На адной мове мараць мамы дзяцей з інваліднасцю
09:31 / 16.03.2018
– Сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа мы распрацавалі комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на аб’яднанне сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю, – расказвае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Аксана Свірская.
Часта ў такіх мамаў няма часу нават на тое, каб выйсці з дому, сустрэцца з сяброўкамі і проста пагаварыць пра свае праблемы. Спецыялісты Чырвонага Крыжа і аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў вырашылі ім дапамагчы. Спачатку апыталі матуляў, што іх цікавіць і чаму яны хацелі б навучыцца, – а потым ўзяліся за распрацоўку мерапрыемстваў.
Мамаў навучылі мылаварэнню. За такую цікавую справу ўзяліся кіраўнік гуртка тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна Ваховіч, спецыяліст Марына Гайдук і пяць матуль, якія прыйшлі на сустрэчу і майстар-клас.
– У сакавіку мы запросім матуляў на чарговы майстар-клас «Маленькія сакрэты вялікай прыгажосці», які правядуць цырульнікі, візажысты і майстры па манікюру. Спадзяюся, што такая сустрэча прыйдзецца даспадобы ўдзельнікам нашага праекта, – усміхаецца Аксана Свірская.
Рабочыя сустрэчы, акцыі, мерапрыемствы, святы і паездкі – усё гэта яшчэ наперадзе ва ўдзельнікаў праекта «Марым на адной мове», якіх аб’яднала любоў да дзяцей і ўзаемадапамога.