Школьнае лясніцтва Варнянскага НПК – пераможца сусветнай алімпіяды

09:04 / 17.05.2018
611

Міжнародная алімпіяда па пасадцы дрэў “ENO Treelympics” сёлета стала самай масавай: у ёй прынялі ўдзел 1 040 школ з 67 краін свету. Прыемна, што з найлепшым вынікам – 194 тысячы пасаджаных дрэў – перамагло школьнае лясніцтва “Лесавічок” Варнянскага НПК.

vornianskaia_shkola22.jpg

Да чэмпіёнства ў такім прэстыжным міжнародным конкурсе варнянскія школьнікі ішлі мэтанакіравана: у 2016 годзе яны ўвайшлі ў дзясятку мацнейшых школ свету, летась сталі другімі.

– Пра міжнародную алімпіяду па пасадцы дрэў мы даведаліся некалькі гадоў назад ад суседзяў – вучняў і настаўнікаў СШ №3 г.Ашмяны. Вырашылі паўдзельнічаць – тым больш, што наша школьнае лясніцтва цесна супрацоўнічае з Астравецкім лясгасам, а вучні штогод дапамагаюць лесаводам садзіць лес, удзельнічаюць ў яго ўборцы ад смецця, – расказала дырэктар навучальна-педагагічнага комплекса “Варнянскія яслі-сад-сярэдняя школа” Алена Іванаўна Юркойць. – Трэцяя спроба аказалася самай удалай: мы выніках 2017 года мы сталі пераможцамі сусветнай алімпіяды.

Юныя лесаводы свету пасадзілі 1,8 мільёна дрэў, 1,5 мільёна з іх – у Беларусі.

– Па умовах конкурсу залічваліся дрэвы, на пасадку якія ёсць адпаведныя пацвярджальныя дакументы. На рахунак удзельнікаў “запісвалі” і пасаджаныя на прышкольнай тэрыторыі дрэвы. Пасля рэгістрацыі на афіцыйным сайце “ENO Treelympics” уносілі туды звесткі аб зробленай справе, – працягвае Алена Іванаўна. – Садзіць лес школьнікам дапамагалі настаўнікі і бацькі – па правілах алімпіяды гэта дазваляецца. Агульнымі сіламі мы здабылі перамогу!

Варта адзначыць, што ў дзясятцы лепшых школ свету ў пасадцы дрэў – і Спондаўская сярэдняя школа з вынікам 54 тысячы дрэў.


Текст: Алена Гануліч
Фото: Т.Бінда
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений