АПэшка і Яна Галіна аб’яўляюць вайну тытунёвым шапікам

10:50 / 24.07.2018
3842
А вы ведаеце, як прыемна атрымліваць пісьмы – сапраўдныя, у канверце? Я – ведаю! Нядаўна паштальёнка зноў прынесла такое, адрасаванае асабіста мне, –  ад даўняй чытачкі і сяброўкі нашай газеты Яны Галіны. 

АПэшка радость.jpg

А яшчэ больш прыемна, што гэтая сталая жанчына ўжо ў другі раз звяртаецца да мяне, як да дарослай. Вось што яна піша:


«Добры дзень, слаўная АПэшка! (гм-м, я ўжо слаўная? Не ведала…) У чарговы раз чытаю ў раёнцы твае заўважынкі – і радуюся тваёй кемлівасці. (Дзякуй вялікі, вядома, але за гэта не мне – бацькам маім дзякаваць трэба.) Дапамажы ж ты мне, дзяўчынка, разабрацца ў некаторых пытаннях. (Ды з радасцю – калі, вядома, сама змагу разабрацца…)

Прызнаюся: хварэю сваім горадам. Так мне хочацца, каб усё ў ім было адмысловым, самым лепшым і прыгожым! (А каму ж не хочацца? І мне таксама хочацца…)

Як ты лічыш, АПэшка, ці магу я аб’явіць вайну шапікам «Табак», якія з’явіліся на вуліцах нашага горада? Чаму «царскі куточак», як я яго называю, што ззяе кветкамі, «упрыгожвае» гэты смуродны ларок? І касцёлу, што знаходзіцца побач, такое суседства зусім не да твару. Касцёл Космы і Даміяна – гістарычны помнік, большасць жыхароў нашага горада бралі ў ім шлюб, хрысцілі дзяцей, праводзілі блізкіх у апошні шлях, а тут – «Табак»! Прыляпілася пачвара ў самым прыгожым месцы любага Астраўца! А побач – яшчэ адна: шыльда «Гульнявыя аўтаматы» сваім яркім неонам б’е па вачах, як толькі выходзіш з храма – ці ж гэта дастойнае суседства для касцёла?

А на плошчы, непадалёк ад пом­ніка Леніну, стаіць яшчэ адзін «Та­бак». Навошта? Ленін жа не ку­рыў! 
Можа, варта гэтым шапікам іншае месца знайсці: тыя, хто ніяк не пазбавіцца гэтай дрэннай звычкі, атруту для сябе знойдуць…

Не разумею: то мы здаровы лад жыцця прапагандуем і супраць курэння змагаемся – то шапікі на самых пачэсных месцах ставім. Пагадзіцеся – супярэчнасць! А ты як лічыш, АПэшка: ці патрэбны нам гэтыя табачныя шапікі ў цэнт­ры горада?»

 Пачытала я пісьмо Яны Галіны – і, з аднаго боку, гонар мяне разбірае, што такая сталая і паважаная жанчына назвала мяне кемлівай і звярнулася з парадай, а з другога – бяссілле агортвае. Ну што мне адказаць ёй? Што ніхто ў нашай рэдакцыі, акрамя Антончыка, не курыць – ды і той абяцаў мне, што хутка кіне, і нам гэтае суседства таксама – што костка ў горле. І я б таксама хацела, каб замест гульнявых аўтаматаў кніжны ці цацачны магазін з’явіўся, а на месцы шапіка «Табак» – якая-небудзь прыгожая скульптура ці кветкавая кампазіцыя, якая сапраўды будзе ўпрыгожваць горад. 

Але… Я надта маленькая, каб ваяваць з дарослымі дзядзькамі, якія лічаць, што грошы ад продажу тытунёвай атруты – важней за ўсё. І не магу параіць вам, шаноўная спадарыня Яна, ці варта аб’яўляць вайну каму б то ні было: я ўвогуле лічу, што ваяваць ні з кім не трэба: пра ўсё патрэбна дамаўляцца…
…А можа, і не спатрэбіцца тая вайна? Можа нас з вамі і без баявых дзеянняў пачуюць?

DJI_0002_MOV_snapshot_02_39.jpg



 Ваша АПэшка.


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений