Дзень добры! Я АПэшка. Давайце знаёміцца

14:39 / 03.03.2018
5035
Што, маё імя вам ні пра што не гаворыць? Шкада… А я так спадзявалася, што ўсе, хто любіць «Астравецкую праўду», якую многія скарочана называюць «АП», адразу зразумеюць, што я – дачушка вашай любімай газеты. Такая вось маленькая, гуллівая, смешная, непасрэдная, жвавая АПэшка!

Мяне прыдумалі журналісты «АП» – гэта ім усё няймецца, і яны шукаюць сабе прыгод, а каб весялей было іх расхлёбваць – вось, «нарадзілі» мяне! Кажуць, што самі не паспяваюць усюды пабываць і ўсё заўважыць, таму вырашылі мяне адправіць у вандроўку па горадзе і раёне, каб я ім – і вам, нашы чытачы, пра ўсё расказвала: дзе была, што бачыла, аб чым падумала, чаму парадавалася ці засмуцілася. А мне што – мне абы пабегаць-пагуляць! Ну і падмеціць нешта цікавае, карыснае ці не вельмі – трэба ж развівацца! 

2.jpg

Так што, калі хто захоча запрасіць мяне ў госці, каб нешта цікавае расказаць ці паказаць, калі ласка! Я – з радасцю!

Як я хацела з горкі пакатацца...

Нарадзілі мяне журналісты напрыканцы зімы, і я, пакуль снег не растаў, адразу кінулася на горку. Кажуць, гэта так прыкольна: скаціцца зверху ўніз на санках ці на цюбінгу, ці прос­та на напханым сенам цэлафанавым пакеце! 

Ну, санкі мне бацькі-журналісты недзе прыдбалі – і выпхнулі з рэ­дакцыі, каб не перашкаджала. У дарослых вечна так! Народзяць дзяцей – а потым ім часу няма намі займацца. Добра, сама сабой займуся… 

Так, дык на якую ж горку мне падацца? Чула, што Лыска – самая крутая ва ўсіх сэнсах горка, мае журналісты незнарок прагаварыліся, што самі неяк на ёй моц «пятай кропкі» правяралі. Але мяне адну туды не пусцілі: малая, кажуць, яшчэ, каб адной на Лыску хадзіць, – а ў іх, вядома ж, няма часу са мной з горкі пакатацца!

Кажуць, у першым мікрараёне цудоўная горка ёсць – але ж далекавата…

А вось малыя ідуць з пластмасавымі цюбінгамі… Куды? Трэба праверыць! 

Малышня тым часам, падскокваючы ад радасці, кіруецца ў лесапаркавую зону – да помніка. Глядзі ты: паўзуць, як жукі, на самы верх кургана! А затым з разгону, з радасным смехам і воклічамі – уніз! А каторыя дык і з бацькамі тут, і тыя таксама радуюцца, як дзеці: дапамагаюць малым санкі наверх цягнуць, разам з імі ўніз коцяцца…

viber image .jpg



…А я села на свае саначкі – і нешта расхацелася мне на горку, да дзяцей, у іх радасць і весялосць… Не, горка, канешне, класная! Але ж з’язджаць, я паглядзела, трэба ад самых ног тых салдатаў,  якія – помнік… І неяк казалі мне мае бацькі-журналісты, што помнік гэты пастаўлены загінуўшым воінам. І што ён – адзіны такі ў Астраўцы. Мо, той салдат, што  помнік, які-небудзь мой прапра-прадзед? Ён, канешне, загінуў за тое, каб маё дзяцінства было вясёлым і бесклапотным і каб я магла радасна катацца з горкі. Але ж гэта яго подзвіг! А мой маленечкі, дзіцячы подзвіг – помніць пра тое, што ён зрабіў. Я, АПэшка – дзяўчынка выхаваная: лічу, што непрыстойна смяяцца і весяліцца, ператвараць у горку гэты вось курган ля помніка. Няўжо я не знайду сабе іншай горкі, каб на санках пакатацца?

Ды лёгка! Вунь у тым жа лесапарку, крыху далей, таксама ёсць земляны курган – і без помніка. І можна катацца і смяяцца, колькі ўлезе! І сумленне мучыць не будзе, што нейкага харошага чалавека памяць зняважыла, чыйсьці вечны спачын парушыла.

А на наступную зіму, як падрасту, мяне, можа, нават на Лыску пусцяць! Ці дарослыя дзядзькі, што ходзяць у куртках з літарамі ЖКГ, зробяць для дзяцей вялікую і бяспечную горку ў тым жа лесапарку – гэта ж нават прасцей, чым каток заліць! Вось тады ўжо я накатаюся на санках! І абавязкова вам пра гэта раскажу…
А пакуль што – пакуль! Да сустрэчы!


Ваша АПэшка. 


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений