О, спорт, – ты жыццё!

19:17 / 30.07.2010
3
У мінулую сераду ў Астраўцы адбылося адкрыццё міні-футбольнага поля са штучным пакрыццём. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прынялі старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Барысавіч Шапіра, старшыня Беларускай асацыяцыі федэрацыі футбола Беларусі Генадзь Мікалаевіч Нявыглас, старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.

Прыемна адзначыць, што “сезон адкрыццяў” спартыўных аб’етаў у нашым раёне працягваецца. І з раёна яны усё больш актыўна перабазіруюцца ў Астравец, дзе падобных устаноў да нядаўняга часу яўна бракавала. Услед за доўгачаканай спартыўнай залай у эксплуатацыю здадзена цудоўнае міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём.
Урачысты мітынг з гэтай радаснай нагоды пачаўся па традыцыі з Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і ўзняцця Дзяржаўнага сцяга краіны і сцяга Нацыянальнага Алімпійскага камітэта – гэтае ганаровае права было прадастаўлена капітанам лепшых каманд у леташнім раённым чэмпіянаце па міні-футболу: Аляксею Скурко, Алегу Тымулю, Сяргею Драздову, Аляксандру Буйко.
Для ўдзелу ў адкрыцці міні-футбольнага поля прыехаў адзін з асноўных “рухавікоў” гэтага праекта, старшыня Беларускай асацыяцыі федэрацыі футболу Беларусі Генадзій Мікалаевіч Нявыглас. Ён расказаў, што падобных палёў, якія ствараюцца ў Беларусі дзякуючы дабрачыннай праграме УЕФА, у нашай краіне пабудавана ўжо больш за 70. Адметнасцю гэтага года з’яўляецца тое, што з вялікіх гарадоў праграма будаўніцтва ўсё больш перабазіруецца ў невялікія гарадкі і райцэнтры. Астравец – адзін з такіх.
—Хочацца верыць, што, дзякуючы ў тым ліку і будаўніцтву такіх вось адпавядаючых еўрапейскаму ўзроўню футбольных палёў, спорт і, у прыватнасці, футбол у нашай краіне будзе актыўна развівацца, — сказаў на ўрачыстым мітынгу Генадзій Мікалаевіч. — І ўсё часцей Дзяржаўны сцяг Беларусі будзе ўздымацца ў гонар перамог нашых спартсменаў на міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку і футбольных. Гэтае поле прызначана для прафесійнай падрыхтоўкі перш за ўсё юных футбалістаў – хоць практыка паказвае, што ў вячэрні час пляцоўкі актыўна выкарыстоўваюць для сваіх трэніровак ветэраны і аматары футбола.
—Я спадзяюся, што гэтае поле — толькі “першая ластаўка”, якая прынясе ў Астравец вялікі футбол – асабліва з улікам тых перспектыў, якія чакаюць ваш гарадок,— сказаў Генадзій Мікалаевіч, уручаючы юным спартсменам падарункі — прафесійныя футбольныя мячы, якія з’яўляюцца блакітнай марай любога правінцыяльнага футбаліста, і камплект дзіцячай спартыўнай формы.
З падарункамі – спартыўнай формай і спортінвентаром — прыехалі на адкрыццё новай спартыўнай пляцоўкі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра і начальнік упраўлення па фізкультуры спорту і турызму аблвыканкама Віктар Уладзіміравіч Шніпко. А таксама – з цёплымі словамі.
—Я не так часта бываю ў Астраўцы, — сказаў у сваім вітальным слове Сямён Барысавіч, — але заўсёды прыязджаю ў ваш горад з вялікай радасцю. Таму, што вы зрабілі свой райцэнтр самым прыгожым горадам у вобласці, таму, што ў вас – самыя чыстыя вуліцы, самыя лепшыя сельскія населеныя пункты.
Канешне, чуць такія словы ад кіраўніка вобласці астраўчанам, якія шчыра любяць свой пахарашэўшы райцэнтр і ганарацца ім, было вельмі прыемна. Хочацца спадзявацца, што і міні-футбольнае поле ў нас таксама будзе самым лепшым — нягледзячы на тое, што падобнае ўжо было адкрыта ў Ашмянах, неўзабаве такія ж прымуць спартсменаў у Дзятлаве і Лідзе.
А старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, як заўсёды, не толькі павіншаваў спартсменаў з гэтай знакавай у іх жыцці падзеяй, але і прыадкрыў заслону над перспектывай — коратка, наколькі дазваляў фармат урачыстага мітынгу, расказаў, якая спартыўная будучыня чакае Астравец: ужо зроблена праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва новага сучаснага стадыёна з неабходным наборам усіх магчымых пляцовак і збудаванняў, пра які сённяшнія аматары спорту могуць толькі марыць. Плануецца яшчэ добраўпарадкаваць вадасховішча – і разам з зімовай хакейнай пляцоўкай і сучасным міні-футбольным полем гэта складзе ў мікрараёне Валадарскага, дзе жыве большая частка насельніцтва райцэнтра, цудоўны спартыўны комплекс.
…А затым настаў самы ўрачысты момант: Генадзь Мікалаевіч Нявыглас, Сямён Барысавіч Шапіра і Адам Дзмітрыевіч Кавалька перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку пры ўваходзе на поле. І зрабілі сімвалічны першы ўдар па мячы. Ды што там удар – перапасаваўшыся, забілі першы, хай сабе таксама сімвалічны, гол.
А потым яшчэ і паглядзелі нейкі час гульню футбольных каманд Міхалішкаўскага сельсавета і Астраўца – да першага забітага гола, ужо сапраўднага, заліковага.
Такім чынам, міні-футбольнае поле ў Астраўцы не проста адкрыта – яно з першых жа хвілін пачало дзейнічаць. Хочацца верыць, што аматары футболу адпачываць яму не дадуць – тым больш, што Г.М. Нявыглас папярэдзіў, што асаблівасць яго штучнага пакрыцця ў тым, што частая і працяглая эксплуатацыя ідзе яму толькі на карысць.
А там – чаго ў жыцці не бывае?! – магчыма, і астравецкая футбольная зборная стане задаваць тон на абласных ці нават рэспубліканскіх спаборніцтвах.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.