Чаму ў Астраўцы больш не калядуюць

09:00 / 24.01.2018
1697
У той зусім не па-зімоваму цёмны і бясснежны вечар Старога Новага году  іх было шмат, гэтых вясёлых і шумных дзіцячых «кампашак», якія кожныя пяць хвілін званілі або грукалі кулачкамі ў дзверы.  Крыху пазней да іх далучыліся старэйшыя: пераапрануўшыся ў касцюмы казы, ваўка, бусла ці дзеда, з самаробнымі зоркамі ў руках, моладзь спявала песні, расказвала вершы і байкі. І чакала ад гаспадароў падзякі. І так гэта было цёпла, душэўна і святочна. А яшчэ – дзіўна… Не ад таго, што такая традыцыя на Брэстчыне захавалася і нават набыла другое дыханне. Трэба было бачыць, з якім задавальненнем і стараннем пляменнікі з сябрам-суседам рыхтавалі касцюмы, вучылі калядкі, выбіралі «спецыяльны» мех для прысмакаў, планавалі маршрут і абмяркоўвалі, як потым падзеляць накалядаванае. 

b68fbf0b64bffe90a4ef39c51a4a07e6.jpg


Не менш старанна і зарання планавалі гэты вечар дарослыя, вырашаючы, як і чым будуць частаваць і дзякаваць калядоўшчыкам. Хатнюю выпечку змаглі падрыхтаваць не ўсе, таму цукеркі і мандарыны ў перадсвяточныя дні ў магазінах былі самым запатрабаваным таварам. 

…У святочны падвячорак на стале сяброўкі з'явілася высокая гара прысмакаў. На мой здзіўлены позірк махнулі рукой: «Яшчэ і не хопіць!» 

І праўда – не хапіла: літаральна праз дзве гадзіны прыйшлося «частаваць» калядоўшчыкаў больш матэрыяльна  – грашыма. Трэба адзначыць, што так рабілі не толькі мы: ужо за некалькі дзён манет наміналам у адзін і два рублі ў мясцовых магазінах не было.

Стаўшы міжвольнай сведкай гэтага старажытнага народнага абраду, я пашкадавала, што ў Астраўцы даўно не ходзяць па Калядзе – ні дзеці, ні тым больш дарослыя. А шкада. Неяк непрыкметна з нашага жыцця прапала яшчэ адна – а іх цяпер так мала! – магчымасць сустрэцца не толькі з суседам праз плот, але і з тымі, хто жыве ў суседнім пад'ездзе, доме, на іншай вуліцы. Гэта было сапраўднае свята – калі Вася вітае незнаёмых Таню і Дзіму, сустрэўшыся па Калядзе каля варот Марыны. Калі жадаеш усім, да каго прыходзіш і хто завітвае на твой парог, дабрыні і святла…



У мінулым годзе, спадзеючыся пачуць «калядны» стук у дзверы, таксама прыкупіла кілаграмы з тры цукерак, некалькі пірагоў з макам. Прыйшлі. Двое. Хлопчык і дзяўчынка – мабыць, брат з сястрой. Ён вершык прыгожы расказаў, яна нават калядную песеньку саспявала. Пачаставала іх ад душы. Але свята ўсё роўна не атрымалася…

Канешне, дарослыя ўжо не тыя – сядзяць па хатах, сам-насам або з тэлевізарам, лянівыя сталі або знясіленыя работай і бытам. І між іншым пабуркваюць, што не тыя ўжо часы і гады... 

Але ж справа не ў гэтым! Справа – у людзях. А  людзі – гэта мы! І дзеці нашы гісторыі сваёй і традыцый не ведаюць, таму што мы іх не вучым – ні словам, ні прыкладам. Якая Каляда? Стары Новы год з шампанскім і ёлкай – гэта ў лепшым выпадку! 

…У кароткія хвіліны перадышкі паміж «Ці можна?..» – «Калядуй!» дарослыя сядзелі за кубкам гарбаты і з настальгіяй успаміналі часы, калі самі спявалі  песні і чыталі вершы «ўсім добрым людзям». Шчаслівая была пара!

І ніхто з нас не рашыўся вывернуць стары дзедаў кажух, пераапрануць сучасныя джынсы на доўгую квяцістую спадніцу бабулі – і дружнай кампаніяй заваліцца да суседзяў па пляцоўцы, а потым  шумнай гурбой «выкаціцца» з пад'езда – і наперад:

Добрыя людзі, будзьце ўсе рады, 
Хай не кране вас смутак і жаль. 
Сёння мы з вамі святкуем Каляды, 
Сёння над намі – блакітная даль.



Текст: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений