Абноўленая Варонская школа сустрэла вучняў

15:58 / 01.09.2018
12
Напачатку новага навучальнага года  Варонская школа, якая летась адзначыла свой 85-гадовы юбілей, сустрэла вучняў у непазнавальна абноўленым будынку – і гэта можна лічыць яшчэ адным падарункам да юбілею Астраўца, які працягваецца ўвесь гэты год.

IMG_7471.jpg


Шчыра кажучы, у скептыкаў да апошняга дня былі сумненні: ці прыме навучальны комплекс “Варонская пачатковая школа-дзіцячы сад” 1 верасня вучняў? Надта ж вялікі фронт работ разгарнулі тут, а час ляціць хутка…

IMG_7392.JPG

IMG_7366.JPG

Хочацца нагадаць недасведчаным недалёкую гісторыю пераўтварэння гэтай школы. Не так даўно ў Вароне дзейнічала базавая школа – а перапоўнены дзіцячы садок месціўся ў прыстасаваным будынку. Потым па ініцыятыве тагачаснага старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі школу рэарганізавалі ў пачатковую, аб’яднаўшы яе з садком – атрымаўся навучальна-педагагічны комплекс “Пачатковая школа-дзіцячы сад”. Для таго, каб перасяліць сюды дашкольную дзіцячую установу, у адным крыле будынка зрабілі рамонт. Школа ж, як тады здавалася, яшчэ можа патрываць.

IMG_7479.jpg

“Трывання” хапіла ненадоўга: тэрміновага рамонту запатрабаваў дах будынка і яго спартыўная зала: усё ж тое, што будавалася 86 гадоў назад, не адпавядае сучасным патрабаванням і проста прыходзіць у заняпад. Пачалі з самага неабходнага. А далей… Ну як замяніць дах – і не памяняць столь? Не па-гаспадарску… А калі мяняць столь – то што рабіць са старымі сценамі? А калі рамантаваць сцены – то не могуць жа заставацца ў будынку старая прагніўшая падлога? Так вось крок за крокам – але ў вельмі сціслыя тэрміны! – Варонская школа атрымала практычна новае аблічча. І першага верасня яна, новенькая і прыгожая, сустракала сваіх гаспадароў – вучняў і настаўнікаў, а таксама ганаровых гасцей..

IMG_7444.JPG

IMG_7504.jpg

На ўрачыстую лінейку ў Варонскую школу, нягледзячы на яе “пачатковы” статус, завітаў старшыня райвыканкама Ігар Яраслававіч Шалудзін. Трэба казаць праўду -- гэта дзякуючы яго ініцыятыве, намаганням і паўсядзённаму кантролю справу давялося не проста давесці да лагічнага завяршэння, а зрабіць гэта своечасова.

Павіншаваўшы вучняў, настаўнікаў і ўсіх вяскоўцаў з пачаткам новага навучальнага года і тым, што абноўленая школа гатова прыняць дзяцей, Ігар Яраслававіч ўручыў школе сертыфікат на 1 тысячу рублёў на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы. У кіраўніка раённай вертыкалі ў той дзень была яшчэ адна пачэсная місія: уручыць адзінаццаці варонскім першакласнікам падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  – кнігу “Беларусь – мая радзіма”

IMG_7416.JPG

З віншаваннямі і сертыфікатам на 500 рублёў завітала ў школу і намеснік начальнік раённага аддзела адукацыі Алеся Казіміраўна Кашко. З падарункамі прыехалі і будаўнікі, якія ўсё лета ад цямна да цямна і практычна без выхадных шчыравалі, каб школа адкрылася своечасова: дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама Тамара Аляксандраўна Кацяк і  дырэктар Смаргонскага МПМК-165 Аляксандр Антонавіч Гідлеўскі.

Пасля таго, як была перарэзана сімвалічная чырвоная стужка, ксёндз Павел асвяціў школу, вучняў, настаўнікаў і гасцей, усе зайшлі ў абноўлены будынак Варонскай школы… І ахнулі: такога пераўтварэння не чакаў ніхто – хіба што ыя, хто яго прыдумаў. У старых сценах з’явілася зусім новая школа, не горшая, чым сучасныя гарасдскія!

IMG_7380.JPG

IMG_7506.jpg

– Я вельмі ўдзячна старшыні райвыканкама Ігару Яраслававічу Шалудзіну за тое, што ён нас зразумеў і падтрымаў, – сказала дырэктар Варонскага НПК, дэпутат раённага Савета дэпутатаў  Людміла Станіславаўна Сасноўская. – і не менш – Тамары Аляксандраўне Кацяк і будаўнікам. Вы ажыццявілі нашу даўнюю мару!

У Варонскай пачатковай школе сёння займаецца 51 вучань – больш, чым у некаторых сярэдніх. І яшчэ 35 выхаванцаў дзіцячага садка чакаюць, калі яны пойдуць “першы раз у першы клас” гэтай жа шоклы. Так што грошы, укладзеныя ў рамонт гэтага будынка, – не змарнаваныя: гэта інвестыцыі ў будучыню Вароны, прыгожай і перспектыўнай вёскі, у якой, думаецца, вялікая і шчаслівая будучыня!

IMG_7460.jpg

Текст: Нина Рыбик