Пра парушэнні, якія выявіла мабільная група ў гаспадарках раёна

13:26 / 27.03.2018

Створаная пры Астравецкім раённым выканаўчым камітэце мабільная група праверыла, ці прытрымліваюцца правілаў заканадаўства аб ахове працы ў КСУП “Гудагай”, “Варняны” і РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”.

IMG_3457.jpg

Па традыцыі, напярэдадні вясенне-палявых работ, а таксама падчас сяўбы і жніва правяраючыя наведваюць вытворчыя ўчасткі, рамонтныя майстэрні, каб не толькі праверыць выкананне правілаў бяспекі, але і аказаць метадычную дапамогу сельскагаспадарчым прадпрыемствам па стварэнні здаровых і бяспечных умоў працы.

IMG_3467.jpg

Галоўны інжынер па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Рэната Іванаўна Яфімава, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Аляксандравіч Адула і начальнік міжраённай інспекцыі працы Ірына Антонаўна Самайловіч наведалі рамонтна-механічныя майстэрні КСУП “Гудагай” у Малях і Палушах. Праз некалькі дзён камісія ў больш расшыраным складзе – з удзелам спецыялістаў раённага адзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, энерганагляду, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне наведала  КСУП “Варняны” і РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”.

–  Мабільная група праверыла пяць рамонтна-механічных майстэрняў, –  расказала Рэната Івананаўна. – Да пачатку пасяўной кампаніі ва ўсіх гаспадарках раёна мы плануем праверыць арганізацыю рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, умовы працы ў майстэрнях, зернескладах, гатоўнасць сталовых, стан вытворчага абсталявання, забеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы і іншае.

IMG_3485.jpg

Правяраліся таксама правядзенне перадрэйсавага кантролю механізатараў і вадзіцеляў перад выездам транспартных сродкаў. Да работы на машынах, механізмах і абсталяванні дапускаюцца толькі тыя работнікі, якія прайшлі ва ўстаноўленым парадку медыцынскі агляд, вытворчае навучанне, стажыроўку, інструктаж і праверку ведаў па пытаннях аховы працы – камісія высвятляла, ці робіцца гэта толькі “для галачкі” ці ўсё ж гэта звычайная практыка?

IMG_3499.jpg

Падчас маніторынгу былі выяўлены тыповыя парушэнні: у трактарах адсутнічалі аптэчкі, не вяліся журналы ўліку і агляду здымных грузазахопных прыстасаванняў, на зварачных трансфарматарах прымяняліся самаробныя трымальнікі электродаў, эксплуатаваліся няспраўныя і не адказваючыя  патрабаванням бяспекі машыны, абсталяванне, тэхаснастка, выяўлены недахопы ў навучанні, інструктаванні работнiкаў па пытаннях аховы працы і іншыя парушэннi.

IMG_3502.jpg

Па выніках маніторынгу кіраўнікам правераных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў выдадзена 3 рэкамендацыі па выпраўленні 137 парушэнняў, забаронена праца 33 адзінак станкоў, машын і іншага абсталявання, эксплуатацыя якіх ўяўляла пагрозу жыццю і здароўю работнікаў. Службовым асобам, якія неналежна выконвалі свае службовыя абавязкі ў галіне аховы працы прызначана пазачарговая праверка ведаў па ахове працы ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання.

У тэму

З 1 па 30 красавіка ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах вобласці пройдзе месячнік бяспечнай працы. 

Текст:
Фото: Алена Гануліч