Як і чым кормяць механізатараў на сяўбе?

10:59 / 28.04.2018
2461
3
У народзе кажуць: доб­ры работнік – сыты работнік. Згадзіцеся, калі  бурчыць у жываце, якая можа быць работа?
Як наладжана харчаванне механізатараў у гаспадарках раёна ў гэтыя ў прамым і пераносных сэнсах – гарачыя дні? Гэта высвятлялі старшыня Астравецкай раённай арганізацыі «Беларускі прафесійны саюз работнікаў аграпрамысловага комплексу» Юрый Аляксандравіч Адула і журналіст раёнкі. 
Напрыканцы мінулага тыдня мы аб’ехалі ўсе сталовыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.

IMG_5024.jpg


– Праблем з арганізацыяй харчавання, асабліва ў такія напружаныя сезоны, як пасяўная і ўборачная кампаніі, канешне, хапае. Не простая гэта справа – арганізаваць па ўсіх правілах харчаванне сотні людзей, – па дарозе разважае Юрый Аляксандравіч. – Аднак усе выдаткі і клопаты ў рэшце даюць станоўчы вынік. Ад самаадчування працаўніка, яго працаздольнасці і нават ад настрою ў многім залежыць вынік працы –  значыць, і эканоміка ўсяго прадпрыемства. 

Падчас сяўбы і жніва не менш напружана, чым хлебаробы,працуюць і повары. Адна справа – прыгатаваць абед на сям’ю, іншая – накарміць да сотні ці нават больш чалавек і кожны дзень «падаць» у поле новыя, сытныя і смачныя стравы. Задача, як па мне, – не з лёгкіх. 

Хлебаробы – народ просты, вясковы, не звыклы да далікатэсаў, але нараканні час ад часу здараюцца: хтосьці не любіць халаднік, іншы не можа глядзець на макароны – штодня яму бульбу падавай… Зразумела, што ўсім не дагодзіш: у кожнага свой густ. Забягаючы наперад, адзначу, што падчас свайго гастранамічнага падарожжа ўпэўнілася: повары імкнуцца прыгатаваць абед з душой, смачна і па-хатняму накарміць кожнага хлебароба.

IMG_4963.jpg

Бясплатны сыр – у «Гудагаі»

Першы прыпынак – сталовая КСУП «Гудагай» у Малях. Будынак, у якім актыўна ідзе рамонт, хутка стане адміністрацыйным. 
На парозе сталовай нас сустракае мілавідная жанчына.

–  Валянціна Вікенцьеўна Базюк, – прад­стаўляецца яна. – Загадчыца сталовай і па сумя­шчаль­ніцтву – адказная за харчаванне. На кухні працуе тры повары, два кухонныя работнікі і я. 
– Сёлета мы значна абнавіліся, –  працягвае жанчына. – Набылі чатыры мыйкі, 150 талерак, спецыяльную шафу для хлеба. Па словах шэфа, гэта далёка не ўсе «абноўкі»: у планах – капітальны рамонт.
– Тры машыны, што дастаўляюць ежу на поле, прайшлі санітарную праверку і маюць адпаведныя дакументы. Ста­лоўку таксама правяралі работнікі сан­эпідэмстанцыі.

Заключэнне: змывы адпавядаюць нормам, праблем не выяўлена, – радасна падагульняе размову жанчына.

IMG_4959.jpg

IMG_4957.jpg

IMG_4970.jpg


ВЫНІКІ 
Харчуюцца: 210 чалавек. 
Кошт: 2,50 – 3 рублі, механізатараў кормяць бясплатна
Прадукты: уласная яла­вічына, свініну набываюць на Ашмянс­кім мясакамбінаце, га­род­ніну – у мясцовай нарыхтоўчай канторы, у фермера, крупы – праз «Бакалею». Працуюць без пасрэднікаў.
Сёння на абед у механізатараў: расоль­нік, катлета, макароны, салата са свежай морквы, кісель, хлеб.
Бонус: бясплатны бутэрброд з  каўбасой.

Возяць без дазволу?

На гадзінніку – 10 раніцы. На кухні КСУП «Гервяты» ў самым разгары прыгатаванне.

– Рук не хапае, – канстатуе загадчыца сталовай Альбіна Мар’янаўна Яцэвіч, якая, з невялікімі перапынкамі  амаль 15 гадоў корміць гервяцкіх механізатараў. – На кухні працуе пяць чалавек, нам дапамагае работніца кафэ. Я распрацоўваю меню на тыдзень: стараюся, каб стравы не паўтараліся.

IMG_4991.jpg

Старшыню райкама прафсаюза работнікаў АПК не задаволіў той факт, што ніводная машына (на 20 красавіка. – А.Г.), якая развозіць у поле абеды, не атрымала для гэтага патрэбнага санітарнага дазволу… Гэты хіб паабяцалі выправіць у бліжэйшы час.

IMG_4983.jpg

IMG_4975.jpg

ВЫНІКІ 
Харчуюцца: 80 чалавек.
Кошт: 4,50 рубля, для хлебаробаў – 90 капеек.
Прадукты: уласная ялавічына, свініна з Ашмянскага мясакамбіната.
На абед у механізатара: боршч, бульбяное пюрэ, каўбаскі па-слуцку, салата са свежай капусты, чай, хлеб.
Бонус: падвячорак.

Абед як з рэстарана

Некалькі гадоў назад валявым рашэннем праўлення СВК «Міхалішкі» было адкрыта ўласнае кафэ ў закінутым райспажыўтаварыствам будынку. Нягледзячы на цяжкасці, немалыя выдаткі на рамонт, усё атрымалася.

IMG_4993.jpg


Сёння мінакоў, якія праязджаюць па Полацкім тракце, вітае сучаснае кафэ «Вілія»: пабліскваюць круглымі бакамі нацёртыя бакалы, бялюткія талеркі чакаюць гасцей. Кафэ арандуюць для правядзення ўрачыстасцей – гэта прыносіць дадатковы даход.

IMG_5017.jpg

– Акрамя сваіх працаўнікоў, занятых на палявых работах, рыхтуем комплексныя абеды для 90 работнікаў атамнай электрастанцыі. Меню аднолькавае, – расказвае загадчыца кафэ Святлана Уладзіславаўна Чайснойць. – На кухні працуе сем чалавек, ёсць у кафэ бармэн і афіцыянт. На два ўчасткі абеды развозяць дзве машыны.
Міхалішкаўскім поварам можна толькі пазайздросціць: вялікая прасторная кухня, сучаснае абсталяванне, посуд – у іх ёсць усё неабходнае, каб смачна гатаваць для сваіх работнікаў.

IMG_5010.jpg

IMG_5012.jpg

IMG_5007.jpg

ВЫНІКІ 
Харчуюцца: каля 90 чалавек.
Кошт: прыблізна 3 рублі, для механізатараў – 1,10 рублёў.
Прадукты: уласная ялавічына, свініна з КСУП «Варняны», гародніна і крупы набываюцца без пасрэднікаў.
На абед у механізатара: хлеб, гарохавы суп, пярловая каша, катлета, салата са свежай капус­ты, напітак. 

Сціпла – але смачна

Сталовая РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» ні ў якое параўнанне не ідзе з тымі ж «Гервятамі» ці «Міхалішкамі»: ра­монту тут даўно не было, а алю­мініевыя каструлі, відаць,  за­ста­ліся поварам у спадчыну яшчэ з савецкіх часоў. А вось чысціню, як і ўтульнасць у абедзеннай зале, ство­раныя намаганнямі працаўніц кухні, нельга не адзначыць. 

IMG_5034.jpg

– На кухні працуюць адзін повар і два раздатчыкі, – расказвае Вольга Іосіфаўна Валанцэвіч, якая ў гарачы сезон мяняе работу лабаранта на пасаду загадчыцы сталовай. – Праблемы, вядома, ёсць. Абеды развозіць толькі адна машына. Пакуль яна даедзе з Падольцаў у Ройсцішкі, усё ўжо халоднае. Механізатары незадаволеныя – і я іх разумею. Чакаем, пакуль адрамантуюць другую машыну.

У саўгасе кормяць толькі занятых на палявых работах працаўнікоў. Падвячоркі яны атрымліваюць падчас корма­нарыхтоўкі і жніва.
На выхадзе са сталовай мы сустрэлі дырэктара саўгаса Аляксанд­ра Віктаравіча Шчуку. Старшыні райкама прафсаюза ён паабяцаў, што з дня на дзень на лінію «абедаў» выйдзе і другая машына. Пытанне з іх санпашпартамі, а калі больш дакладна – іх адсутнасцю, застаецца адкрытым…

IMG_5029.jpg

ВЫНІКІ 
Харчуюцца: каля 50 чалавек.
Кошт: поўны – каля 8 руб­лёў. Для працаўнікоў – 1,30 рубля.
Прадукты: уласная яла­вічы­на, свініна набываецца ў КСУП «Варняны», ін­шыя прадукты – у райспа­жыў­таварыстве.
На абед у механізатара: хлеб, суп з макаронамі, каўбаса, адвараны рыс, салата са свежай морквы, чай.

Кормяць паляводаў і жывёлаводаў

На момант нашага прыезду ў КСУП «Варняны» сталовай часова загадвала Ганна Яраславаўна Астроўская. Шэф-повар Галіна Францаўна Грабоў­ская, якая не адзін год смачна і сытна корміць варнянскіх хлебаробаў, знаходзілася ў адпачынку.

IMG_5040.jpg

– Наша кухня хоць і маленькая, але мы да яе ўжо прывыклі, –  расказвае жанчына. – Працуюць чатыры повары і тры раздатчыцы. Абеды ў поле развозяць тры машыны. Падвячоркі гатуем толькі падчас уборкі.

Сёлета на варнянскай кухні з’явілі­ся новыя газавая пліта і халадзільнік. Але ад пары і вільгаці, якія імгненна напаў­няюць  падчас гатавання невя­лікае памяшканне, не ратуе нават вы­цяжка – даводзіцца адчыняць дзверы…

IMG_5044.jpg


– Акрамя хлопцаў, якія працуюць у полі, кормім работнікаў малочна-таварных комплексаў і ферм – «Кярняны», «Газа» і «Беразоўка», – працягвае жанчына. – Яны, як фабрыкі: людзі ж не паедуць дадому абедаць. На ўсіх комплексах ёсць мікрахвалёўкі.

Акрамя гэтага, у КСУП «Варняны» працуе сталовая на свінакомплексе, так званым закрытым аб’екце, дзе абедаюць каля 60 чалавек.

ВЫНІКІ 
Харчуюцца: 130 чалавек, з іх каля 100 хлебаробаў. 
Кошт: 2,75 рубля, для «палявых» работнікаў – 1,10 рубля.
Прадукты: уласныя свініна і ялавічына; крупа, макароны набываюцца праз «Бакалею».
На абед у механізатара: рысавы суп, катлета, макароны, салата са свежай капусты, чай, хлеб. 

…Хлебаробы, якія знаходзяцца на «перадавой» сяўбы, і повары, што забяспечваюць іх харчовы «тыл», па вялікім рахунку, робяць адну агульную і вялікую справу – вырошчваюць Яго Вялікасць Хлеб.


Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч
Комментарии
0
Александр
Нарушение санитарных норм. Стоит молодой человек в варочном цехе без спец.одежды!
Имя Цитировать 0
0
Гость
И повара на некоторых пищеблоках без косынок, с кольцами и серьгами
Имя Цитировать 0
0
Гостья
Ой, какие же все бдительно-завистливые!
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений