Мастацтва стужкавай вышыўкі захапіла астравецкіх пенсіянерак

10:49 / 16.03.2018
3689
Мастацтва стужкавай вышыўкі літаральна захапіла астравецкіх пенсіянерак. І выявіла таленавітых майстрых. 

У свой час  наведвальнікі раённай бібліятэкі мелі магчымасць палюбавацца арыгінальнымі  карцінамі Людмілы Андрэеўны Прата­ковіч, у якіх вышыўка спалучаецца з жывапісам; цудоўнымі, пяшчотнымі пано Ірыны Баляславаўны Шляхтун, адрозныя высокім густам у падборы колераў. Жадаючыя маглі нават прайсці ў іх майстар-клас.  

Рабочий стол Валентины Янчевской.jpg

творчая майстэрня 

А напрыканцы  мінулага го­да ўвагу прыхільнікаў і ама­тараў гэтага народнага мастацтва прывабіла выстава твораў яшчэ адной самадзейнай мастачкі-вышы­вальшчыцы – Валянціны  Рыго­раўны Янчэўскай. Зрэшты, гэта была ўжо другая па ліку дэманстрацыя  яе работ – спярша яны выстаўляліся ў Тэры­тарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Рэакцыя гле­дачоў была аднолькавая: захапленне! Сапраўды, «Умиляет взор вышитый узор» – такі дэвіз меў гэты своеасаблівы вернісаж.

Работы Валентины Янчевской.jpg

на выставе ў тэрытарыяльным цэнтры 

Валянціна Рыгораўна  вырасла ў па-сапраўднаму творчай сям’і. Яе бацька, Рыгор Францавіч Шыманскі, быў выдатным сталяром, рабіў вокны, дзве­ры, мэб­лю. За што  ні браўся, рэч атрымлівалася  прыгожай, зручнай, даўгавечнай. У камбінаце будматэрыялаў ён быў паважаным чалавекам. А маці – слынная на ўсю ваколіцу ткаля. Спрабавала і дачушку  да красён прывабіць, ды Валянціна не зацікавілася, толькі снаваць дапамагала. А вось шыць навучылася  з ахвотай: пасцельныя прыналежнасці, сукенкі сабе, дзецям навагоднія касцюмы. Аднойчы, каб дачка была на балі самай прыгожай казачнай Мальвінай, парэзала, не шкадуючы, сваю парчовую сукенку. 

– Вышываць ніколі не спрабавала, – сказала Валянціна Рыгораўна і вельмі мяне здзівіла: адкуль жа тады столькі работ на сценах  дома, ды яшчэ – на выставе  ў бібліятэцы?

– А гэта  з лёгкай рукі родзічкі, Ганны Францаўны Сінкевіч. Яна  хадзіла на майстар-клас да Людмілы Андрэеўны Пратаковіч –  і мяне ўгаварыла. Адшукала я старую рамку, кавалак даматканага палатна і пачала вучыцца. Людміла Андрэеўна паказала  асноўныя моманты, сцяжкі – і я пачала вышываць.  Напачатку не атрымліваліся ружы, дні чатыры трэніравалася, а потым справа пайшла. А яшчэ бэз шмат часу патрабуе. 

– Па першым часе я шмат ка­піравала, – працягвае дзя­ліцца сакрэтамі Валянціна Рыгораўна. – А цяпер стараюся кожны раз стварыць нешта новае. Бяру ўбачанае за аснову – і развіваю: падбіраю іншыя колеры стужак, мяняю элементы ўзору, спрабую будаваць сюжэты. Часам працую над некалькімі вышыўкамі адразу: да чаго сёння душа хінецца, тым і займаюся. 
А яшчэ Валянціна Рыгораўна вельмі лю­біць сустракаць гасцей. Стаяць ля пліты, гатаваць розную смакату, сервіраваць стол – адно задавальненне.  Творчы чалавек – творчы ва ўсім.

Текст: Таисия Семёнова
Фото: Т. Сямёнавай і з архіва В.Р. Янчэўскай.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений