Маладосць – недахоп, які хутка праходзіць

09:56 / 20.04.2018
6716
1
У «Астравецкай праўдзе» быў змешчаны артыкул былога начальніка райсельгас­упраў­лен­ня Віталя Бандарыка, у якім ён расказваў пра некалі адну з самых паспяховых арганізацый раёна – сельгасхімію, і людзей, што там працавалі.  Здаецца, самы звычайны артыкул, без прэтэнзіі на выключнасць  – а столькі ўдзячных водгукаў давялося пачуць! Ветэраны сель­гасвытворчасці, былыя кіраў­нікі, спецыялісты гаспадарак і ўпраўлення сельскай гаспадаркі тэлефанавалі і дзякавалі за памяць – хоць заслуга газеты, а ўжо тым больш мая асабістая, тут вельмі ўскосная: дзякуй аўтару – за памяць і за работу.

21030230.jpg

…А некалькі тыдняў перад тым зусім іншы зварот з’явіўся ў маім акаўнце ў сацыяльных сетках. Пісала жанчына, нядаўні дэпутат раённага Савета, з болем і крыўдай. Восьмага сакавіка памерла яе маці, якая ўсё жыццё працавала ў сельскай гаспадарцы, больш як сорак гадоў была загадчыцай фермы. Цяпер у той жа гаспадарцы, хай сабе і ўзбуйненай, працуюць яе сын і нявестка. І пры гэтым, са слоў маёй карэспандэнткі, ні маці, ні яе дзеці не заслужылі ні добрага апошняга развітальнага слоўца, ні  спачування ні ад кіраўніцтва гаспадаркі, ні ад прафсаюзаў. Паскупіліся на спачуванне ў газеце, ніхто не прыйшоў на пахаванне. Напэўна, сыну выплацяць дапамогу, прадугледжаную калектыўным дагаворам у такіх выпадках – і ўсё… Нібы і не было чалавека, не было яго шматгадовай самаадданай працы, не было шматлікіх узнагарод, артыкулаў у газеце, якія ветэран працы беражліва захоўвала да апошняга дня…

Я разумею, што час хуткаплынны, што людзі мяняюцца: учора працавалі адны, сёння прыйшлі іншыя. Асабліва імклівыя гэтыя змены сярод кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. І ці варта іх вінаваціць у тым, што, абцяжараныя дзясяткамі клопатаў, яны проста не паспяваюць схапіць усё і ведаць пра ўсіх?

 Але ж, акрамя кіраўнікоў, ёсць прафсаюзныя камітэты, якія абавязаны памятаць і ведаць такія рэчы, пярвічныя арганізацыі савета ветэранаў, урэшце, тыя калектывы, у якіх працавалі гэтыя людзі. Няўжо нельга падказаць кіраўніку, нагадаць, папрасіць за ветэрана? 

Памятаю, як Ядвіга Бранісла­ваўна Трышына некалі падняла ўвесь калгас, каб павіншаваць з юбілеем коліш­нюю перадавую даярку калгаса «Радзіма», якая на той час знаходзілася на ўтрыманні ў Міхалішкаўскай бальніцы. І  якое было шчасце для гэтай жанчыны ўсведамляць, што яе памятаюць, што ёй удзяч­ны і цяпер, хоць яна даўно не працуе… Кажуць, нішто не каштуе так танна і не цэніцца так дорага, як добрае слова – дык чаму ж мы так скупімся на яго?

Хоць, калі па праўдзе, то новапрызначаныя кіраўнікі часта паводзяць сябе так, нібы да іх тут «і сонца ранкам не ўставала», нібы гісторыя арганізацыі, гаспадаркі ці прадпрыемства пачалася з іх – і імі ж закончыцца. Бяда не ў тым, што яны нечага не ведаюць з гісторыі калектыву, які ім воляй лёсу давялося ўзначаліць, – горш, што і ведаць нічога не хочуць! Ім трэба араць, даіць, сеяць, трымаць справаздачу… А ветэраны? Яны ж сваё адпрацавалі… Пенсію ім дзяржава выплачвае своечасова, якія прэтэнзіі? Ці мала хто тут да мяне працаваў…

І калі трэба павіншаваць з юбілеем ці праводзіць у апошні шлях чалавека, які некалі аддаваў гэтай установе ці арганізацыі ўсе свае сілы, час, здароўе і зрабіў для яе станаўлення, магчыма, нашмат больш, чым зрабіў і яшчэ зробіць сённяшні кіраўнік, адмахваюцца: я яго не ведаў, гэта не мой клопат… Ну калі не ведаў – дык чаму б не скарыстаць момант, пакуль яшчэ ёсць такая магчымасць, не распытаць, не даведацца аб тым, як жылі, працавалі, за што змагаліся, чаго дабіваліся людзі, што былі да вас?

Сёлета мы будзем адзначаць 550-гадовы юбілей Астраўца. І я неаднойчы лаўлю сябе на думцы: вось цытату пра дзве меры мёду, што адпісаў Юрый Гаштольд астравецкаму касцёлу 550 гадоў таму, мы ўсе ведаем на памяць. А пра тое, што адбывалася тут, у нашым горадзе, у нашым раёне, 20, 30, 40 гадоў назад, не кажучы ўжо пра 60 ці 70, слухаем, як неверагодную казку, як фантастыку: няўжо так людзі жылі? Няўжо ў такіх умовах працавалі? Няўжо Астравец быў такім?
 
Так, і жылі, і працавалі, і стваралі дабрабыт, без якога немагчыма было б тое, чым мы сёння так ганарымся. Дык няўжо гэтыя людзі не заслужылі самую дробязь – памяць і пашану? Не тую, усеагульную, пра якую гавораць з трыбуны ў дзень святаў: «Нізкі вам паклон, ветэраны…», а канкрэтную, канкрэтнаму чалавеку, у яго дзень. Можна і без паклону, і нават без падарунка – але ад душы…

Нехта некалі сказаў, што маладосць – недахоп, які вельмі хутка праходзіць. І сённяшнія маладыя, амбіцыёзныя, перспектыўныя кіраўнікі – не паспеюць і азірнуц­ца! – стануць ветэранамі працы. І, перабіраючы доўгімі зімовымі вечарамі фотаздымкі, узгадваючы будні і святы, шукаючы на старонках раённай газеты артыкулы ці хоць бы кароткія паведамленні пра сваю родную арганізацыю, якой былі аддадзены гады і дзесяцігоддзі, яны гэтаксама, як і ўчарашнія, і сённяшнія ветэраны, будуць чакаць ад маладых, што змянілі іх, хоць слоўца ўвагі і павагі, віншаванне з днём нараджэння ці хоць бы юбілеем, паштоўку да свята…

Ці пачуюць, ці дачакаюцца? «Што назад кінеш – тое напера­дзе і знойдзеш», – казалі некалі старыя людзі...

Текст: Нина Рыбик
Комментарии
0
Гость
К сожалению это происходит в большинстве хозяйств района. Когда умер мой отец, который отдал хозяйству  больше 30 лет никто не то что не вспомнил, а и автобус (который выделяется  согласно колдоговора на время похоронной церемонии)  выделили только в одну сторону..................... к кладбищу. Обратно...... я так понял, что не положено. Жаль тех людей, которые думают, что жить будут ВЕЧНО и их это не коснётся. ЗАДУМАЙТЕСЬ об этом...
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений