Астравецкія і варнянскія школьнікі наведалі музей архітэктуры і побыту ў Азярцы

15:14 / 27.06.2018

У Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту я трапіла некалькі гадоў назад – уражанні і па сённяшні дзень грэлі сэрца і душу. З таго часу не раз ўзнікала жаданне вярнуцца сюды яшчэ раз. А нядаўна і нагода надарылася. Наша рэдакцыя ў Год малой радзімы вырашыла пазнаёміць з народнай архітэктурай і спадчынай пераможцаў конкурсу “Лепшы клас года”.

IMG_0378.jpg

На днях у Азярцо, дзе пад адкрытым небам раскінуўся Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту, адправіліся гімназісты і варнянскія школьнікі.

Дарога да Мінска праляцела хутка – і вось перад намі адкрываецца велізарная пляцоўка з драўлянымі пабудовы, звезенымі пад Мінск з розных куткоў Беларусі, – тут усё так, як стагоддзі назад.

– Ваў, цікава! – у голас здзіўляюцца школьнікі. – Тут праўда ўсё па-сапраўднаму? Як некалі было?

Адказваць на гэтыя і іншыя пытанні школьнікаў, настаўнікаў і журналістаў узяліся экскурсаводы Аляксей і Паліна.

IMG_0455.jpg

IMG_3859.jpg

Вясковай вуліцай

Для экскурсіі быў абраны экскурсійны сектар “Цэнтральная Беларусь”. Перад намі сяло з характэрнай планіроўкай далёкіх часоў: плошча з пабудовамі грамадска-культурнага цэнтра і вуліца з двухбаковай забудовай сядзіб.

Як узводзіліся хаты ў 19-м – пачатку 20-га стагоддзя, як жылі сем’і, чым займаліся і пра што марылі? Пра гэта можна даведацца праз экспанаты і з расповеду экскурсаводаў. У хатах усё дакладна так, як і было шмат гадоў таму: печ, чырвоны вугал, палаці, калыска, прычэпленая да столі, жаночы вугал з кухонным посудам. На стале – небагатая сялянская ежа, побач – калаўрот. Усё проста і функцыянальна.

IMG_0398.jpg

IMG_0396.jpg

IMG_3869.jpg

– Нам вельмі спадабалася, – гавораць гімназісткі Яна Глазко і Паліна Базюк. – Такіх старых дамоў у нашых вёсках амаль не засталося, тым больш складана адшукаць прадметы хатняга ўжытку, якімі карысталіся ў тыя далёкія часы.

Экскурсавода школьнікі слухалі, напэўна, лепш, чым настаўнікаў у школе – чыстая беларуская мова, народныя павер’і і прымаўкі – было цікава і пазнавальна.

IMG_0413.jpg

IMG_0391.jpg

IMG_3866.jpg

Забродскія снасці

А колькі эмоцый атрымалі экскурсанты на выставе, што “расказвае” пра развіццё рыбалоўства на Беларусі!

Унікальныя драўляныя чаўны, астрогі, восці, сакі і падсачакі, прыстасаванні для лоўлі ракаў – дзяцей, асабліва юнакоў, цікавіла ўсё.

Як вудзілі рыбу зімой? Ці былі бракан’еры? І навошта на лодцы ліхтар? – пытанні сыпаліся адно за адным. Напэўна, пасля такіх дасканальных расповедаў экскурсавода колькасць аматараў-рыбаловаў сярод школьнікаў павялічыцца.

IMG_0426.jpg

Школка, у якой вучыліся іх дзядулі

А мы між тым набліжаемся да грамадскіх пабудоў сяла Цэнтральнай Беларусі. Сярод іх асаблівае месца займае ўніяцкая царква з Клецкага раёна. Пабудаваная ў 17-м стагоддзі, яна цудоўна захавалася – у тым ліку дзякуючы таму, што была перавезена ў гэты музей пад адкрытым небам.

IMG_3836.jpg

Аднак найбольш эмоцый школьнікі атрымалі, калі трапілі ў народную вучэльню – па-цяперашняму пачатковую школу.

Мужчыны воласці аб’ядналіся і пабудавалі школу на два бакі: у адной палове – вучэбны клас, у другой – кватэра настаўніка. Нават у той час думалі пра забеспячэнне жыллём настаўнікаў!

Парты, стол настаўніка, дошка… – здаецца, нічога не змянілася. У адным класе адначасова вучыліся вучні розных класаў, прадметы выкладаў адзін настаўнік. Урокі доўжыліся 50 хвілін, перапынкі былі 5-хвілінныя, шасцідзённы вучэбны тыдзень, а таксама абед, падчас якога вучні елі кашу з аднаго гаршчка – адсюль і пайшло слова “аднакашнікі”.

IMG_0452.jpg

IMG_3844.jpg

IMG_3843.jpg

– У тыя часы не ўсе дзеці маглі атрымаць адукацыю. А ў дзяўчат увогуле не было такой магчымасці, – каменціравалі ўслед за экскурсаводам сённяшнія школьнікі. – Цікава было паглядзець на старажытныя “калькулятары” – лічыльнікі і “планшэты” – грыфельныя дошкі, а яшчэ нам не спадабаліся метады цялеснага пакарання, якія называліся дысцыпліна. А вось, што хатняе заданне не задавалі – вельмі добра!


З зямлячкай пазнаёміліся… у Азярцы

Выстава народных абразоў адкрылася ў музеі за некалькі дзён да нашага прыезду. Асабліва парадавала, што тут змешчаны і абраз народнай мастачкі з Астравеччыны Юліцыі Кармазы (у дзявоцтве – Аўгуль).

Маці Божая Вострабрамская, напісаная на фанеры, была адшукана ў Гервятах у 2016 годзе.

IMG_0482.jpg

Наша зямлячка атрымала мастацкую адукацыю ў Вільні. У асноўным Юліцыя малявала на рэлігійную тэматыку – адбывалася гэта ў 40-50-х гадах мінулага стагоддзя. Дакладна вядома, што яна размалявала два будынкі ў Гервятах, сельскі клуб у Гірах, яе рукамі зроблены 12 стацый для капліцы ў Гірах.

– Раней ніколі не даводзілася чуць пра гэтую мастачку, – гавораць дзяўчаткі-гімназісткі. – Напэўна, было б важна знайсці якую-небудзь інфармацыю пра яе жыццё і творчасць і напісаць навуковую работу.

IMG_0469.jpg

Жыццё і дзейнасць Юліцыі Кармазы сапраўды заслугоўваюць таго, каб іх вывучэннем заняліся настаўнікі і школьнікі.

Верыцца, што так яно і будзе. І штуршком для гэтага стане наша экскурсія ў Азярцо.

IMG_3875.jpg


Текст:
Фото: Елена Ярошевич, Вероника Суликовская