Як АПэшка смецце прыбірала

08:33 / 24.04.2018
3083
У мінулую суботу мае бацькі-журна­лісты аб’яві­лі, што ідуць на суботнік. Што такое суботнік, я яшчэ не ведала і таму папрасілася, каб мяне ўзялі з сабой. А яны і не працівіліся: да працы, кажуць, з маленства трэба прывучацца!

АПэшка.jpgСуботнік – гэта, аказваецца, весела і карысна! Нарэшце мае бедныя бацькі адарваліся ад сваіх камп’ютараў і выйшлі на сонейка! Кветнік ля рэдакцыі прыбралі, дрэўцы абкапалі – і ўсё так дружненька, з жартамі ды смехам! 

А потым пайшлі прыбіраць ўз­бярэжжа Лошы. Мяне браць не хацелі, казалі, не варта дзецям гэта не тое што прыбіраць, але нават бачыць. Але я дзяўчынка хоць і маленькая, але настойлівая: не адчапіліся! Узялі!

Канешне, я ім моцна дапамагла – без мяне нізавошта не справіліся б! Але больш, напэўна, назаляла пытаннямі. Бо ніяк не магла зразумець: чаму на беразе рэчкі валяюцца бутэлькі з-пад піва і нават з-пад віна і гарэлкі, пачкі з-пад цыгарэт, чыпсаў, арэшкаў, пакеты і іншае смецце? Не лебедзі ж і не качкі хадзілі ў магазін усё гэта купляць? І не вожыкі ды смоўжыкі тут пілі-елі гэтую брыдоту, якую мне не дазваляюць нават нюхаць – кажуць, што вельмі шкодна для здароўя! Не, лебедзі і вожыкі тут дакладна ні пры чым: так безадказна да свайго здароўя толькі людзі могуць ставіцца!

Ну, калі ў іх так шмат грошай, што не шкада купляць усё гэта і потым жа саміх сябе труціць – іх справа! Але чаму яны тады яшчэ і нас, тых, хто побач, труцяць, выкідваючы смецце, забруджваючы бераг нашай прыгожай рэчкі?! Журналісты мне расказвалі, што гэтыя вось цэлафанавыя абгорткі і пластыкавыя бутэлькі хоць сто гадоў праляжаць – не згніюць, а будуць паціху атручваць паветра. Дык што, калі летам я са сваімі сябрамі захачу ля рэчкі пабегаць, за смоўжыкамі паназіраць, паслухаць, як салаўі пяюць у лазняку ці жабкі квакаюць, дык нам пад ногі трэба больш пільна ўглядацца, чым на тратуары? Тратуары дворнікі кожны дзень прыбіраюць – а ўзбярэжжа раз у год, падчас суботніку, і не тыя, хто гэтае смецце выкідваў… 

Фу, дарослыя, як вам не сорамна! Я – маленькая, а ведаю, што смецце можна выкідваць толькі ў сметніцу! А калі сметніцы побач няма, то паперку ад цукеркі ці абгортку ад марожанага трэба пакласці ў кішэню або ў радыкюльчык ці заплечнік, а дома – выкінуць: так мяне бацькі-журналісты навучалі. А калі мы разам ідзём на пікнік, то абавязкова бяром з сабой смеццевыя пакеты і за сабой усё чысценька прыбіраем, каб і другі раз сюды можна было прыйсці, і не толькі нам, але і іншым. Дык журналісты ж пра гэта не толькі мне расказваюць – у кожнай газеце пішуць! Няўжо тыя, хто тут адпачываў, газет не чытаюць і не ведаюць, што смецце за сабой трэба прыбіраць? 

Смецце.jpgЦяпер я, калі гуляю па вуліцах нашага Астраўца, па лесе, па рачным беразе, – звяртаю ўвагу: ці чыста там. І, ведаеце, як ні прыкра пра гэта гаварыць, але, на жаль, не ўсюды і не заўсёды! Нават пасля суботніка! У лесе пралескі расцвілі – хочацца іх водар адчуць, а ўзамен – пах смярдзючага піва з выкінутай бутэлькі! Збочыш у лес, каб пабачыць, як прачынаюцца ад зімовага сну дрэўцы, а тут і там – кучы смецця, прывезеныя з хаты, – гэта ж бачна! – і выкінутыя на маладую траўку.  

…Нехта з журналістаў раска­заў, што ў Індыйскім акіяне з’явіўся новы мацярык – штучны: ён стварыўся з такога вось смецця, якое ў зямлі не гніе і ў вадзе не тоне. Такія ж вось дарослыя, якія не чытаюць газет і без сумлення і сораму выкідваюць смецце на беразе Лошы і ў прыгарадных лясах, свіннячылі на берагах іншых рэчак – і тое смецце прынесла потым у акіян, а там цячэнні сабралі яго ў такую вялізную-прывялізную кучу, што яе можна палічыць за мацярык! Яшчэ б: кажуць, ён у сем разоў большы, чым наша Беларусь. Уяўляеце: сем Беларусяў смецця! А раптам там плавае і ваша бутэлька, пластыкавы пакет, абгортка ад марожанага? Ой, як сорамна... І страшна: што ж з намі будзе, калі мы не навучымся прыбіраць за сабой? Дзе ж мы будзем жыць? А нашы дзеці? На тым самым смеццевым мацерыку,  у які людзі хутка ўсю нашу планету ператвораць?

Праўда, мне потым растлу­мачылі, што наша Лоша ўпадае ў Ашмянку,  а тая – у Вілію, а Вілія – у Нёман, а ён – у Балтыйскае мора. Але калі ваша бутэлька ці паперка будзе гадамі ці дзесяцігоддзямі плаваць у Віліі ці ў Балтыйскім моры, ствараючы там свой калі не мацярык, то востраў, ці ляжаць у лесе, атручваючы паветра і глебу, – няўжо ад гэтага вам, дарослыя, менш сорамна і страшна?
…Як добра, што я не вашая дачка!

Не ваша АПэшка.


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений