Успамінамі пра сваё жыццё дзеліцца астраўчанка Апалонія Лаўрэцкая

15:24 / 08.01.2018
4642
Апалоніі Станіславаўне Лаўрэц­кай ужо 84 га­ды. Лёс з дзяцінства выпра­боўваў яе на трываласць – і разам з гэтым вучыў жыць – сумленна, адкрыта, працавіта. Апалонія Станіславаўна нечым нагадвае галоўную гераіню казкі «Папялушка», дзе  была і мачаха, праўда, не такая злая, і прынц – хоць і знайшоў ён сваю каханую не на балі. 
Яе жыццё можна ўмоўна падзя­ліць на дзве часткі: да замужжа і пасля яго. 

Nff1IS13UgY.jpg

Станіслаў і Станіслава

Апалонія, Пелагея, Паліна – ажно тры імені мае наша гераіня. І ўсе яны афіцыяльна праходзілі ў розных дакументах. Баба Пэля – так называюць яе родныя і знаёмыя – на пытанне, якое імя сапраўднае, адказвае: «Мабыць, Апалонія – так у пашпарце. Хаця ў працоўнай кніжцы я Пелагея».

IMG_5061.jpg

– Бацька мой, Станіслаў Анд­ралойць, яшчэ ў хлапцах, тры гады пражыў у Амерыцы – на заробкі туды падаўся. Калі прыехаў да бацькоў, у Кавалі, дык маці сваёй хустку прыгожую прывёз, сукенку, тканіну, туфлі – усяго чыста навёз. А яна ўзяла ды памерла – вось табе і нарадавалася падарункам! Бацька хацеў назад вярнуцца ў ЗША, але ж мой дзед заўпарціўся – не хацеў пускаць. І яшчэ адна ўмова была – туды ён мог выехаць толькі з жонкай. А якая ж дзяўчына пагодзіцца невядома куды ехаць? Так і застаўся мой тата дома. 

Станіслаў ажаніўся са сваёй цёзкай – Станіславай. У іх нарадзілася пяцёра дзяцей – усе дзяўчаты: Апалонія, Саламея, Ядвіга, Бажэна і Станіслава.

Жонка памерла ў родах, калі нараджала пятую дачку – яе назвалі, як і маці, –  Станіславай. 
– Стася (сястра Апалоніі Стані­славаўны – Заўв. аўт.) таксама хутка памерла. Пасля смерці мамы яе забрала маміна сястра, яна недзе каля Вільні жыла, – дзеліцца баба Пэля дзіцячымі ўспамінамі. – Як Стасю забірала, шмат адрэзаў тканіны ў нас узяла – казала, што малой што-кольвечы пашые і нам сукенкі справіць. Падманула... А потым мы даведаліся, што нашай сястрычкі не стала.

Маленькая гаспадыня

Старэйшай Апалоніі прыйшлося стаць гаспадыняй: на плечы васьмігадовага дзіцяці ляглі ўсе хатнія клопаты, гаспадарка, догляд за меншымі сёстрамі.

– Я малая была, нават да печы не даставала, – расказвае Апалонія Станіславаўна. – Дык мне дзядуля зэдлік невялічкі змайстраваў – каб зручней у печ было чыгункі ставіць ды даставаць. Во як упраўлялася, мая ты лялька! 

– Мама ў нас камандзір па жыцці, – уключаецца ў размову дачка Апалоніі Станіславаўны  Марыя. – У яе з дзяцінства выпрацавалася звычка кіраваць усімі. Калі яна прыбірала ў хаце, усе на вуліцы чакалі – надта ж не любіла, каб у яе пад нагамі круціліся. Рабіла ўсё спраўна, хутка і вельмі акуратна, і да сваёй працы патрабавала ад хатніх павагі.

– Помню, як да нас прыходзілі з усёй вёскі паслухаць, што ў газеце пішуць – бацька ім чытаў. Ён грамату ведаў, а вось я не ў яго пайшла – чытаю толькі па складах, – дзеліцца Апалонія Станіславаўна.

– Ужо і нажылася – я ж самая старэйшая. Ногі баляць і сярэдзіна – хай бы ж Бог забраў да сябе, – скардзіцца бабуля на ўзрост і здароўе. – Але не бярэ, мусіць, і яму такія непісьменныя, як я, не вельмі патрэбны. (Усміхаецца)

Чытае бабуля Пэля па складах не таму, што навука ёй у дзяцінстве не давалася, – часу на вучобу не было. 
Пасля смерці жонкі бацька Апалоніі ажаніўся ў другі раз – узяў дзяўчыну на 20 гадоў мала­дзейшую за сябе (яму тады сорак было). Вяселле прыпала якраз на час вайны.

– Мачаха была з Палушаў – там і вяселле ладзілі, – дзеліцца ўспамінамі бабуля Пэля. – Помню, мы толькі вярнуліся з касцёла, дзе бацька з мачахай шлюб бралі, – і вайна пачалася. Усе па хатах паразляталіся – страшна было! І надта ж мы баяліся, каб бацьку на вайну не забралі! Яго некуды выклікалі, але потым ён вярнуўся. 

– Немцаў я не бачыла, – успамінае Апалонія, – а партызаны хадзілі. І жудасна было, калі Астравец гарэў: мы ў Кавалях добра бачылі пажар.
З другой жонкай у Станіслава Андралойця нарадзілася яшчэ чацвёра дзяцей – два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Прыглядваць за імі зноў даручылі старэйшай Пэлі. 
– Я ледзьве тры класы закончыла, – расказвае бабуля. – Якая школа?! Дзеці, каровы, свінні! На выхадныя бацька з мачахай ездзілі ў госці да яе родзічаў, а я заставалася пры дзецях і на гаспадарцы. А мне так хацелася пагуляць! Як стала дзяўчынай, усё рвалася на танцы злётаць – хоць паглядзець. Чытаць дрэнна ўмею і пісаць, а лічу добра – грошы ж трэба лічыць!

IMG_5036.jpg

Апалонія Станіславаўна з сяброўкай

– А ведаеш, лялька мая, дзе школа была ў Астраўцы? – з хітрынкай у вачах пытаецца Апалонія Станіславаўна. І працягвае. – Там, дзе першы дзіцячы сад быў, каля касцёла (цяпер гэта будынак філіяла Ашмянскай аўташколы – Заўв. аўт.). А мае дзеці вучыліся ў другіх будынках – школа пераехала ў цяперашні Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, а потым пабудавалі двухпавярховік у парку (цяпер гэта крыло пачатковых класаў СШ №2 – Заўв. аўт.). 

Бацька Апалоніі Станіславаўны быў паважаным чалавекам у вёсцы.  
– Ганучнікам ён быў. Тата меў каня і цялегу. Ён ад нарыхтоўчай канторы ездзіў па вёсках і збіраў латы – таму і звалі яго ганучнікам. А ўзамен людзі маглі атрымаць хустку ці яшчэ штось з адзення.

Працоўная  сцежка

У 15 гадоў Апалонія пайшла працаваць на пякарню – замешвала цеста. Як прыйшла дзяўчына сюды, ды так і засталася тут на ўсё жыццё.
– Працаваць было цяжка: мяхі з мукой цягала, у вялізныя ча­ны засыпала. Добра, калі мужчыны дапамогуць ворак дацягнуць і высыпаць, а як не было каму падсабіць, дык я ў начоўку насыпала муку, а потым у чан сыпала… Цеста сама не мяшала – электрычнасць дапамагала, – успамінае баба Пэля. – Пяклі хлеб, батоны, булкі, абаранкі.

Дарэчы хлебапякарня тады месцілася ў двух будынках: цяпер гэта магазін «Ліра» і прыватны дом насупраць яго па вуліцы Ленінскай. А ўжо пазней яна пераехала ў будынак сучаснай «Кулінарыі». Працавалі ў тры змены: з васьмі раніцы да чатырох дня – першая, з чатырох да дванаццаці ночы – другая, а трэцяя – з ночы і да васьмі гадзін раніцы.

IMG_5020.jpg

Апалонія (другая злева) з калегамі

Калі Пэля пайшла працаваць, бацька справіў дачцэ боты. Але ж была ў гэтым падарунку балючая недарэчнасць: абутак быў на адну нагу.

– І насіла, мая ты лялька, я гэтыя боты. Ногі аж смылелі – паспрабуй у такіх пахадзіць! Але ж іншых не было – і босай таксама не пойдзеш! – дзеліцца Апалонія Станіславаўна. – Ды і ўвогуле – ні абутку, ні адзення ў мяне шмат не было. Адкуль? Столькі дзяцей! Помню, на танцы хочацца схадзіць, а апрануць няма чаго. Быў у мяне сарафан – спадніца на шлейках, – а блюзкі няма пададзець. Дык я дастала сукенку маці-нябожчыцы, падабрала яе да пояса – і сарафан наверх, атрымалася нібы ў мяне кофтачка пад спадніцай. Во як у дзеўках хадзіла! А цяпер маладыя немаведама чаго хочуць – распуста!

За мужам

Калі Пэлі было 24 гады, да яе пасватаўся прыгожы і статны Віктар з Маляў. 

– От, не надта я хацела замуж выходзіць, – па­смей­ваецца  бабуля. – Але ж пайшла! Віць­ка мяне на танцах прыгледзеў – мальскія хлапцы тады да нас, у Кавалі, прыходзілі. Вяселле нам ладнае бацькі зрабілі. Гулялі два дні: першы – у маёй хаце ў Кавалях, а другі – у свякровай. Сталі жыць у яго бацькоў у Малях. Нарадзілася двое дзетак: сын Віця і дачка Марыся.

IMG_5023.jpg

Апалонія з мужам жылі душа ў душу. Нарэшце Пэля адчула сябе шчаслівай – за мужам яна жыла, як за каменнай сцяной: ёй апекаваліся, яе шкадавалі і нават крыху песцілі. 
– Мужык мой перш працаваў на малаказаводзе наладчыкам, а потым перайшоў у пажарную часць – вадзіцелем быў на пажарнай машыне, – расказвае бабуля Пэля і паказвае  фотаздымкі. 

Віктар, гаспадарлівы і працавіты, быў адзіным сынам у бацькоў, і Апалонія, якая не прывыкла чакаць з мора пагоды, пабудавалі з дапамогай свёкраў хату ў Астраўцы. 

– Калі мы пераехалі ў сваю хату, – расказвае баба Пэля, – хлапцу было 2 гадкі, а дзяўчыне – усяго 2 месяцы. Я неўзабаве выйшла на работу. Перш свякрова са свёкрам з дзецьмі дапамагалі, а потым яны пераехалі жыць у Вільню: уладкаваліся працаваць дворнікамі – і ім далі кватэру, потым на заводзе працавалі. Мы ўзялі да сябе кватарантку – працавалі з ёй на пякарні разам. У яе таксама былі дзеці, дык глядзелі ўсіх разам па чарзе: мы хадзілі ў розныя змены. Так і гадавалі малых.

IMG_5042.jpg



Дапамагалі з дзецьмі і свякры. На канікулы Віця і Марыся ездзілі да бабулі з дзядулем у Вільнюс – старыя  любілі ўнукаў, песцілі іх: заўсёды дзяцей чакалі прысмакі, ім куплялі прыгожае адзенне, цацкі…

– Прыедзем да бабы з дзедам, – успамінае Марыя, – для нас ужо прадумана культурная праграма: музеі, планетарый, каруселі, атракцыёны… І абавязковыя перапынкі «на  перакус»: ішлі ў сталовую і заказвалі ўсё, што хацелася. Дзяцінства ў нас з братам было добрае. У нас было ўсё: бабуля з дзядулем то паліто справяць, то касцюм ці сукенку, пра цацкі і гаварыць няма чаго – усялякіх было; Віцю трэба мапедзік, Марысі – роварчык… У дзеўках мама нацярпелася нястачы, – дадае Марыя, – дык за татам хоць пажыла.
Але ж дзіцячая беражлівасць засталася ў бабы Пэлі на ўсё жыццё – як, мабыць, у многіх людзей таго часу: хустку, спадніцу, лекі і нават што смачнейшае з ежы трэба пакінуць «на потым». Такі «рэжым эканоміі» – выпрацаваная, загартаваная колішняй нястачай норма жыцця.

IMG_5045.jpg

З мужам, дзецьмі і свёкрамі

Сучаснасць

Нядаўна Апалонія Станісла­ваўна пераехала жыць да дачкі. Калі муж яе ў 67 гадоў адышоў у лепшы свет, баба Пэля яшчэ доўгі час жыла адна, у сваёй хатцы. Аднак гады ўжо не дазваляюць упраўляцца адной: баляць ногі, спіна, на вуліцу радзей стала выходзіць, а яе жыццёвы прынцып «хутка зрабіць – і не адкладваць на потым» стаў даваць збоі: гэта раздражняе бабулю больш за ўсё... Але Апалонія Станіславаўна ўскладае вялікія надзеі на дактароў – не можа ж быць, каб яны, такія вучоныя, не дапамаглі ёй зноў стаць такой жа баявой і бадзёрай, як некалі! Аднак, на жаль, ад старасці лекаў пакуль не вынайшлі – баба Пэля гэта спісвае на «няправільны дыягназ і абы-якое даследванне на незразумелых апаратах».

– Паклалі мяне ў латах, сфата­графавалі незразумела як – і ка­жуць, што ўсё нармальна для майго ўзросту, – каменціруе яна МРТ-даследванне. – Што праз латы яны маглі ўбачыць? Хоць пашчупалі б, паглядзелі б, як след?!

Дай Бог вам, бабуля Пэля, такога аптымізму, бадзёрасці і здароўя, як вы маеце, яшчэ на шмат гадоў!  


Фота з архіва гераіні.

Текст: Рита Дремо
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений