Как островчане мосты сводили

07:13 / 23.06.2018
«Той, хто мае вушы, – пачуе» – гаворыцца ў Бібліі. Каб дапамагчы ў якой-небудзь справе, часам трэба не так і шмат, самае галоўнае – пачуць... А ўжо потым – шукаць выйсце ці падтрымку.

most.jpg

Так было з праблемай  жыхароў паўночна-заходняй част­кі Астраўца: завулка Кас­ма­наўтаў, вуліц Ушакевіча, Энгельса, Партызанскай, Пуш­кіна, Заходняй, Гашкевіча, Камарова, Сташкевіча, Яўсеева і іншых.

Мосцік праз рэчку Лоша, які скарачаў іх шлях «у горад» на добрых паўкіламетра, прыйшоў у заняпад. Час ад часу жыхары самі падлатвалі яго дошкамі, якія прагнівалі ці па чыёйсьці міласці ламаліся. Часам выклікалі «групу падтрымкі» з Астравецкага РУП ЖКГ: камунальнікі дапамагалі – хаця  і не мае прадпрыемства ніякага дачынення ні да будаўніцтва, ні да абслугоўвання гэтага мастка.

Аднак, як усялякая пабудова, якая не мае гаспадара, мосцік разваліўся канчаткова і беспаваротна: дошкі забарыкадзіра­валі рэчку, а напаўгнілое бервяно, што стала кладкай, маглі скараціць шлях цяпер толь­кі сапраўдным экстрэмалам. Патра­баваўся капітальны рамонт!

– Самастойна справіцца з ім жыхары не маглі, – расказвае жыхарка вуліцы Ушакевіча Марыя Станіславаўна Тверэгінене. – Мы звярнуліся ў ЖКГ за дапамогай – але нам адмовілі, сказалі, што гэты мосцік не стаіць у іх на балансе. Гэта так – але ж рабіць нешта трэба! Гэта ж якія кругі прыходзілася «даваць» у абход!  

– Я патэлефанавала на­шаму дэпутату Юрыю Фран­цавічу Грыневічу, – працягвае Марыя Станіславаўна. – Папрасіла ў яго дапамогі.
Не прайшло і месяца пасля размовы з дэпутатам, як на месцы разбуранага з’явіўся новы мост – яго паклалі на жалезабетонныя апоры, заслалі дошкамі і нават зрабілі парэнчы, якіх стары мост ніколі не бачыў.



– Мы з сястрой даўно тут не хадзілі, – гаворыць Ігар Азевіч. – Раней да бабулі напрасткі можна было дайсці праз гэты мосцік, потым ад мастка толькі гнілыя бярвенні засталіся – небяспечна. Мы вельмі рады, што зрабілі новы мост!

– Ой як добра, што мост адрамантавалі, – далучаецца да гаворкі Алена Іосіфаўна Бародка. – Цудоўна, што яшчэ і парэнчы прымайстравалі – рэчка хоць і нешырокая, але ж рознае можа здарыцца. Дзякуй вялікі тым людзям, якія гэта ўсё зрабілі!

Дэпутату зрабіць такі падарунак гараджанам, што жывуць у паўночна-заходняй частцы Астраўца, дапамагло ўсё тое ж РУП ЖКГ – ві­даць, дыялог у народнага выбранніка з дырэктарам прадпрыемства быў канструктыўны. І ад гэтага ўсе засталіся ў выйгрышы – і народ, і народная ўлада.


Текст:
Фото: Рита Дремо