Як АПэшка з дзецьмі пасварылася

14:23 / 29.04.2018
4511
Не, вы не думайце, я дзяўчынка міралюбівая і сварыцца ні з кім не хачу і не люблю – ні з дзецьмі, ні з дарослымі. Але так атрымалася…

АПэшка.jpg

Мае вечна занятыя бацькі-журналісты выправілі мяне з рэдакцыі, каб пад нагамі не блыталася і не назаляла ім у газетны дзень рознымі «Чаму?» ды «Навошта?». Адправілі пагуляць на дзіцячую пляцоўку: іх цяпер у горадзе шмат, прыгожых, яркіх, рознакаляровых, а надвор’е стаіць добрае, сонечнае – самы, кажуць, час для гульняў на свежым паветры.

Ну і пайшла я на сваю любімую пляцоўку ў адзін з двароў у мікрараёне Валадарскага. У мяне там дзяўчаткі-сяброўкі ёсць, Ксеня і Паліна, мы разам у пясочніцы пячэнікі лепім, на арэлях гушкаемся – хто вышэй па лесвіцах караскаемся, хто хутчэй з горкі з’язджаем. Весела!
Але на гэты раз прыйшла – а пляцоўка наша занятая. І не маімі сяброўкамі – тыя зводдаль, баючыся, паглядваюць, а вялікімі хлопцамі, сапраўднымі падлеткамі. Двое на арэлях вісяць, трэці на даху казачнага дамка, што над горкай, сядзіць, ногі звесіўшы – таго і глядзі, праломіць. 

 Я б, канешне, магла б ціхе­нька пайсці з пляцоўкі ці пашукаць якую іншую, незанятую, ці пасядзець на лавачцы ля пад’езда, пакуль яны нагуляюцца і пойдуць. Але журналісты мяне вучылі, што трэба заўсёды змагацца за справядлівасць і нічога не баяцца. Вось я і падала голас. Ветліва так папрасіла:
– Хлопчыкі, а не маглі б вы нас пусціць на арэлі? Гэта наша пляцоўка, а не ваша! Вы занадта вялікія і цяжкія, паламаць тут усё можаце, і тады ніхто не пагушкаецца – ні вы, ні мы.
Хлапчукі спачатку анямелі ад маёй смеласці, пэўна, не адразу зразумелі, што гэта за маляўка да іх чэпіцца і з-за чаго. А потым нехта пазнаў мяне, мусіць, «Астравецкую праўду» чытае. І міралюбіва спытаў:
– А чаму ты, АПэшка, лічыш, што гэтая пляцоўка для вас, малечы, а не для нас?
– Таму, што называецца яна «дзіцячая», а вы ўжо не дзеці, а падлеткі, – мне падалося, што аргумент я знайшла вельмі лагічны і пераканаўчы. – І на ваш узрост і вашу вагу гэтыя арэлі, горкі і домікі не разлічаны, таму яны могуць зламацца.
– Ну, калі ты, малая, такая разумная, то можа, падкажаш, дзе нам час бавіць, калі гэтая пляцоўка толькі для такіх карапузаў, як ты і твае сяброўкі, прызначана? – абазваўся другі хлапчук. 
Тут ужо я разгубілася.
– Ну, я не ведаю… Месцаў шмат…
– Вось і мы не ведаем, – саскочыў з даху трэці хлапчук, самы тоўсты і злы. – Стадыёна няма – яго закрылі зялёным плотам, кажуць, будуць новы будаваць. Гэта, вядома, добра – але чым нам сёння заняцца? У спартыўнай секцыі выхадны, дый не для кожнага яна падыходзіць. Дзе нам з сябрамі пагуляць, га, малая? Не, ну ты скажы, раз табе гэтай пляцоўкі шкада? – насядаў таўстун. – Хіба што зноў у планшэце ў якую вайнушку пагуляць? Дык бацькі схавалі, з хаты прагналі: ідзі, кажуць, на вуліцу, паветрам дыхай, і без таго цэлы дзень у гаджэтах сядзіш…
Я вінавата  апусціла галаву: ну сапраўды, чаго я прычапілася да гэтых хлопцаў? Нібыта арэляў мне шкада… Можа, і не зломіцца нічога, калі яны пагушкаюцца…
Але і ў іх, мусіць, таксама сумленне прачнулася – ці, мо, настрой я ім сапсавала? Махнулі рукой:

– Ідзі, гушкайся, маляўка! Радуйся, што вам, малышні, такія пляцоўкі пабудавалі… Але хутка і ты вырасцеш – і дзе тады гуляць будзеш, жадзіна-гавядзіна? А мы сабе знойдзем занятак, калі вам замінаем. Нас вунь дарослыя хлопцы клічуць, з імі – цікавей…
І пашыбавалі за суседні дом, з-за якога выглядвалі ўжо зусім дарослыя дзецюкі з цыгарэтамі ў зубах.

detiap.jpg

Села я на арэлі – але гушкацца і весяліцца не было ніякага жадання. І стала думаць: хто ж мае рацыю ў нашай спрэчцы? Мне здавалася, што я: гэтая ж пляцоўка сапраўды дзіцячая, і калі такія здаровыя хлопцы будуць на ёй бавіцца – то што рабіць малым?
А з іншага боку: куды гэтым падлеткам падзецца?

Вось я і надумалася звярнуцца да тых харошых дзядзяў і цёцяў, якія для дзяцей пляцоўкі ў кожным двары пабудавалі: калі можна, зрабіце нешта падобнае і для нашых старэйшых брацікаў і сястрычак! Каб там турнікі былі рознаўзроўневыя, баскетбольнае кальцо, розныя лазалкі-гушкалкі-тарзанкі, арэлі для вялікіх дзяцей. Каб падлеткі нас з нашай пляцоўкі не праганялі – а самі пры гэтым занятыя былі, і не камп’ютарнымі гульнямі – ад іх, кажуць, зрок псуецца. 
Бо тыя дарослыя дзецюкі, што іх за домам чакалі, мне вельмі не спадабаліся…

Ваша АПэшка.
Фота Юрыя ГОРЫДА.


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений