на смак – пальчыкі абліжаш. Дарэчы, калі вам неабходна арганізаваць якую-небудзь урачыстасць, а стаяць два дні каля пліты не вельмі хочацца ці няма часу, то можна звярнуцца да повараў кафэ і рэстарана, якія зробяць вам сапраўды шыкоўны стол.
На працягу ўсяго часу работы выставы каля прылаўкаў тоўпіліся людзі, якія маглі не толькі купіць, але і прадэгуставаць прадстаўленую прадукцыю.
Многія былі прыемна здзіўлены вырабамі швейнага цэха райспажыўтаварыства. Было прадстаўлена 50 найменняў прадукцыі – пасцельная бялізна, ручнікі, коўдры, халаты, пакрывалы, спецадзенне.



У ходзе выставы была арганізавана неафіцыйная сустрэча старшыні райвыканкама А.Д. Кавалькі з прадпрымальнікамі раёна і прадстаўнікамі гандлёвых арганізацый. Адам Дзмітрыевіч засяродзіў увагу не столькі на вытворчасці, колькі на рэалізацыі прадукцыі. Сапраўды, формула поспеху кожнага прадпрыемства залежыць ад таго, наколькі запатрабавана выпускаемая прадукцыя. А вытворчасць дзеля самой вытворчасці пазбаўлена сэнсу. Таму Адам Дзмітрыевіч заклікаў Астравецкае райспажыўтаварыства і гандлёвыя арганізацыі раёна да цеснага супрацоўніцтва. А прадпрымальнікам прапанаваў уважліва вывучыць асартымент прадукцыі, якую выпускаюць нашы кааператары, і шырэй прадстаўляць яе ў сваіх гандлёвых кропках.
Праводзіць мерапрыемствы такога тыпу – варта. Выстава-кірмаш дала магчымасць Астравецкаму райспажыўтаварыству бліжэй пазнаёміць людзей з асартыментам сваёй прадукцыі, які пастаянна пашыраецца, а таксама знайсці новых партнёраў. Дарэчы, Ашмянскі мясакамбінат ужо выказаў зацікаўленасць у рэалізацыі прадуктаў Астравецкага райспажыўтаварыства у сваіх фірменных крамах. Акрамя таго, з’явілася некалькі заказаў на рэалізацыю хлебабулачных вырабаў ад прадпрымальнікаў раёна.


Вольга ШОЎКУН.