Аптымізацыя Слабодкі
10:39 / 10.05.2018
Першы пісьмовы ўспамін пра Слабодку адносіцца да 16-га стагоддзя. Прыгожая, дагледжаная, крыху шляхетная, ганарлівая – і вельмі любімая сваімі жыхарамі вёска. Але цяпер яе няма! Ніводзін сучасны тапанімічны слоўнік не раскажа вам пра вёску Слабодка. Не, яна не знікла: дамы стаяць, людзі жывуць. Але вёска з 400-гадовай гісторыяй стала вуліцай горада Астраўца.
…Настальгічныя ўспаміны адносяць мяне ў той час, калі Слабодка была яшчэ вёскай і жыццё тут віравала.Тут была пачатковая школка са сваімі традыцыямі. Каля школы рос яблыневы сад. Вучні яго даглядалі: вясной бялілі ствалы, восенню зграбалі лісце, збіралі яблыкі. Вядома ж, пад кіраўніцтвам настаўніцы А.Ч. Русецкай. А як жа інакш – да працы трэба прывучацца змалку! Можа, з гэтага і пачынаецца любоў да сваёй малой радзімы? А яшчэ ў школе быў свой лялечны тэатр: лялькі рабілі з гліны самі вучні і іх улюбёная ў сваю справу настаўніца. Але… Аптымізацыя – і школу закрылі. Можа, так і трэба было – хто яго ведае?
Быў у вёсцы і клуб-бібліятэка, у якім працавала вялікі патрыёт сваёй радзімы Г.С. Замара. Гэта яе стараннямі была створана кніга-буклет «Мая зямля… Мае землякі» – яна ёсць амаль у кожнага жыхара Слабодкі. У клубе таксама былі свае традыцыі – да прыкладу, кожны год адзначаць свята вёскі: збіраліся аднавяскоўцы, успаміналі сваіх знакамітых землякоў, ушаноўвалі лепшых працаўнікоў, выступалі самадзейныя артысты… Але зноў – аптымізацыя. І стаіць закінуты, недагледжаны будынак былога клуба, успамінае лепшыя часы…
Быў у вёсцы і фельчарска-акушэрскі пункт, а пры ім – аптэчны пункт. Тут можна было набыць лекі, якія рэалізуюцца без рэцэпта, атрымаць працэдуры, сюды прыязджалі ўрачы з раённай бальніцы, каб агледзець хворых. Зручна было! Як вы разумееце, ФАП таксама аптымізавалі…
У Слабодцы быў цэнтр адной з самых багатых і паспяховых гаспадарак у раёне – калгаса «Шлях Леніна», якога таксама ўжо няма.
Вёска жыла сваім звыклым жыццём. Прачыналася з усходам сонца і заціхала пасля яго заходу. Жыццё яе суправаджалі адвечныя вясковыя гукі і пахі: гамонка людзей, рыканне кароў, што ішлі на пашу ці вярталіся з яе, тарахценне тэхнікі, водар сенакосу і жніва…
Цяпер вуліца Слабодка па-ранейшаму прыгожая – але сумная і маўклівая: пройдзеш з канца ў канец – і павітацца няма з кім. Хоць тут стаіць 50 дамоў – ніводнага пакінутага! – і жыве каля паўтары сотні жыхароў. І ўжо шмат гадоў колькасць насельніцтва не змяншаецца!
Жыхары Слабодкі спадзяваліся, што разам са статусам гараджан яны набудуць і гарадскія выгоды. Ну, як у Астраўцы: на кожнай вуліцы крамы, аптэкі, цырульні… Усё – у крокавай даступнасці. Але статус памяняўся, за гэта – унясенне адпаведнага запісу ў свае пашпарты – жыхары нават заплацілі, а жыццё іх засталося вясковым, больш таго – пагоршылася.
Калі Слабодка была вёскай, мы ўсе свае справы вырашалі ў Гудагайскім сельсавеце – цяпер за ўсім-усялякім трэба ехаць у Астравец. А як ехаць? Раней нас звязвала з Астраўцом асфальтавая дарога. Тры разы на дзень, а ў лепшыя часы – нават чатыры, у тым ліку і ў выхадныя, да нас прыходзіў аўтобус. А не, дык і пешшу можна было прайсціся ці на веласіпедзе праехаць. Цяпер гэтай дарогі няма – яе разбурылі, перакапалі: на ёй трэці мікрараён горада энергетыкаў. Ёсць аб’яздная дарога праз станцыю Гудагай – гэта больш чым 10 кіламетраў: пешшу не пойдзеш, ды і на веласіпедзе не кожнаму такую адлегласць пераадолець па сілах.
Сітуацыю мог бы паправіць аўтобусны маршрут з разумна складзеным раскладам руху і маршрутам, калі б ён прыязджаў у нашу вёску – ах, прабачце: на нашу вуліцу Слабодка! – хаця б разы тры на дзень, у тым ліку і ў выхадныя дні. Пакуль жа аўтобусам, што ідзе па нашай вуліцы, зручна дабірацца толькі на працу: ранкам – у Астравец, вечарам – назад. А што рабіць з 7 гадзін раніцы да паловы шостай вечара, калі трэба толькі нейкую даведку ўзяць ці да ўрача схадзіць? Пытанне…
Трэба ўлічваць і пажаданні дачнікаў з Каменкі – зараз жа якраз адкрыўся сезон! Непадалёк знаходзяцца вёскі Дзягенева, Індрубка – іх жыхарам таксама трэба дабірацца ў Астравец і таксама праз Слабодку.
З гэтым пытаннем мы неаднойчы звярталіся да розных службовых асоб, у адказ – толькі ветлівы «адпіхач».
За гады свайго існавання вёска Слабодка перажыла многае: адступленне напалеонаўскіх войск, кайзераўскую акупацыю, першую і другую Сусветныя войны, калектывізацыю, індустрыялізацыю і іншыя «…цыі» – і захавала свой твар і назву.
Не перажыла толькі аднаго – аптымізацыі…
Ірына Ярашэвіч,
жыхарка колішняй вёскі,
а зараз – вуліцы Слабодка.
Официально
На обращение жительницы улицы Слободка И.В. Ярошевич, а также учитывая положение других жителей улицы Слободка, администрация филиала «Автомобильный парк №4» г. Островец» ОАО «Гроднооблавтотранс» информирует, что принято решение организовать движение дополнительного рейса по маршруту Автовокзал – ул. Слободка в обеденное время в тестовом режиме с 15 мая 2018 года по рабочим дням.
Для установки таблички с расписанием движения по улице Слободка необходимо оборудовать остановочный пункт. На сегодняшний день табличка укреплена на металлическом столбе.
РАСПИСАНИЕ
движения автобусов по городскому маршруту Автостанция – Слободка
Приб. Отпр.
13.15 Автостанция
13.17 13.18 Центр
13.20 13.22 ул. Октябрьская
13.24 13.25 Каменка
13.27 13.28 Слободка
13.30 13.31 Каменка
13.33 13.34 ул. Октябрьская
13.36 13.37 Центр
13.39 Автостанция