На зялёны корм

На зялёны корм

11:43 / 03.05.2018
2266

Пасля дажджоў ніва пакрылася густым зялёным шчаціннем яравой збажыны, травы адпіліся і на вачах пацягнуліся ўгору. На Астравеччыне пачалі выганяць кароў на пашу.

На мінулым тыдні мы вырашылі паглядзець, як адбываецца ў КСУП “Гервяты” пераход з зімне-стойлавага ўтрымання на пашавае.

IMG_5046.jpg

Напрыканцы красавіка на прагулку ў КСУП “Гервяты” пачалі выганяць кароў на малочна-таварных фермах “Сакалойці”, “Малюта”, “Чэхі”, “Гіры”. Спачатку праменад рагуль працягваўся не больш за дзве гадзіны: рэзкая змена рацыёну – усё ж такі стрэс для жывёлы. На працягу тыдня гэты час павялічыўся да шасці-васьмі гадзін у дзень.

– Галоўнае пры пераходзе на пашавае ўтрыманне – паступовасць, – тлумачыць галоўны ветурач КСУП “Гервяты” Гражына Уладзіміраўна Саўко. – У першыя два дні кароў пасвяць не больш за 2-3 гадзіны. Наступныя два-тры дні час прагулкі павялічваецца да 4-6 гадзін з такім разлікам, каб да канца тыдня прывучыць жывёл да пашы. Пры спрыяльнай тэмпературы паветра некаторыя фермы будуць пасвіць кароў кругласутачна, а на малочна-таварных комплексах “Рымдзюны” і “Дайлідкі” на пашу будуць выганяць толькі сухастойных кароў.

IMG_5050.jpg

Высокая прадуктыўнасць кароў пры выпасе звязана са станоўчым уплывам рацыёну на іх арганізм. Пашавае ўтрыманне жывёлы спрыяе развіццю і ўзмацняе рост жывёлы. Дзякуючы сонейку і свежаму паветру каровы становяцца больш устойлівымі да захворванняў.

– Па надоях мы зараз “плюсуем”, – працягвае Гражына Уладзіміраўна. – У першую чаргу за кошт маленькіх ферм, дзе кароў ужо пачалі выганяць на пашу. З дня на дзень пачнём падкошваць свірэпіцу, будзем яе дадаваць у кормасумесь.

IMG_5047.jpg

Да пашавага перыяду ў КСУП “Гервяты” падрыхтаваліся грунтоўна: пастухам выдадзена спецадзенне, у тым ліку і спецыяльныя плашчы, набыты электрапастухі.

Побач з фермай “Сакалойці” за гуртом у 220 кароў сачылі два пастухі.

– Травы яшчэ слабыя, – расказвае Уладзімір Баніфацыевіч Штура. – Пасля страўлівання, прыблізна праз дзве гадзіны, “клетку” пераносім на іншы ўчастак. Побач з загонам ёсць бочка з вадой, ёмістасці з соллю, мелам, у яслях ляжыць сена.

 IMG_5054.jpg

Каментарый

Першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Віктараўна Умрыхіна:

– Значным рэзервам зніжэння сабекошту малака і энергазатрат з’яўляецца правільная арганізацыя летняга ўтрымання буйной рагатай жывёлы.

На Астравеччыне выганяць кароў на прагулку пачалі 16 красавіка, на пашавае ўтрыманне фермы пяройдуць да канца гэтага тыдня. У раёне плануецца пасвіць, у тым ліку кругласутачна, 5 810 кароў (58%). На адну ўмоўную галаву прыпадае 0,60 гектараў пашы. На круглагадавым стойлавым утрыманні будуць знаходзіцца 4 290 галавы (42%).

IMG_5059.jpg


 

Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений