Прапанова для Апэшкі - і іншых
08:20 / 30.05.2018
«Радуюся, што ты, АПэшка, хоць і маленькая яшчэ, а такая шустрая! Усюды паспяваеш, усё заўважаеш і пра ўсё ўбачанае нам апавядаеш, пісала Яна Галіна. – Многаму вучыш нас. Зімой ты ў святым месцы, каля помніка, забараніла сабе скаціцца з горкі на санках– хоць табе вельмі хацелася пакоўзацца, як і іншым дзецям. Але ж тут – нельга! Мудрасці ў цябе могуць пазычыць многія дарослыя – хоць бы тыя матулі, што забаўляліся ля помніка са сваімі дзецьмі.
І кніжкі ты навучылася чытаць, і ведаеш, дзе іх можна знайсці – малайчына, дзяўчынка!
А найбольш мне спадабаўся аповед, як ты з бацькамі-журналістамі смецце на суботніку прыбірала. Але… Праз нейкі час іду па гарадскім скверы, які я называю «Сад Папараць-кветкі», – і бачу, што каля Дома быта смецце рознае валяецца. Прыкра! АПэшка, я поўнасцю падзяляю твае перажыванні за чысціню нашага горада і раёна! Сама, калі надвячоркам гуляю па любімых месцах Астраўца, звяртаю ўвагу на тое, ці чыста там. Часам раблю заўвагі маладым і нават не вельмі маладым людзям, якія, седзячы на лавачках, раскідваюць вакол сябе смецце – быць нераўнадушнай навучыла мяне ты, мілая АПэшка!
І вось што я падумала. Такіх харошых дзетак, як ты, у нашым горадзе, напэўна шмат? То пакліч іх на дапамогу! Я памятаю, як у пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя піянеры неслі вахту: сачылі за чысцінёй горада. А што, калі сучасныя піянеры з трох «палацаў асветы» – гарадскіх школ – успомняць добра забытае старое і адновяць патруль «Чысты горад« ці нават «Чысты раён» і, гуляючы па горадзе ці вёсках, стануць сачыць, каб ніхто не забруджваў родныя мясцінкі. Можа, такім чынам дзеці разам з табой, АПэшка, навучаць дарослых не кідаць смецце пад ногі – і самі, калі вырастуць, ніколі не будуць так рабіць?»
Спадабалася мне пісьмо Яны Галіны – хоць там і зашмат кампліментаў у мой адрас – я ажно пачырванела: нічога ж такога не зрабіла… Але прапанову, мне здаецца, яна выказала слушную.
Ну, хто са мной у патруль па родным горадзе? Тэлефануйце і пішыце! Я – заўжды гатова!
Ваша заўжды гатовая
АПэшка.