Яго рукі - не для суму! Гісторыя Леанарда Баршчэўскага

10:20 / 08.01.2018
Леанард  Мечыслававіч Бар­шчэўскі ніколі не забудзе 13 жніўня 1997 года, калі страшэнная аварыя падзяліла яго жыццё на  «да» і «пасля»: патухла святло ў вачах, а ўсё цела  стала  камяком невыноснага болю. Раздроблены абедзве нагі, амаль адарвана перадплечча. І пытанне рубам: 38 гадоў – канчатковы рубеж? Любімая  шафёрская праца, мары, захапленні – у мінулым? А што будзе з каханай жонкай, дзецьмі-падлеткамі – сынам і дачушкай? Яго інваліднасць непамерным цяжарам ляжа на іх плечы…

Ды не! Бог не дапусціў. Хірургі абласной бальніцы ўратавалі ад ампутацыі: літаральна сабралі па костачках ногі,  у руку ўставілі металічную канструкцыю. Малады арганізм уступіў у барацьбу і – перамог. Леанард Мечыслававіч пакрысе набіраўся сіл, выконваў пасільную работу. Нават да вадзіцельскай справы  вярнуўся – сеў за руль уласнага аўтамабіля, прыстасаванага для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

DSCF9996[1].jpg

А яшчэ прыдавалі сіл  вера ў Бога і цяга да творчасці. Па волі Усявышняга яны дзіўным чынам перапляліся. Падраслі дзеці, Саша і Алена, – і палюбілі бываць у касцёле Наведвання Божай Маці ў мястэчку Гудагай.   Тут у перададзеных для патрэб  вернікаў будынках колішняй школы ўтварыўся невялікі кляштар, пасяліліся манахіні і пачалі займацца з дзецьмі, далучаць іх да Бога. Алена з дзяцінства марыла  стаць арганісткай  – і тут мара пачала ажыццяўляцца. Потым была вучоба ў Любліне і рашэнне прысвяціць жыццё Богу. Дзяўчына стала манахіняй і засталася ў Польшчы. 

Падлеткі і моладзь ахвотна дапамагалі ксяндзу і манахіням у храме і кляштары, наводзілі парадак у двары, абуладкоўвалі спартыўную пляцоўку. Знайшлася справа і для Леанарда Мечы­слававіча – касілку адрамантаваць, альтанку збудаваць. Атрымалася яна прыгожай і ўтульнай. Следам на тэрыторыі  з’явіліся  іншыя так званыя малыя  архітэктурныя формы – фігуркі жывёл, бусел у гняздзе. 

PA190847.jpg

– Аднойчы манахіні прывезлі з Польшчы дзве  сплеценыя з бярозавых галінак фігуркі казулі, –  успамінае Леанард Мечыслававіч. – Вельмі яны мне спадабаліся. Уважліва іх агледзеў – і вырашыў зрабіць такія ж. Атрымалася! Многа іх  з таго часу зрабіў. Дарыў знаёмым, дзве ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва перадаў. 

– Напэўна, іх трэба трымаць толькі ў памяшканні, каб галінкі не рассохлліся і пакрышыліся?
– Не, чаму ж? Можна і двор такімі «скульптурамі» ўпрыгожыць, толь­кі апрацаваць спецыяльнымі сродкамі, якія засцерагаюць ад непагадзі. 

DSCF9998[1].jpg



– А фігуркі буслоў з чаго зроб­леныя?
– З сілікатных блокаў. Нажоўкай, сякерай пашчырую і – гатовы бу­слік. За паўгадзіны магу тры штукі зрабіць –  матэрыял лёгка пад­даецца фармоўцы. Потым – апрацоўка клеем для керамічнай пліткі, акрылавай фарбай «Снеж­ка» – і птушка стаіць нібы жывая. Неяк стварыў кампазіцыю: буслі­нае гняздо ў вазку. Дык жывы бусел падлятаў «знаёміцца»: курлыкаў, клікаў «бусліху» на бяседу. Суседзі спраўлялі вяселле, я на браму пару лебедзяў  выразаў. Як належыць: жаніх у чорным «касцюме» з гальштукам-«матыльком», нявеста – у белай сукні. А яшчэ мае работы стаялі на  колішняй тэрыторыі Гудагайскага сельсавета, многа іх і ў тэрытарыяльным цэнтры.

Ва ўмелых руках Леанарда Мечыслававіча ператвараюцца ў цуд старыя карчы, карэнні, зношаныя аўтамабільныя пакрышкі, пенапласт, гіпс: да прыкладу, з кавалка кары атрымалася фігура  святога Георгія, які кап’ём паражае змея.   Майстру прыемна, калі людзі не проста хваляць яго работы, а цікавяцца працэсам. Жадаючым навучыцца  ствараць такую ж прыгажосць Баршчэўскі з ахвотай даваў майстар-клас у тэрытарыяльным цэнтры.

– Творчасць –  не проста хобі,  гэта – маё жыццё, – гаворыць Леанард  Мечыслававіч. – Паўнацэннае, раз­на­стайнае, не сумнае. Яна дапамагае ў стасунках з людзьмі. А галоўнае – мяне падтрымлівае ў любімай справе сям’я: жонка Тарэса Францаўна, дзеці.  Сын з нявесткай падарылі нам чатырох унукаў. Ёсць для каго ствараць хараство, дзяліцца ўсім, што ўмею. Спа­дзяюся, унукам будзе цікава.



Фота  аўтара і з архіва  
Л.М. Баршчэўскага.


Текст: