Салдат Бессмяротнага палка Мікалай Кажамякін

09:57 / 10.05.2018
У кнізе «Памяць. Астравецкі раён» пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага лесавода БССР, кавалера ордэнаў Славы 2 і 3 ступеняў, медаля «За адвагу» Мікалая Пятровіча Кажамякіна, які  нарадзіўся ў 1926 годзе,  змешчана некалькі радкоў скупых біяграфічных звестак. Яны, на жаль,    амаль нічога не гавораць  пра чалавека, які ўсё жыццё прысвяціў роднай Беларусі. Ужо не зможа расказаць  гісторыю свайго жыцця і сам Мікалай Пятровіч –  але гэта могуць зрабіць яго дзеці і ўнукі.

IMG_4980.jpg

Дабраахвотнік
Мікалай Пятровіч не любіў расказваць пра вайну:  на ўсе пы­танні дзяцей і ўнукаў заўсёды адказваў, што вайна нясе боль.

…У сям’і Кажамякіных было пяцёра дзяцей. Мікалай – сярэдні. Калі пачалася вайна, бацьку забралі ў абоз.  На фронт адправіўся і старэйшы брат. А Мікалаю яшчэ не было 18...
– Тата расказваў, што ў 1943 годзе ўсіх старэйшых хлопцаў забралі на фронт. У вёсцы засталося толькі  некалькі 17-гадовых юнакоў,  і яны штодня штурмавалі ваенкамат. І ўрэшце ваенкам здаўся: прапанаваў тату адправіцца ў «вучэбку», – расказвае дачка ветэрана Ірына Мікалаеўна Сташкевіч.
Бацькі  выпраўлялі сына са спакойнай душой – думалі, пакуль адвучыцца, вайна скончыцца. Але Мікалаю хапіла страху, крыві, выпрабаванняў. Ён паспеў не толькі адвучыцца, але і паваяваць, атрымаць не адно раненне і вярнуцца дамоў.
– Пасля курсаў тату адправілі на 1-ы Беларускі фронт у кулямётны ўзвод. Ваяваць яму давялося непадалёк ад Мінска – там ён атрымаў першае раненне,  –  працягвае Ірына Мікалаеўна.
Маладзенькі салдат хутка паправіўся, дагнаў свой узвод і нават  узначаліў яго. Не раз даводзілася яму бачыць смерць сяброў. У адным з баёў загінуў і яго таварыш па кулямётнаму разліку. Яго  замяніў сталы мужчына, які стаў для Мікалая Пятровіча амаль што бацькам: апекаваў юнага кулямётчыка, прыкрываў у небяспецы  і выратаваў жыццё ў баі, калі ў чарговы раз Кажамякін  быў паранены – на гэты раз  цяжка.
– Я часта ў дзяцінстве задавалася пытаннем, чаму тата, пераапранаючыся,  ніколі не паварочваецца  да нас спіной. Ужо ў  сталым узросце зразумела чаму: яго спіна ўся была ў шнарах ад асколкаў. Аднойчы я заўважыла, як тата ножыкам калупае руку. Калі спыталася, што ён робіць, тата паказаў мне кавалачак металу –  асколак –   і прамовіў: «Вайна».
Пасля апошняга цяжкага ранення,  з  мноствам асколкаў, якія зрашацілі  ўсю правую пала­віну цела салдата, Мікалай Пятро­віч так і не аправіўся – юнака  камісавалі і адправілі дамоў. Да яго вяртання ў родную вёску Рудня Віктарыянская Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці сюды прыходзілі толькі пісьмы і пахаванкі – жывога франтавіка  сустракалі як цуд, як героя. 

IMG_4981.jpg


Заслужаны лесавод 

Усё пасляваеннае жыццё Мі­калая Пятровіча Кажамякіна звя­зана з лесам. Нават на пенсіі  ён працягваў працаваць.

– Тата ўсё жыццё працаваў ляс­нічым, –  расказвае дачка ветэрана. – Ён жыў лесам. Часта браў мяне з сабой. Я цудоўна ведала, на якія кварталы разбіты лес, дзе растуць грыбы, а дзе ягады. Нават хацела паступаць у лесагаспадарчы тэхнікум,  але бацька не дазволіў – сказаў, што гэта не жаночая справа.
Сам жа Мікалай Пятровіч пра­фесію выбіраў свядома. Ён  помніў  той лес, які ў гады вайны падарыў жыццё многім  аднавяскоўцам і яго сям’і і хацеў дзякаваць яму за гэта. 
Цяпер ужо не злічыш, колькі гектараў лесу было пасаджана яго рукамі. Нават знаходзячыся на парозе смерці, ён цікавіўся, як  расце яго лес.
 У 2008 годзе  каля вёскі Заха­рышкі  ў гонар ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага лесавода БССР  Мікалая Пятро­віча Кажамякіна пасаджана 15 гертараў імяннога лесу. У яго пасадцы прымаў удзел і сам ветэран.

Каб помнілі
Ён не любіў расказваць пра вайну. Рэдка ўспамінаў тое, што давялося перажыць.

 –   Аднойчы я пачула размову таты  з унукамі – ён расказваў ім  пра баявыя будні, –  расказвае дачка ветэрана Ірына Мікалаеў­на Сташкевіч. –  Убачыў мяне – і змоўк.
Размову з  дзедам да дро­бязяў помніць яго ўнучка  Але­ся Ясевіч. 
–  Мне тады было гадоў дваццаць, –  са слязамі на вачах дрыжачым голасам гаворыць  жанчына. – Дзядуля расказваў, як у яго родную вёску прыйшлі немцы. Ён памятаў нават надвор’е, якое тады стаяла. Хоць увогуле  не хацеў успамінаць пра вайну – яму было балюча, бо неаднойчы за той год, які дзядуля правёў на фронце, хаваў сваіх таварышаў.
Аднойчы ўзвод Мікалая Пят­ро­віча  трапіў у акружэнне. Была зіма. Салдаты галадалі. Каб выжыць, яны заварвалі яловую ігліцу і  пілі гэты адвар, варылі рамяні і жавалі іх.  І змаглі вырвацца з акружэння, каб зноў ваяваць.
– Дзядуля заўсёды ішоў на свята ў гонар Перамогі з радасцю і гонарам і заўсёды казаў, што ў гэты дзень неба плача па загінуўшых у гады вайны, –  працягвае Алеся. – Ён не хваліўся сваімі ўзнагародамі. І пра тое, колькі іх і чаго яны вартыя, я даведалася толькі пасля яго смерці. На жаль, час забірае ў нас родных і блізкіх. Дзядуля паміраў цяжка – але  ні разу не паскардзіўся на свой лёс. Я  ўпэўнена, што мы павінны расказваць пра падзеі тых далёкіх часоў сваім дзецям і ўнукам, каб больш ніколі ніхто ў свеце не зведаў такой бяды, як вайна.

IMG_4982.jpg

IMG_4990.jpg

IMG_4988.jpg

Амаль сем гадоў таму, у  85 гадоў, Мікалай Пятровіч Кажа­мякін пакінуў гэты свет. Ірына Мікалаеўна беражліва перабірае рэчы, якія засталіся ад бацькі: працоўную кніжку, ваенны білет, пасведчанні да меда­лёў, Падзя­кі, выразкі з газет – Мікалай Пятро­віч не раз  быў  героем журналісцкіх публікацый – і ўспа­мінае яго жыццё. Для яе ён і сёння жывы.
Памяць пра ветэрана, пра­цаў­ніка і Чалавека з вялікай літары жыве не толькі ў гэтых рэчах з сямейнага архіва, але і ў сэрцы дзяцей, унукаў і праўнукаў. У гонар дзеда адна з унучак, якая цяпер жыве ў далёкім замежжы,  назвала свайго сына. Маленькі Коля яшчэ не здагадваецца, чаму ён атрымаў такое імя, але некалі мама і бабуля абавязкова раскажуць яму пра прадзеда і яго подзвіг.

Текст: